Выйшаў першы эпізод мультсерыяла для дзяцей пра гісторыю Беларусі

На дзіцячым ютуб-канале «Бэйбус» выйшаў прэм’ерны эпізод мультсерыяла для дзяцей «Прызма часу». Згодна сюжэту галоўныя героі мультфільма павінны патрапіць у 10 розных стагоддзяў беларускай гісторыі і сабраць кавалкі разбуранай прызмы часу, для таго каб людзі не забылі сваё мінулае.

Франак і Зося жывуць у свайго дзядзькі — навукоўца, які спрабуе стварыць машыну часу. У выніку аднаго з эксперыментаў машына парушае сувязь часоў, і людзі пачынаюць забываць сваё мінулае.

Каб выратаваць свет, Франак і Зося павінны патрапіць у 10 розных стагоддзяў беларускай гісторыі. Ім трэба сабраць разам часткі Прызмы Часу, галоўнай дэталі, дзякуючы якой дзядзька Бронюсь можа спыніць катастрофу.

У гэтым ім дапамагае разумны сабачка Бадзі і рыцар Адам, які вартуе Прастору-Паміж-Часам.

У каментары для budzma.org мастацкі прадзюсар і рэжысёр ютуб канала «Бэйбус» Наталля Бібікава адзначыла: «Пасля паспяховага выхаду прыгодніцкага серыяла коміксаў «Асцярожна: дзеці!» у каманды Бэйбуса была мэта стварыць для дзяцей 6-14 гадоў захапляльны матэрыял аб гісторыі Беларусі. Ролі агучвалі вядомыя беларускія акторы, у тым ліку і народныя артысты. Але па зразумелых прычынах іх імёны зараз называць рызыкоўна».

Па інфармацыі стваральнікаў мультсерыяла, новыя серыі плануюцца раз на месяц

А дарослым гледачам, якія цікавяцца гісторыяй, мы рэкамендуем глядзець відэапраект «Гісторыя за 5 хвілін» ад Budzma, у якім доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч раскрывае гісторыю развіцця продкаў сучасных беларусаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і робіць аналітычныя высновы пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, а не іначай.

budzma.org