Толькі ў адным з 16 ваяводстваў Польшчы беларусаў больш, чым украінцаў. Вось як беларусы рассяліліся па краіне

Украінцы з вялікім адрывам займаюць першае месца па колькасці сярод замежнікаў у Польшчы, але ёсць адно выключэнне.

Беласток. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Які рэгіён самы беларускі

Па стане на пачатак 2026 года ў Польшчы жывуць 140 974 грамадзяне Беларусі з дазволамі на жыхарства ўсіх тыпаў, а ўкраінцаў — 543 599 чалавек.

Больш за траціну беларусаў у Польшчы жыве ў Варшаве — 53 220 чалавек. На другім месцы ідзе Падляшша. У Беластоку і Падляшскім ваяводстве жыве 13 470 грамадзян Беларусі з дзейным ДНЖ.

Бадай, галоўная адметнасць Падляшша заключаецца яшчэ і ў тым, што гэта адзіны рэгіён у Польшчы, дзе на першым месцы па колькасці замежнікаў знаходзяцца не ўкраінцы, а беларусы.

Верхні здымак — колькасць беларусаў з ДНЖ у Польшчы, ніжні — колькасць украінцаў з ДНЖ у Польшчы. Фота: скрыншот з сайта migracje.gov.pl

І калі агулам украінцаў па ўсёй Польшчы ў 3,85 разу больш, чым беларусаў, то на Падляшшы беларусаў у 3,22 разу больш, чым украінцаў.

То-бок на Беласточчыне жывуць усяго 4 183 грамадзяне Украіны супраць 13 470 грамадзян Беларусі.

Адначасова Падляшша з’яўляецца рэгіёнам, дзе жыве найбольшы працэнт грамадзян Польшчы, якія з’яўляюцца беларусамі па нацыянальнасці.

Дзе яшчэ жыве шмат беларусаў?

Апроч Варшавы і Беласточчыны, шмат беларусаў з дзейнымі ДНЖ жывуць у:

  • Ніжнесілезскім ваяводстве (Уроцлаў) — 12 314 чалавек;
  • Велікапольскім ваяводстве (Познань) — 11 280 чалавек;
  • Паморскім ваяводстве (Гданьск) — 11 272 чалавекі.

nashaniva.com