Многія беларусы летам хочуць з’ездзіць адпачыць або ў госці да родных і сяброў у ЕС. Dzik разам са спецыялістам па рэлакацыі Настай Лысакоўскай распавядае, якія варыянты выехаць у Еўрасаюз засталіся ў беларусаў і якія шанцы атрымаць шматразовы шэнген самастойна.
Італія
Пакуль гэта лепшы варыянт. Паводле статыстыкі, Італія цяпер у лідарах выдадзеных доўгатэрміновых турыстычных і гасцявых віз, пры гэтым адмоваў усяго каля 1,5%.
Прычым Італія дае добрыя тэрміны турыстычных віз нават у чысты пашпарт. А калі вы наведвалі раней Італію і можаце гэта пацвердзіць (чэкі, транзакцыі, броні), шанцы на атрыманне візы на два гады і больш моцна павялічваюцца.
Падацца можна праз пасольства/візавы цэнтр Італіі ў Мінску. Візавы цэнтр выкідвае свабодныя даты па будных днях, а вось пасольства апошнія некалькі месяцаў дат на турызм не дае. Але маніторыць дакладна варта: магчыма, нешта зменіцца з пачаткам сезона.
Калі ў вас ёсць блізкі сваяк з ВНЖ/ПМЖ/грамадзянствам ці ж дзелавы партнёр у Італіі, можна атрымаць гасцявую візу па запрашэнні. Для гэтага трэба будзе атрымаць запрашэнне для сябе (і кожнага члена сям’і, калі гэта неабходна), а затым напісаць на электронную пошту амбасады ambasciata.minsk@esteri.it з просьбай прадаставіць дату для падачы дакументаў для адкрыцця гасцявой візы.
Тут спіс дакументаў і бланкі для падачы. Тэрміны разгляду дакументаў: 7-10 дзён.
Германія
Па папулярнасці не саступае Італіі, але больш шчодрая на выдачу гасцявых, а не турыстычных віз (прычым, часам нават на 5 гадоў — па запрашэнні ад сваякоў або сяброў/знаёмых). Тэрміны выдадзеных турыстычных віз куды сціплей: трэба моцна пастарацца, каб атрымаць не аднаразовую.
На жаль, у абодвух выпадках прыйдзецца доўга чакаць — вы толькі запаўняеце форму і адпраўляеце запыт на сайце, а дату ўжо прызначыць консульства рандомна з чэрвеня па снежань. На прыкладзе: калі вы запісаліся на падачу ў лютым 2023 года, дата падачы будзе не раней за чэрвень 2023. Самім выбраць нават прыкладную дату падачы не атрымаецца, таму проста назапасьцеся цярпеннем.
Таксама ўлічвайце, што немцы любяць усе дакументы ў папяровым варыянце з перакладам на ангельскую ці нямецкую.
Акрамя таго, будзьце гатовыя да невялікага сумоўя — як у візавым цэнтры, так і пасля па тэлефоне. Напрыклад, у многіх пытаюцца, якія візы былі да гэтага і як іх выкарыстоўвалі. Прадумайце загадзя пра гэта, калі не хочаце атрымаць адмову.
Пасольства Германіі ў Мінску таксама прадстаўляе Аўстрыю, Нідэрланды, Бельгію, Славенію, Люксембург. Дакументы для адкрыцця віз у гэтыя краіны можна падаць аналагічным спосабам на сайце пасольства.
Спіс дакументаў для турыстычнай візы можна знайсці тут, для гасцявой — тут. Тэрмін разгляду ў сярэднім да 14 дзён.
Іспанія
А цяпер пераходзім да больш складаных варыянтаў. Для атрымання іспанскага шэнгена прыйдзецца падаваць дакументы асабіста ў Маскве. Існуюць кампаніі, якія аказваюць паслугі трансферу ў расійскі візавы цэнтр. Неабходна толькі паклапаціцца, каб вы змаглі вярнуцца назад без пашпарта. Сам пашпарт вернецца да вас з дапамогай кур’ерскай дастаўкі.
Даты выкідваюць рандомна на сайце візавага цэнтра Іспаніі, таму прыйдзецца яго маніторыць. Сам сайт часта глючыць з-за павелічэння попыту ў адпускной сезон. Тэрміны віз не самыя радасныя: у сярэднім выходзіць 30 дзён, а гісторыі пра паўгода ў чысты пашпарт — практычна міф.
Уважліва запаўняйце асабістыя даныя, так як любая памылка ў талоне прывядзе да даплаты ў візавым цэнтры. Таксама важна памятаць, што Іспанія павысіла патрабаванні па мінімальнай суме на кожны дзень знаходжання — гэта 108 еўра на чалавека (але мінімум 972 еўра). Сама выпіска абавязкова павінна быць з адлюстраваннем руху сродкаў, даведкі аб астатку на рахунку будзе не дастаткова.
Поўны спіс дакументаў для падачы вы можаце знайсці тут. Тэрмін разгляду дакументаў 7-14 дзён.
Венгрыя
Краіна славіцца сваімі шматразовымі турыстычнымі візамі, але пад туры, а не пад самастойныя падарожжа. Выбарачна могуць даць візы на 1-2 гады пад аўтобусны тур. Для падачы вы можаце звярнуцца ў адну з акрэдытаваных турфірм, але з’ездзіць у тур вам усё роўна прыйдзецца, купіць яго фармальна не выйдзе.
Пры гэтым даступная магчымасць падавацца і самастойна, але неабходна пацверджанне аплачанага гатэля ў Венгрыі. Што тычыцца часу дзеяння віз у выпадку індывідуальнай падачы, то статыстыкі проста няма — да траўня венгры давалі ўсяго 5-6 дат у месяц, так што рабіць высновы пакуль складана.
Праблем з датамі няма — іх выкідваюць у рандомны час на бліжэйшыя дні, з набліжэннем летняга сезону лавіць іх стала нашмат прасцей (гэта можна зрабіць тут).
Дакументы для падачы глядзіце тут. Тэрміны разгляду дакументаў: 14 дзён, але можа быць трохі больш.
Таксама Венгрыя прымае дакументы для адкрыцця віз у Швейцарыю.
Харватыя
Новы член Еўрасаюза паказаў, што спадзявацца на іх шчодрасць не варта. Ды што там шчодрасць, хоць бы свой пашпарт назад дачакацца: тыя, хто падаваўся ў ліку першых у студзені, атрымалі свае пашпарты ў сакавіку з візамі пад паездку. Але дачакаліся гэтага шчаслівага моманту не ўсе — некаторыя пайшлі рабіць новыя ў пашпартны стол.
Рэкамендаваць для падачы на турыстычную візу Харватыю не станем, але, калі вы хочаце атрымаць вострыя адчуванні — запісацца на падачу можна тут.
І для самых рашучых — спіс дакументаў. Тэрмін разгляду: ад нуля да бясконцасці.
Грэцыя
На фоне Харватыі Грэцыя выглядае вельмі файным варыянтам для адкрыцця хуткай візы. Але не шчодрая на доўгатэрміновыя візы. 85% — аднаразовыя візы пад паездку, але ў бягучай сітуацыі гэта ўжо добры вынік.
Падаць дакументы можна ў Мінску, Віцебску і Брэсце. Для запісу трэба зарэгістравацца на сайце візавага цэнтра Грэцыі. Запіс ужо вядзецца на чэрвень.
Што да спісу дакументаў для падачы, то Грэцыя патрабуе аплачаных броні квіткоў, але пры наяўнасці аўтамабіля іх можна замяніць маршрутным лістом.
Тэрмін разгляду: да 21 дня, могуць разглядаць хутчэй.
А ёсць яшчэ працоўныя варыянты?
Можна разгледзець такія варыянты адкрыцця шэнгена, як Данія (падача ў візавым цэнтры VFS у Мінску), Швейцарыя (візавы цэнтр TLS contact у Маскве) і Швецыя (візавы цэнтр VFS у Маскве), але статыстыка кароткатэрміновых віз і адмоваў па турыстычных візах там досыць высокая. І трэба памятаць, што Данія і Швейцарыя спаганяюць не 35, а 80 еўра консульскага збору, бо не падпісалі пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю.
Падавацца на турыстычныя візы праз Швецыю / Швейцарыю ў Маскве можна нават без асабістай прысутнасці, але толькі калі за апошнія пяць гадоў вы здавалі свае адбіткі пальцаў на візу.
Пры падачы на турыстычны шэнген праз Швейцарыю трэба аплаціць пражыванне. Швецыя таксама будзе лаяльней ў выпадку ўжо аплачаных білетаў і пражывання. Акрамя таго, Швецыя выдае гасцявую візу ў выпадку запрашэння ад сваякоў ці знаёмых.
Па гасцявыя візы таксама можна звяртацца ў такія краіны, як Славакія і Партугалія (разглядае славацкае пасольства ў Мінску).
Яшчэ адзін варыянт для тых, хто нарадзіўся пад шчаслівай зоркай, — шэнген Францыі праз амбасаду ў Мінску. Запісацца на падачу ў амбасаду простаму смяротнаму амаль нерэальна, але праз аўтобусныя туры на лета або гасцявыя запрашэнні ад сяброў/сваякоў зрабіць гэта крыху прасцей. Затое калі вы цудам атрымалі французскую візу, тэрмін дзеяння ў яе, хутчэй за ўсё, будзе вялікі. Дакументы для падачы можна знайсці тут.