Беларусь, якая чакае: Смілавіцкі залатнік

Гэтае мястэчка часта блытаюць з больш буйнымі Смалявічамі, якія, дарэчы, і знаходзяцца не вельмі далёка. Аднак Смілавічы з тых самых малых, але ж досыць цікавых мясцін, якія часцяком незаслужана абыходзяць аматары вандровак па родным краі.

Адразу накіруемся да адной з галоўных славутасцей Смілавічаў — палаца Манюшкаў-Ваньковічаў. Старая вартоўня XVІІІ стагоддзя дакладна паказвае нам пачатак шляху праз парк, на межах якога яшчэ можна заўважыць рэшткі былой агароджы.

Па розных даных, палац пачаў будаваць напрыканцы XVІІІ стагоддзя ці то Станіслаў Манюшка — дзед нашага славутага кампазітара, ці то ягоныя сыны Аляксандр і Казімір на пачатку ХІХ стагоддзя. Гэта тычыцца старой часткі — двухпавярховага корпуса і неагатычнай вежы. Сам корпус зараз больш нагадвае руіны, а вежа амаль адноўлена.

Болей новая частка палаца была прыбудавана напрыканцы ХІХ стагоддзя і зараз знаходзіцца на рэканструкцыі. Тэрыторыя вакол палаца агароджана плотам, таму падысці зусім блізка не атрымаецца, але ж проста паглядзець можна. Мясцовыя жыхары кажуць, што рэканструкцыяй займаецца прыватная асоба і працэс ідзе даволі марудна з нагоды вялікай колькасці ўзгадненняў і «мора паперак і паперачак», якія вельмі тармозяць адраджэнне гэтай славутасці.

Каля палаца можна звярнуць увагу на тагачасны флігель, які плот акуратна абыходзіць. Ён уваходзіць у «палацава-паркавы ансамбль», як сведчыць шыльдачка, і ахоўваецца законам. Чаму ж тады яго так абыходзіць плот і ўнутры шматлікія сляды жыццядзейнасці бяздомных ды горы смецця? Мясцовы жыхар распавёў, што палац аднаўляе прыватная асоба, якой яго аддалі ў арэнду на 100 год з умовай рэстаўрацыі, а флігель — на балансе ЖКГ, і існуе шмат бюракратычных і іншых перашкод да таго, каб яго таксама пачаць аднаўляць. Нічога новага…

На некаторых мапах пазначаны дом для абслугі, якая працавала ў палацы. Ён знаходзіцца зусім недалёка, і, канешне ж, мы не маглі не завітаць. Магутны будынак амаль зруйнаваны, але яшчэ трымаецца. Вакол месцяцца хаты смілаўчан, якія дагэтуль называюць тагачасныя дамы «панскімі».

Менавіта мясцовыя жыхары падказалі месцазнаходжанне яшчэ аднаго «панскага дома», які не пазначаны ўвогуле нідзе. Літаральна пару хвілін па ледзьве прыкметнай сцежцы — і неўзабаве над яблынямі і вішнямі з’яўляецца абрыс «брата» ўжо бачанага намі дома абслугі. Выглядае ён не лепшым чынам, але ўнутры бачна, што столі кімсьці ўмацаваны і яго рэгулярна наведвае мясцовая і не толькі моладзь.

Вяртаемся на цэнтральную плошчу, дзе немажліва не заўважыць Свята-Георгіеўскаю царкву. Будынак муляе вока сваёй ненатуральнасцю позняга аграрэнесансу і пафаснасцю. Увогуле здаецца, што яго будавалі «хутчэй-танней» на месцы былой мэблевай крамы. На плоце вісіць шыльдачка, якая паведамляе, што «тэрыторыя ахоўваецца службовымі сабакамі».

Наперадзе ў нас другая вялікая славутасць Смілавічаў, пра якую за межамі Беларусі дакладна ведаюць больш чым пра палац Манюшкаў. Сюды кожны год прыязджаюць шмат турыстаў, мастацтвазнаўцаў і проста людзей, якія цікавяцца жывапісам. Так, Смілавічы — радзіма Хаіма Суціна і Шрагі Царфіна. Менавіта тут нарадзіліся і пачалі цікавіцца мастацтвам гэтыя выбітныя мастакі. Шрага Царфін быў малодшы за Хаіма Суціна на 6 гадоў, але ж менавіта ў Смілавічах яны пазнаёміліся і першыя свае ўрокі малы Шрага браў у трохі старэйшага Хаіма. Сёння на радзіме гэтых вялікіх мастакоў на базе школы алімпійскага рэзерву (!) створана шыкоўная «Прастора Хаіма Суціна», якая распавядае нам пра ягоную творчасць.

Прастора мае тры залы — беларускі перыяд Суціна, французскі і адна зала адведзена для Шрагі Царфіна, дзе месцяцца арыгіналы (!!!) ягоных твораў. Гэта ўсё зроблена з вялікай любоўю і неверагодна ўражвальна. Падчас экскурсіі гасцей пояць кавай, як у французскай рэстарацыі і… Не, працягваць мы не будзем! Вельмі раім вам самім наведаць гэтую прастору, экскурсію лепей замовіць папярэдне.

Трохі стаміўшыся, накіроўваемся да адзінага ў свеце музея нашага вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі, які быў пабудаваны пры садзейнічанні і фінансаванні ЕС. На жаль, па невядомых прычынах ён быў закрыты, але ёсць нагода вярнуцца…

Наша вандроўка амаль скончылася, але ж ёсць яшчэ адно месца, якое варта наведаць. Шмат хто, калі пачуе, што вы былі ў Смілавічах, адразу спытаецца: «Чабурэкі частаваў?». Гэта такая ж славутасць Смілавічаў, як палац, Суцін і Манюшка. Канешне, мы не здолелі прайсці міма… Чабурэкі, насамрэч, смачныя! Але больш мы вам нічога не скажам, бо будзе нецікава. А ў Смілавічы мы яшчэ вернемся і не толькі па чабурэкі!

Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны ў межах фотапраекта «Беларусь, якая чакае», напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.

novychas.online