19 чэрвеня з нагоды 99-й гадавіны з дня нараджэння Васіля Быкава выйшаў чарговы выпуск на канале CHADANOVIČ, прысвечаны, бадай, самаму вядомаму ў свеце і самаму перакладанаму на розныя мовы беларускаму пісьменніку і яго мастацкай аўтабіяграфіі «Доўгая дарога дадому».
У новым выпуску:
— як Васіль Быкаў праўдзіва расказваў нам пра вайну і чаму яго за гэта дапытвалі і нават збівалі;
— як класік звязаны з Украінай;
— як у аўтабіяграфіі паказаны Уладзімір Караткевіч;
— як сустрэча з нямецкім пісьменнікам Генрыхам Бёлем стварыла перадумовы для напісання кнігі «Пакахай мяне, салдацік»;
— як аўтар спрагназаваў рэванш расійскай імперскасці ў «Доўгай дарозе дадому»;
— як Быкаў не падпісваючы «падпісаў» ліст супраць Сахарава і Салжаніцына;
— як можна паслухаць «Доўгую дарогу дадому» ў выкананні самаго аўтара.
Некалькі думак з відэа:
У кнізе Быкаў шырэй рассунуў рамкі, паказаўшы пераемнасць пэўных эпох. Чытаючы Быкава, разумееш, што Беларусь і беларусы ніколі не былі свабоднымі, чытаючы ваенныя старонкі, разумееш, што сталінскія рэпрэсіі не спыніліся падчас вайны, магчыма толькі узмацніліся, але прынялі менш відочныя формы. Аналізуючы быкаўскія ўспаміны, мы разумеем, што жылі ў краіне, якая ніколі не пераставала быць імперыяй, захопніцай і турмой народа. Досвед Быкава паказвае, як нялёгка чалавеку ў гэтай сітуацыі захаваць сваю чалавечнасць, а пісьменніку сфармаваць і праявіць сваю сумленнасць.
Быкаў паказвае цяжкія моманты, часам ганебныя паразы ў Другой сусветнай, якія замоўчваліся савецкімі СМІ. Таму і сёння трэба моцна пастарацца, каб дабрацца да праўды праз хлуслівыя афіцыёзныя старонкі падручнікаў. Быкаў паказвае, як савецкая прапаганда хаіць усё варожае і захвальвае ўсё савецкае. Вось толькі чаму так цяжка далася вайна, калі верыць усім гэтым ідэалагічным казачкам?
Быкаў давёў свае ўспаміны ў кнізе да пачатку 90-х: вывеў вобраз Зянона Пазняка, распавёў пра стварэнне Беларускага народнага фронту, пра Курапаты і знакаміты разгон на Дзяды. Але ў кнізе мы не знойдзем падрабязна выпісанага вобразу дыктатара Лукашэнкі, тым больш не магло быць і дыктатара Пуціна. Але былі і ёсць цвярозыя прагнозы, з якіх вынікае, што Быкаў ясна бачыў сітуацыю ператварэння нашага ўсходняга суседа ў агрэсіўную імперскую дзяржаву, ясна бачыў нараджэння мясцовай хатняй дыктатуры ў нас, ясна бачыў сувязь гэтых рэчаў. Таксама Быкаў ясна бачыў заганнасць той логікі: «Спачатку кілбаса, а потым свабода слова». Зразумела, так мы ніколі не апынёмся ў цывілізаванай краіне з павагай да чалавечага жыцця і ўсіх базавых еўрапейскіх каштоўнасцяў.