Ці ўратуе псіхічнае здароўе пазбяганне сур’ёзных навін?

Інстытут Reuters Оксфардскага ўніверсітэта правёў даследаванне аўдыторыі СМІ. Яго вынікі паказваюць, што людзі пазбягаюць некаторых тэмаў і гісторый — такіх, як вайна ва Украіне, і адключаюць дэпрэсіўныя навіны.

Сусветнае даследаванне паказвае, што за апошнія шэсць гадоў колькасць людзей, якія моцна цікавяцца навінамі, скарацілася прыкладна на чвэрць, піша ВВС.

У справаздачы Інстытута Reuters Оксфардскага ўніверсітэта гаворыцца, што менш за палову — 48 працэнтаў чытачоў ва ўсім свеце — цяпер цікавяцца навінамі. У 2017 годзе такіх было 63%.

У Вялікабрытаніі гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні сусветны — і складае 43%.

Больш за траціну людзей (36%) ва ўсім свеце кажуць, што часам або досыць часта актыўна пазбягаюць навін.

Аўтары справаздачы інстытута Reuters заявілі, што ёсць доказы таго, што аўдыторыя «працягвае пазбягаць важных, але непрыемных гісторый — такіх, як вайна ва Украіне або тое, як даражэе жыццё». Такім чынам чытачы скарачаюць дэпрэсіўныя навіны і імкнуцца абараніць сваё псіхічнае здароўе.

У справаздачы таксама адзначаецца, што традыцыйнае тэлебачанне і друкаваныя СМІ працягваюць прыходзіць у заняпад, у той час як «анлайн-спажыўцы атрымліваюць доступ да навін радзей, чым у мінулым, і таксама становяцца менш зацікаўленымі».

Толькі чацвёра з дзесяці чалавек (40%) кажуць, што яны часцей за ўсё давяраюць навінам. А гэта на два працэнтныя пункты менш, чым у мінулым годзе.

Даследаванне таксама паказала, што больш за палову (56%) апытаных непакоіць, якія навіны з’яўляюцца сапраўднымі, а якія фальшывымі ў інтэрнэце — рост на два працэнтныя пункты.

Рост TikTok

Самай важнай сацыяльнай медыяплатформай для навін па-ранейшаму з’яўляецца Facebook, хоць яна і знаходзіцца ў доўгатэрміновым заняпадзе: за апошнія сем гадоў колькасць тых, хто звяртаецца да яе кожны тыдзень для навін, знізілася з 42% да 28%.

Facebook таксама панізіў рэйтынг навін. Ён кажа, што менш за 3% яго стужкі навін цяпер — гэта традыцыйныя навіны. Змяненне алгарытму сацсеткі за апошнія гады было катастрафічным для некаторых арганізацый, якія разлічвалі на трафік з Facebook.

У Вялікабрытаніі 41% юнакоў і падлеткаў ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў кажуць, што сацыяльныя сеткі з’яўляюцца іх асноўнай крыніцай навін (43% ва ўсіх краінах), у параўнанні з 18% у 2015 годзе.

І TikTok, і Instagram пачалі выкарыстоўвацца часцей: цяпер Instagram з’яўляецца крыніцай навін для 14% людзей, а TikTok — для 6%.

Прычым у маладых карыстальнікаў лічбы нашмат вышэйшыя. Кожны пяты чытач (20%) ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў атрымлівае навіны з TikTok, у параўнанні з 15% у мінулым годзе. У справаздачы гаворыцца, што платформа «з’яўляецца самай хуткарослай сацыяльнай сеткай у нашым апытанні».

Аднак гэта не абавязкова навіны ад традыцыйных пастаўшчыкоў навін. Карыстальнікі TikTok часцей атрымліваюць навіны на платформе ад знакамітасцяў, уплывовых асоб або звычайных карыстальнікаў, чым ад асноўных інфармацыйных выданняў або журналістаў.

Дырэктар Інстытута Reuters Расмус Нільсэн сказаў: «Малодшыя пакаленні… мала цікавяцца шматлікімі традыцыйнымі інфармацыйнымі прапановамі, арыентаванымі на звычкі, інтарэсы і каштоўнасці старэйшых пакаленняў, і замест гэтага прымаюць навіны, якія больш арыентаваныя на асобу… часта звяртаюцца не толькі да састарэлых платформаў, але да новых удзельнікаў».

У справаздачы таксама гаворыцца, што маладая аўдыторыя часцей імкнецца да «пазбягання навін».

Колькасць «лайкаў», рэпостаў і каментараў да навін на адкрытых платформах сацыяльных сетак таксама зніжаецца ва ўсім свеце.

Толькі каля 10% людзей у Вялікабрытаніі класіфікуюцца як «актыўныя ўдзельнікі» — прычым гэта ў асноўным мужчыны, больш сталага веку, і якія маюць моцныя палітычныя погляды і больш адукаваныя, чым астатняе насельніцтва.

Адной з меркаваных прычын зменаў чытацкіх паводзінаў з’яўляецца — тое, што ў чытачоў расце адчуванне, нібыта анлайн-размовы на такіх платформах, як Facebook і Twitter, становяцца ўсё больш таксічнымі.

novychas.online