Чалавеку ўласціва перабольшваць. Гучныя словы заўсёды прыцягваюць больш увагі, чым проста прысутнасць, якая сама па сабе павінна б быць дастатковым фактам. Увага патрэбная ўсім: мы па сваёй прыродзе эгаістычныя і не распешчаныя любоўю, а таму патрабуем яе пастаянна, часам — у самых перакручаных формах. Асабліва калі гэтая любоў заканчваецца.
Доўгія гады грамадзянская супольнасць «цывілізаванага свету», пасмейваючыся, называла Лукашэнку «апошнім дыктатарам Еўропы», ператвараючы страшнае слова ў будзённасць. І цяпер, калі дыктатура разгарнулася ва ўсёй сваёй агіднай пачварнасці, «цывілізаваны свет» сказаў: «Мы вас ведаць не хочам. Вас больш не існуе».
Такі вось парадокс: пакуль самая вялікая краіна ў свеце маўкліва і пагрозліва бразгала зброяй, свет напружваўся, услухоўваўся ў гэтую трывожную цішыню і ішоў выбудоўваць дыпламатычныя сувязі, асабліва не стараючыся зазірнуць за шырму прапанаваных умоў. Калі гэтай краіны не стала, свет уздыхнуў з палёгкай, паверыўшы, што знікла пагроза стабільнасці, развіццю і прагрэсу, і пайшоў далей умацоўваць сваю эканоміку, пракладаць газаправоды, набываць прадпрыемствы, у тым ліку і ў маленькіх частках былой самай вялікай краіны. Мала каго цікавіла, што гэта будуецца на касцях, і ўжо сапраўды ніхто не думаў, што незакрытае — і, як аказалася, самае важнае — пытанне аднойчы ўсплыве зноў.
З былымі савецкімі людзьмі зручна было працаваць. «Пацан сказаў — пацан зрабіў». Здзелкі гуляюць на аўтарытэт, а таму выконваюцца беспярэчна — часам за кошт «сваіх» жа. Машына дыктатуры эфектыўная, яе шрубкі выканаўчыя, патрэбная паслуга будзе аказаная своечасова. Інакш — «пацан сказаў, пацан зрабіў», — вінаватым будзе блага.
Ці перабольшваў гэтае «блага» Салжаніцын, калі апісваў адзін дзень Івана Дзянісавіча? Колькі «прыгожага слоўца» было ў Аляхновіча, Геніюш, Грахоўскага? Наколькі можна верыць кнігам пра савецкія рэпрэсіі, дзе прыязджалі па начах і забіралі літаральна ні за што — часам на расстрэл?
Сучасны індывід сумнеўна хмыкае, калі яму кажаш, што проста сёння людзей знявольваюць за шкарпэткі «няправільнага колеру» або экскурсію на роднай мове. Еўропа прывыкла пратэставаць: ладзіць страйкі, выходзіць з плакатамі, выбіраць, каго заманецца. Ёй за гэта нічога не будзе. Ніхто не запіша твары на камеру і не прыйдзе потым па месцы прапіскі ладзіць пагром у кватэры і тыкаць носам у падлогу.
Жыхароў «развітога свету» не палохаюць лічбы. Чалавек наогул жыве ў свеце лічбаў: сярэдні заробак, курс у банку, кошты ў крамах… Паўтары тысячы палітвязняў — гэта статыстыка, якая на фоне сур’ёзных рэчаў — абстрэлаў, забойстваў, знішчэння гарадоў — не чапляе аніводнага нерва. З гэтым можна жыць.
І таму калі раптам на межах узнікаюць чэргі, а кошт арэнды кватэры ўзлятае да нябёсаў праз наплыў «панаехаўшых», «цывілізаваны чалавек» законна абураецца парушэннем звыклай карціны свету: хто вы, халера бяры, такія, што вам гэта дазволена?
Днямі з галоўнай інтэлектуальнай сцэны Еўропы прагучаў голас Беларусі. Нобелеўская лекцыя Наталлі Пінчук, жонкі палітзняволенага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, трансліравалася з Осла на ўвесь свет. Але ці была свету да гэтага справа? Ці разумелі мужчыны ў дарагіх фраках і дамы ў раскошных сукенках, пра што гаворыць Наталля?
Рашэнне Нобелеўскага камітэта, вядома ж, было невыпадковым: менавіта тут, паміж трыма краінамі, вырашаецца лёс Еўропы і ўсяго светапарадку — як мінімум на некалькі пакаленняў наперад. Як і любая складаная задача, гэтая патрабуе ўліку ўсіх уводных даных, усіх дэталей і асаблівасцей кантэксту. Але разбірацца ў іх свет не мае часу. Век хуткіх рашэнняў патрабуе, каб ужо на старце было чорнае і белае, таму што ўсё, што паміж — выдаткі і страчаная выгада. А ў пагоні за выгадай галоўнае што? Прыцягнуць увагу. І таму гучныя словы сёння асабліва папулярныя. Пазбавіць віз, закрыць межы, пабудаваць плот… Як яшчэ пасля такога растлумачыць вялікім дзядзькам, што ў тваёй краіне бяда? Назваць гэта «акупацыяй». Як дагрукацца да абыякавых людзей з гісторыі перажытага гвалту? Як прымусіць спачуваць, калі дзяржава, якая выдае сінія пашпарты, — на другім баку акопа?
Перабольшваючы, мы заўсёды ведаем, што трошкі зманілі, сказалі пра тое, чаго няма насамрэч. І, паколькі гэтага няма, мы застаёмся спакойнымі: усё не так дрэнна, яшчэ можна жыць.
Калі людзі бягуць, гэта значыць толькі адно — казкі скончыліся.