“Такога Купалля яшчэ дакладна не было: на музычным фэсце зможа пабавіцца і дзіцёнак, і начны госць тэхна сцэны. Агулам болей за трыццаць музыкаў зайграюць на Купаллі на трох пляцоўках”, – так анансуе каманда Varušniak сваю першую імпрэзу – святкаванне старадаўняга беларускага абраду Купалле.
“Ноч чараўніцтва, магіі, пошукаў папараць кветкі, цырымоніі агню і вады. І, вядома ж, асноўная частка купальскіх абрадаў праводзіцца ноччу”, – запрашаюць на фэст музыкі.
На Kupallie гасцей чакае:
- 18 гадзін музыкі нон-стоп;
- дзіцячая зона;
- цікавосткі ад беларускіх ініцыятываў;
- рынак i фудкорт;
- месца для ёгі;
- спевы і танцы ля вогнішча;
- начны рэйв.
На фэсце будуць іграць: Šuma, Пятро Клюеў, Papa Bo Selektah — агулам болей за тры дзясяткі музыкаў і дыджэяў. Музыка будзе на любы густ на трох сцэнах ад праектаў: derschein_platform, Belarus Outside Sound System, KarmaWarszawa i Shoom.records.
Ладзіць купальскі марафон ініцыятыва Varušniak – кам’юніці культурных дзеячаў беларускай дыяспары ў Варшаве: прамоўтары, артысты, мастакі, дызайнеры, піяр. Varušniak заклікае творчую грамаду эмігрантаў аб’ядноўвацца ў адзін вялікі беларускі варушняк, каб ісці насустрач адно адному.
“Разам мы здольныя разьвіваць сваю культуру i сваю этнічную ідэнтычнасьць. Паасобку здзейсьніць гэта цяжка”, — гаворыцца на старонцы “Варушняка” ў Instagram.
Уваход на Купалле будзе ад 20 злотых. Сродкі з квіткоў пойдуць на дапамогу рэпрэсаваным беларускім дзеячам культуры.
Звяртаем увагу, што падзея адбудзецца 1 ліпеня. Месца: Rejs Club (Piotra Bardowskiego, 2A).
Сачыць за навінамі можна на старонцы “Варушняка”.