У гэтыя дні трыццаць гадоў таму, у 1993 годзе, у Мінску адбыўся першы З’езд беларусаў свету, і падавалася, што дзяржава зменіць сваё стаўленне да эміграцыі. Гэта цяпер мы ведаем, колькі карысці прынеслі беларусы свету — пачынаючы ад выбітнага навукоўца Барыса Кіта і заканчваючы хакеістам Уэйнам Грэцкі, дзед якога ў свой час з’ехаў з Гарадзенскай губерні. А да таго часу ўсе эмігранты ў СССР лічыліся «ворагамі народа».
Цяпер у сучаснай Беларусі да «новай эміграцыі» стаўленне не лепшае. Для ўлады яны «збеглыя» і «здраднікі». Дый «старую» дыяспару ўлада таксама не шануе. Прынамсі, кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» пасля праведзеных у іх ператрусаў было вымушана з’ехаць за мяжу.
Як цяпер успрымаецца беларуская дыяспара, ці ёсць розніца паміж «новай» і «старой» эміграцыяй, і як гэта — ці не ўсё жыццё працаваць з беларусамі замежжа, а потым самой стаць беларускай замежжа? Пра ўсё гэта «Новы час» пагутарыў з кіраўніцай МГА ЗБС «Бацькаўшчына» Аленай Макоўскай.
— Алена, у гэтыя дні ў 1993-м быў першы З’езд беларусаў свету. Вы распавядалі ў інтэрв’ю 1997 года, што тады «ў газетах на поўным сур’ёзе абмяркоўвалася пытанне, ці ладзіць з’езд наогул. Гэта была ломка псіхалогіі і менталітэту, бо доўгі час уся савецкая ідэалагічная машына казала, што беларусы замежжа — «ворагі»…
Ці можна цяпер акрэсліць, як змянілася стаўленне да дыяспары, калі не ў плане дзяржавы, дык у плане грамадства?
— Давайце ўсё ж падзелім пытанне. Стаўленне дзяржавы да дыяспары ніколі не было простым, бо ўлада заўжды падзяляла беларусаў замежжа на лаяльных да сябе і не. І нават калі ў замежжы дыяспаральныя асяродкі розных палітычных поглядаў пачыналі нейкае ўзаемадзеянне паміж сабой, беларуская ўлада цвёрда трымалася сваіх падыходаў. Для гэтага дастаткова паглядзець на склады кансультатыўных саветаў па пытаннях дыяспары, якія спачатку дзейнічалі пры Міністэрстве культуры, а пасля і пры Міністэрстве замежных спраў.
З пазітыўнага на тыя часы можна адзначыць толькі прыняцце Закона аб беларусах замежжа ў 2014 годзе, дый і тое, нам спатрэбілася больш за 10 год, каб гэты закон, хаця і ў вельмі спрошчаным выглядзе, быў прыняты. Дзяржаўная ж праграма, якую мы таксама інспіравалі, была слаба падмацаваная фінансамі і насіла выключна этнаграфічны характар.
Важна адзначыць, што беларуская дыяспара ніколі не разглядалася ўладамі стратэгічна, адпаведна, ёй не надавалася шмат увагі на дзяржаўным узроўні. Нашыя прапановы па адкрыцці сталага аддзела ў Акадэміі навук па вывучэнні дыяспары, і асобнай структуры ў складзе МЗС не знаходзілі падтрымкі. У працэсе працы над праектам закона ў чыноўнікаў дамінавала даволі правінцыйнае местачковае меркаванне: «навошта нам іх падтрымліваць, яны ж не плацяць нам падаткі», хаця, па розных ацэнках, па-за межамі Беларусі на тыя часы пражывалі да 3 мільенаў беларусаў.
Дзеячы беларускага замежжа, іх дасягненні, роля для беларускай навукі і культуры практычна цалкам адсутнічалі на старонках беларускіх падручнікаў і ў інфармацыйным полі. Увогуле дамінавала ідэалагічная канцэпцыя: беларусы жывуць толькі ў Беларусі, а калі чалавек з’ехаў — ён згублены для дзяржавы. Для большасці грамадства ў краіне беларусаў замежжа таксама практычна не існавала, вывучэннем дыяспары, адстойваннем яе інтарэсаў у Беларусі займаліся выключна грамадскія арганізацыі. І без сціпласці магу адзначыць ролю «Бацькаўшчыны» ў гэтым кірунку, якая правяла сем з’ездаў беларусаў свету, выдала 45 найменняў кніг, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларусаў замежжа ў адмысловай серыі, пастаянна штурмавала міністэрствы з прапановамі і канцэптуальнымі дакументамі, прыводзячы ў прыклад шматлікі пазітыўны вопыт іншых дзяржаў у працы з дыяспарамі.
Падзеі 2020 года змянілі ўсё. Беларуская дыяспара — гэта люстэрка беларускага грамадства ў Беларусі. І калі беларусы ў краіне сталі абуджацца, то практычна рэхам тыя ж працэсы сталі адбывацца ў беларускім замежжы. Людзі, якія дзесяцігоддзямі жылі сваім жыццём у розных краінах свету, сталі праяўляць грамадскую актыўнасць, далучацца да існуючых суполак ці ствараць свае. Першая такая хваля салідарнасці і актыўнасці пракацілася ў кавідныя часы, калі трэба было арганізоўваць дапамогу для Беларусі. Другая, непараўнальна мацнейшая, хваля актыўнасці — гэта 2020 і 2021 гады.
Правядзенне экзіт-полаў у замежжы, акцыі пратэстаў, звароты да ўрадаў сваіх краін, флэш-мобы, дапамога пацярпелым ад гвалту сілавікоў — усе гэта з’явілася на старонках практычна ўсіх незалежных медыяў. А пасля — масавы ад’езд беларусаў.
Так, цяпер грамадства ведае пра беларусаў замежжа, але мне падаецца, што стаўленне вызначаецца найперш палітычнымі поглядамі чалавека. І зноў жа, гэтыя веды вельмі часта абмяжоўваюцца цяперашняй хваляй. Нават новыя эмігранты ў большасці сваёй нічога не ведаюць пра папярэднікаў і лічаць сябе першапраходцамі.
— Кажуць, што ніколі не было такой плыні эміграцыі з Беларусі, як цяпер — калі, напэўна, лічыць пачатак ХХ стагоддзя. Ці стасуюцца паміж сабою плыні эміграцыі? Ці можна ўвогуле падзяляць беларусаў на «старую» і «новую» дыяспары?
— Існуе нават меркаванне, што сённяшні масавы адток беларусаў з краіны падобны да паваеннай хвалі эміграцыі. Не ведаю, наколькі гэта карэктна. У любым выпадку сённяшняя сітуацыя яшчэ стане аб’ектам для вывучэння і аналізу. Мы да гэтага часу не ведаем дакладных лічбаў, колькі ж беларусаў выехала.
Адносна кантактаў, то ў 2022 годзе мы сустракаліся з сітуацыяй, калі беларусы ў некаторых гарадах, да прыкладу, Польшчы стваралі свае арганізацыі, шукалі выхаду на мясцовыя ўлады, змагаліся з арганізацыйнымі праблемамі і не ведалі, што ў горадзе ўжо гадамі, калі не дзесяцігоддзямі, існуе беларуская суполка. Цяпер, натуральна, кантакты ёсць: у кожнай краіне, як і асобна па гарадах існуюць тэлеграм-каналы, групы ў ФБ, дзе людзі дзеляцца інфармацыяй, запрашаюць на розныя беларускія мерапрыемствы, есць платформы, дзе можна даведацца пра беларускі бізнес у замежжы. Мы, да прыкладу, стварылі адмысловы тэлеграм-бот, з якога можна даведацца пра беларускія падзеі як па ўсім свеце, так і ўласна ў краіне пражывання.
Сёння можна канстатаваць, што беларуская актыўнасць у замежжы не на такім узроўні, як была ў 2021 і 2022 гадах. У прынцыпе, гэта натуральна і характэрна для дыяспары любой краіны. Думаю, любая значная падзея ў Беларусі ці звязаная з Беларуссю зноўку выкліча хвалю грамадскай актыўнасці.
Таксама трэба браць пад увагу, што беларусы апошняй хвалі выязджалі як з палітычных, так і з эканамічных прычын, і нават выезд з палітычных прычын не робіць чалавека аўтаматычна аматарам беларускасці ці дэмакратычных каштоўнасцяў, а значыць, чалавек не будзе наведваць беларускія мерапрыемствы ў замежжы і будзе хутчэй падпісаны на расійскі «Дождь», чым на «Нашу Ніву», «Свабоду» ці «Будзьму».
Нездарма менавіта эканамічная плынь беларускай эміграцыі пачатку ХХ стагоддзя падверглася найбольш лёгкай асіміляцыі, чаго нельга сказаць ужо пра палітычную паваенную эміграцыю, калі ў замежжы паўсталі дзясяткі беларускіх арганізацый, цэркваў, выдавецтваў, шмат з якіх дзейнічаюць да гэтага часу.
Хаця трэба адзначыць, што для часткі беларусаў пераезд стаў штуршком да цікавасці да беларускай мовы і культуры, праяўлення грамадскай актыўнасці. У сувязі з гэтым востра стаіць пытанне культурна-асветніцкіх пляцовак, дзе людзі маглі б вучыцца самі і навучаць дзяцей па-беларуску, даведвацца пра беларускую гісторыю.
Увогуле ўсё гэта — прадмет для далейшага вывучэння, складання партрэта дыяспары. Ужо сёння даследчыкі эміграцыі кажуць пра тое, што шмат якія палітычныя крокі беларусаў замежжа аналагічныя таму, што рабілі палітычныя цэнтры ў замежжы пасля 1918 года ці пасля Другой сусветнай вайны. Вельмі хочацца верыць і спадзявацца, што мы ўсё ж рухаемся не па замкнёным коле, і перспектывы гэтай плыні эміграцыі будуць лепшымі.
— Зноў жа, пра колькасць з’ехалых беларусаў. Шмат хто з іх дапамагае ў эміграцыі сябрам і знаёмым, багата з нашых суайчыннікаў валанцёраць у падтрымку Украіны, беларускі бізнес пачынае ствараць канкурэнцыю бізнесам «мясцовым». Ці кажа гэта пра тое, што «дыяспара» ўжо —занадта абмежавальнае слова для беларусаў у замежжы? Ці не ёсць беларусы ў замежжы ўжо не дыяспарай, а беларускай супольнасцю?
— Я ведаю дастаткова шмат беларусаў, якія не лічаць сябе дыяспарай, я сама належу да іх ліку. Азначэнне «экспаты» нешта таксама не прыжываецца…
Магчыма, цяпер проста не час для фармулёвак і вызначэнняў, бо гэта азначае, што мы нібыта ўжо змірыліся з ад’ездам і прынялі яго, а гэта не ёсць свядомым выбарам большасці беларусаў. Таму я б не спяшалася з фармулёўкамі. Дарэчы, нядаўна пачула меркаванне кагосьці з палітолагаў, што беларусаў выехала так шмат, і яны трымаюцца адной супольнасцю, таму асіміляцыя практычна немагчымая. Мне хочацца ў гэта верыць, бо сапраўды — ніводная плынь беларускай эміграцыі не адбывалася ў часы такога развіцця тэхналогій і сродкаў камунікацыі.
Але, на жаль, так гэта ці не, мы здолеем ацаніць толькі гадоў праз пяць ці дзесяць. Хаця спадзяюся, што не давядзецца гэтага рабіць, бо мы будзем ужо ў Беларусі.
— Раней у тым жа інтэрв’ю вы казалі, што дыяспара — гэта «наша мяккая сіла, нашы іміджавыя цэнтры», якімі дзяржава не карыстаецца. Цяпер стаўленне да дыяспары ў дзяржавы, як у СССР — як да «збеглых» і «ворагаў». Ці мажлівая нармалізацыя адносінаў?
— У гэтай сувязі я прыгадваю адну карцінку з сеціва: паліцэйскі б’е чалавека, подпіс пад карцінкай — «рэпрэсіі», паліцэйскі трымае дубінку над галавой — подпіс «лібералізацыя». Але дубінка застаецца ў руках паліцэйскага. Мне падаецца, што характар і сутнасць існуючай улады ў Беларусі не можа змяніцца, адпаведна даволі цяжка ўявіць сабе перадумовы падобнай нармалізацыі. Нават да 2020 года беларуская ўлада ставілася да беларусаў замежжа альтэрнатыўных поглядаў даволі падазрона і насцярожана, і тым больш не разглядала іх паўнавартаснымі партнёрамі любога дыялогу.
— У свой час «Бацькаўшчына» прасоўвала ідэю «карты беларуса» — дакумента беларуса замежжа, кшталту «карты паляка». Цяпер ідзе размова пра паўнавартасныя «альтэрнатыўныя пашпарты» ўцекачам з Беларусі. Ці не падаецца вам, што вашая ідэя ажыццяўляецца незвычайным спосабам, і гэтая пашпарты ў будучым могуць стаць «пашпартам замежнага беларуса»?
— У «карту беларуса» мы закладалі зусім іншую ідэю. Карта мусіла спрыяць узмацненню сувязяў беларусаў замежжа з Беларуссю, даваць пэўныя прэферэнцыі беларусам — грамадзянам іншых краін у Беларусі дзеля таго, каб прыцягнуць іх велізарны патэнцыял у краіну, у яе эканоміку, культуру, навуку, адукацыю. Ідэя была — садзейнічаць росквіту Беларусі і яе трансфармацыі з дапамогай беларусаў замежжа. Нас натхніў вопыт іншых краін свету, якія змаглі з дапамогай сваіх дыяспар дабіцца значных поспехаў у абсалютна розных галінах.
Што датычна «альтэрнатыўных пашпартоў», то гэта, канечне, вельмі патрэбная рэч, асабліва для тых беларусаў, якія б хацелі мінімальна стасавацца з сённяшнімі беларускімі ўладамі і кантактаваць з амбасадамі. Але з прававога гледзішча гэтая ідэя падаецца не вельмі рэалістычнай, бо такія пашпарты павінны быць прызнаныя іншымі краінамі свету. Адпаведна ўстанова, якая будзе выдаваць гэтыя пашпарты, павінна быць правамоцнай у вачах іншых дзяржаў, валодаць адпаведным адміністратыўным рэсурсам, мець магчымасць правяраць даныя і іншае. На сёння такім патэнцыялам і паўнамоцтвамі валодаюць толькі дзяржавы. Таксама пытанне, ад імя каго будуць заключацца пагадненні з дзяржавамі аб прызнанні такіх пашпартоў.
Мне падаецца, тут вельмі шмат розных прававых аспектаў, хаця сама ініцыятыва файная. Дарэчы, некалі Рада БНР выдавала пашпарты, якімі карысталіся яе дзеячы.
— Якія праблемы вы бачыце ў «новай хвалі эміграцыі», і як новым эмігрантам захоўваць сваю ідэнтычнасць?
— Першае, з чым мы сутыкнуліся, гэта тое, што «новая хваля» мала што ведае пра сваіх папярэднікаў, таму ігнаруе іх вопыт, напрацоўкі і здабыткі. Тут вельмі дапамаглі б супольныя мерапрыемствы як у асобных краінах, так і міжнародныя, якія б дазволілі абменьвацца вопытам і ведамі. Людзі ўсё роўна засяроджаныя на краінах свайго пражывання, а развіццё міжнародных кантактаў вельмі б спрыяла ўмацаванню беларускай супольнасці ў замежжы. Беларусы мінулых хваляў больш разумеюць патрэбу ў такой камунікацыі. Часам мы сутыкаемся з тым, што прадстаўнікі маладзейшага пакалення ўвогуле не ўсведамляюць патрэбу і важнасць такіх сустрэч.
Ідэя пра неабходнасць такіх пляцовак не раз гучала і ад прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія рэлакаваліся ў замежжа. Дарэчы, тут яшчэ адна праблема: як ідэнтыфікаваць іх, таму што гэта не арганізацыі беларускай дыяспары ў класічным разуменні, гэта менавіта грамадзянская супольнасць Беларусі, якая вымушана знаходзіцца ў замежжы. Яны не могуць афішаваць сваю дзейнасць па прычынах бяспекі, адпаведна ім бракуе камунікацыі з такімі ж беларускімі арганізацыямі і ініцыятывамі ў іншых краінах…
Адносна ідэнтычнасці — давайце сыходзіць з таго, што асіміляцыя непазбежная, яна будзе ісці, і гэта зноўку натуральны працэс для любой дыяспары. Але тэмп гэтай асіміляцыі можа быць запаволены. Звычайна ў ролі цэнтра падтрымкі ідэнтычнасці выступаюць дзяржавы, якія праводзяць адмысловую палітыку падтрымкі нацыянальнага жыцця суполак, з’яўляюцца цэнтрамі прыцягнення для сваіх замежных суайчыннікаў, прапаноўваючы пэўныя прэферэнцыі ў вядзенні бізнесу, у адукацыі і іншых сферах, ладзяць профільныя сумесныя мерапрыемствы. Кожны з бакоў такога ўзаемадзеяння атрымлівае заўважныя бонусы.
Сёння беларусы замежжа апынуліся ў сітуацыі «без дзяржавы». У аналагічнай сітуацыі былі беларусы ў эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны, якія павінны былі разлічваць выключна на сябе. Мы цудоўна памятаем страхі таго паваеннага пакалення эміграцыі, прадстаўнікі якога вельмі асцярожна ставіліся да беларусаў, што прыехалі ў 1990-я гады, падазраючы ў іх агентаў КДБ. Сённяшняя плынь эміграцыі мае тыя ж перасцярогі. Таму мы зноў застаемся сам-насам з сваімі праблемамі, у тым ліку і па захаванні ідэнтычнасці, і можам спадзявацца толькі на сябе.
Таму тут важна захоўваць і развіваць беларускую мову, вучыць дзяцей таму, што яны беларусы. Па магчымасці аб’ядноўвацца і ствараць беларускамоўныя гурткі і школы, як анлайн, так і афлайн, цікавіцца беларускім жыццём, чытаць кнігі беларускіх пісьменнікаў і слухаць нашую музыку, удзельнічаць у беларускіх мерапрыемствах, якіх зараз вельмі шмат і інтэлектуальных, і музычных, і літаратурных.
Але важна таксама не дыстанцыявацца ад культур тых народаў, сярод якіх мы зараз жывем, а вучыцца і браць ад іх тое карыснае, што спатрэбіцца нам для жыццё ў новай Бераусі. І канечне ж, знаёміць іх з беларускай культурай, фарміраваць імідж гэтай другой, альтэрнатыўнай Беларусі. Вельмі важна ў гэтым кірунку таксама супольнічаць з урадамі, грамадскімі і палітычнымі сіламі краін, якія прынялі беларусаў, міжнароднымі арганізацыямі. Паколькі мы не можам разлічваць на сваю краіну, трэба ствараць партнёраў і спрыяльнікаў сярод іх.
— І, урэшце, самі нечакана стаўшы «дыяспарай» — што цікавага вы ўбачылі ў гэтым статусе? Што, можа, было для вас адкрыццём у стаўленні дыяспары да Беларусі, ці Беларусі да дыяспары, калі вы сталі той самай дыяспарай?
— Па праўдзе, першая думка была пра злы жарт лёсу. Мы столькі год працавалі з беларускай дыяспарай і для яе і раптоўна самі папоўнілі лік беларусаў замежжа, прычым не ў самай лёгкай форме з падрыхтаваным і запланаваным пераездам. У нашым з Нінай Шыдлоўскай выпадку гэта была хутчэй эвакуацыя, чым пераезд. Тым не менш становіцца зразумела, чаму чалавечая цывілізацыя існуе да гэтага часу (усміхаецца), нягледзячы на ўсе выпрабаванні.
Было цікава назіраць за хуткасцю нашай адаптацыі да новых умоваў. А самае галоўнае, як толькі ты ўжо хаця б крыху замацоўваешся, то адразу пачынаеш аднаўляць кантакты, абменьвацца інфармацыяй, дзяліцца новымі ведамі, і праз некаторы час ты ўжо адчуваеш дастаткова моцы, каб дапамагаць іншым.
На дыяспаральных сустрэчах было адчуванне таго, што твой статус змяніўся, гэта было і сумна, і цікава адначасна, — вось гэтае ўсведамленне сябе ў новай ролі. Хаця паўтаруся, дыяспарай мы сябе не лічым і ўспрымаем нашае знаходжанне тут як часовае.
Але ніякай змены ў стаўленні да Беларусі не было. Як ужо казала вышэй, беларусы ў Беларусі і за мяжой — гэта адно грамадства, падзеленае межамі. Як у Беларусі людзі стамляюцца і часам сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю, ці ўвогуле адыходзяць ад грамадскай дзейнасці, засяроджваюцца на побыце, так і тут. Я не падтрымліваю вось гэтага дзялення і высвятлення, хто павінен адказваць за змены ў Беларусі, беларусы, што ў Беларусі, ці тыя, хто з’ехаў. Усё роўна беларускія праблемы вырашаць толькі нам самім, і прычым супольна.