Кныровіч: Кітай ударыў беларускіх калійшчыкаў пустым мехам з-пад угнаенняў

Крыніца: fertilizerdaily.ru

Эканаміст і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч звярнуў увагу на заключэнне КНР кантракта на пастаўку калійных угнаенняў не з беларускай, а канадскай кампаніяй. У «Беларуськалія» з гэтай нагоды моцна «падгарэла».

Ну, вось як яны будуць нам у вочы глядзець у наступны раз? Кітайцы гэтыя. Усё ж было нармальна, мы «ў любое надвор’е» сябравалі і верылі, што яшчэ трохі, яшчэ ледзь-ледзь, і наш партнёр па ШАС, і лідзіруючая па памеры эканомікі ў БРІКС краіна скіне ўсе маскі, абмежаванні і ўстане ва ўвесь свой велічэзны азіяцкі рост, і будзе пераможаны Захад.

Ну, і мы будзем дзесьці побач стаяць, вядома, падзелім поспех.

І раптам.

Кітай падпісаў кантракт на пастаўку значных аб’ёмаў калійных угнаенняў з канадскай «Canpotex» па коштах, практычна ў 2 разы ніжэйшых за леташнія ($307 супраць $590).

У «Беларуськалія» (прадстаўленага БКК) «падгарэла» моцна. Настолькі, што ён нават выліўся прэс-рэлізам, прама абвінаваціўшы канадцаў у тым, што яны «ламаюць рынак».

Яны яго сапраўды ламаюць — пад сябе.

Раней Беларусь займала крыху менш за траціну сусветнага рынку, але ўдзел у вайне на баку агрэсара прывёў да падзення вытворчасці на 40%.

На гэтым фоне канадскі бок заявіў аб планах павялічыць вытворчасць на 18%, і, па іх логіцы, зніжэнне коштаў на асноўным для Беларусі рынку (Кітай) — цалкам апраўданы крок у канкурэнтнай вайне.

Цікава, ці ёсць сэнс цяпер, з такім развіццём падзей, будаваць порт там, дзесьці на поўначы Расіі, пад перавалку гэтага самага калію?

Гледзячы на цэны мінулага года, а там было і $800 (у ЗША), і $1300 (у недаступнай для нас Бразіліі), дзяржпрадпрымальнікі закладвалі ў планы звышпрыбыткі і нават, напэўна, аблізвалі сухія вусны ў прадчуванні…

Рэальнасць ударыла пустым мяшком з-пад угнаенняў.

Самы камфортны і развіты рынак «дружалюбнага» Кітая аказаўся «паранены-паранены-забіты».

А што сам таварыш Сі думае з гэтай нагоды?

Таварыш Сі, як і ўвесь Кітай, гуляе толькі за сябе, заўсёды. І ЕС, разам з ЗША (а заадно і з Канадай) — больш значныя гандлёвыя партнёры, чым усе Расіі і Беларусі разам узятыя.

Парадокс тут у тым, што аналітыкі ВТБ-Капітал у лістападзе 2021 года, да вайны, меркавалі пра рэзкае зніжэнне коштаў на калійныя ўгнаенні ў 2023-м, якраз да ўзроўню $250-300 за тону.

novychas.online