Што рабіць, калі цябе запрашаюць на прафілактычную гутарку ў сілавую структуру, у размове з «Филинам» разважае юрыст-праваабаронца Павел Сапелка.
У набліжаных да сілавікоў тэлеграм-каналах публікуюць персанальныя звароты да грамадзян з заклікам з’явіцца ў структуры МУС для ўдзелу ў прафілактычнай гутарцы і выдаліць свае каментары ці пасты ў сацсетках.
Прапагандысты даюць зразумець, што пасля выканання гэтых патрабаванняў апазіцыйна настроеных грамадзян пакінуць у спакоі.
Як рэагаваць людзям, чые прозвішчы з’явіліся ў базе сілавікоў?
— У мяне няма ніякіх парадаў, бо прававыя інструменты не дзейнічаюць, — кажа ў інтэрв’ю юрыст Павел Сапелка. — Даваць парады людзям, якія знаходзяцца ў Беларусі, якія ўразлівыя і ў якіх няма ніякіх механізмаў, каб абараніцца ад самавольства, не лічу прымальным.
Парады заснаваныя на прававых нормах — як права не даваць паказанні супраць сябе і сваіх блізкіх і ў цэлым адмаўляцца ад дачы паказанняў, калі гэта можа нанесці шкоду сабе ці блізкім.
Але мы выдатна разумеем, што дзейснасць гэтых парадаў заканчваецца роўна на тым моманце, калі чалавека пачынаюць збіваць або падвяргаюць адвольнаму зняволенню — тыя ж самыя суткі, якія аднаўляюцца раз за разам.
У базе публікуюць у тым ліку звесткі тых грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Мяркуючы па хроніцы рэпрэсій, некаторыя ўсё роўна вяртаюцца і трапляюць пад крымінальны пераслед.
— Гэта персанальны выбар кожнага. Наступствы, па-мойму, ужо ўсе павінны для сябе разумець. Цвёрдых гарантый бяспекі не дае ніякая мадэль паводзінаў.
Само па сабе выкананне патрабаванняў спецслужбаў наконт цяперашніх паводзінаў яшчэ не азначае, што гэтая ж ці нейкая іншая спецслужба не будзе мець прэтэнзіі. І, адпаведна, кожны павінен для сябе вырашаць пытанне, што важнейшае — асабістая бяспека або патрэба ў прыездзе па нейкай прычыне ў Беларусь.
novychas.online паводле gazetaby.com