У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, як палітвязні ўцерлі нос карпусному Валадаркі, чаму памада для вуснаў так палохае людзей у пагонах і як намеснік начальніка калоніі вучыў мяне фарбавацца. Сёння распавяду, як палітычных катуюць у ШІЗА гукам і не толькі, як пружанская пенсіянерка намыліла шыю капітану ўнутраных войск, а таксама чаму злачынствы рэжыму не застануцца беспакаранымі.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Выслужлівы начальнік
— Да ваш Тихановский… Да вы знаете, кто он? — вочы начальніка Валадаркі Цэдрыка наліліся крывёю.
— Ведаю. Былы кандытат у прэзідэнты, незаконна арыштаваны рэжымам, — спакойна адказваю падпалкоўніку.
— Да быдло он! Вы знаете, как он с нами разговаривает? — заводзіцца яшчэ больш Цэдрык. — На пальцах. Хам. Никакого уважения к людям.
— Правільна робіць. Значыцца, у яго для гэтага ёсць падставы. Яго незаконна пазбавілі свабоды, вы яго прэсуеце. Якой рэакцыі вы чакаеце? — абсякаю я служку.
«Чыя б ужо карова мычала пра павагу да людзей», — падумала сама сабе.
Размова з Цэдрыкам яўна не заладзілася.
Напярэдадні я напісала заяву на яго імя з патрабаваннем выклікаць мяне на размову. Тое ж самае зрабіла і мая сукамерніца Віка Міронцава.
Мы пераймаліся за Віку Кульша. Дайшлі чуткі, што Віку прэсуюць, і што наша сяброўка аб’явіла галадоўку.
І вось з самай раніцы прадольны вывеў нас з камеры — на размову (ці, хутчэй, «на дыван») да Цэдрыка. Віка Міронцава зайшла ў кабінет падпалкоўніка першай, мяне пасадзілі ў «стакан» і сказалі чакаць.
Раптам данесся плач сяброўкі:
— Я незаконна асуджаная. Мая справа сфальсіфікаваная.
Цэдрык роў штосьці кшталту таго, што ў Беларусі няма палітычных вязняў, што мы знаходзімся за кратамі не праз палітыку, а праз тое, што мы злачынцы.
Чуллівай пяшчотнай Віцы было цяжка вытрымаць ціск цэрбера. Гэтая сістэма за столькі гадоў выгадавала асаблівую катэгорыю служкаў. Прафесія ў іх такая — кідацца на людзей.
А каго яна, сістэма, яшчэ магла выгадаваць? Афіцэраў, што будуць стаяць на варце закона? Ніводзін дыктатар на такое не пойдзе, бо дыктатура ўжо сама па сабе незаконная. Ёй патрэбныя верныя выканаўцы і каты, а не сумленныя людзі. І чым болей служка рэжыму амаральны, тым болей ён для рэжыму каштоўны.
Калі б людзі ў пагонах прытрымліваліся закону, яны б даўно ўжо арыштавалі Лукашэнку. Я не магу знайсці апраўдання дзеянням тых, хто працягвае працаваць у сістэме, бараніць гэты рэжым. Тых сілавікоў, што забыліся пра прысягу і пра тое, каму яны насамрэч мусяць служыць.
Цэдрык не толькі служыў, ён выслужваўся. А гэта яшчэ горай.
— Что вы о себе возомнили?! Кто вы такие, что решили будто можете нам тут ставить условия?! Не будет этого никогда! — працягваў гнеўную тыраду ў мой бок кіраўнік Валадаркі. — Твоя Кульша обнаглела до такой степени, что требует, чтобы в камере только с тобой сидеть! И Херше такая же: на несколько листов мне тут требований выставила!
Я паглядзела на падпалкоўніка з сумам і пагардай. Гэты карыкатурны персанаж зусім не выглядаў у маіх вачах грозным. Успомнілася беларуская прымаўка: «Маленькі сабака — да старасці шчанюк».
Праз паўгадзіны, калі я ўжо была ў камеры, прынеслі перадачу ад мамы. У пакунках, апроч прысмакаў і сродкаў гігіены, знайшла гадзіннікі. Яны папрацавалі ўсяго некалькі гадзін і спыніліся. З наступнымі адбылося тое ж самае.
Час спыніўся.
«Ты сможешь!»
Гэтыя ўспаміны для мяне асабліва цяжкія.
У ШІЗА і ПКТ я правяла агулам 5 месяцаў.
Калі ў мяне пытаюцца, што ў гэтых камерах было самым страшным, мушу адзначыць, што ўсё. Страшэнны холад. Немагчымасць спаць уначы (перш за ўсё праз той жа холад). Спальнае месца ў штрафным ізалятары — гэта звычайная дошка без якой-кольвек пасцельнай бялізны. У 9 вечара яна адмацоўваецца ад сцяны, у 5 гадзін раніцы (час пад’ёма ў ШІЗА і ПКТ) прышпільваецца назад. Усю ноч гарыць святло. Яго яркасць аднолькавая і ўдзень, і ўначы.
Увесь дзень ты ходзіш па маленькай камеры альбо сядзіш на камені (супрацоўнікі здзекліва называюць яго «пуфікам»). Ёсць ракавіна, кран з халоднай вадой і прыбіральня ў выглядзе дзіркі ў падлозе. Ад навакольнага свету ты закрыты двума дзвярыма. Адныя — закратаваныя, другія — металічныя.
З рэчаў у штрафным ізалятары можна мець вафельны рушнік, туалетную паперу, зубную пасту і шчотку, мыла.
Нельга расчоску, нельга гумку для валасоў, шампунь і мачалку выдаюць толькі падчас прыняцця душа раз на тыдзень. Пасля зноў забіраюць. Нельга мець нават запасную пару ніжняй бялізны і станік. Пракладкі (твае ж уласныя) выдаюць па адной і пад настрой.
Прагулак няма, як і права на карэспандэнцыю і карыстанне бібліятэкай. Забароненыя спатканні, пасылкі, перадачы, тэлефонныя званкі, магчымасць закупацца ў атаварцы.
Ногі ў цябе голыя, бо панчохі і легінсы адбіраюць пры шмоне. На табе толькі адмысловая роба з надпісам «ШИЗО» на спіне і турэмныя чувякі. У апошніх больш за пяць хвілін я перасоўвацца не магла: праз папярочную плоскаступнёвасць я магу насіць толькі адмысловы абутак з адмысловымі вусцілкамі. Усе іншыя віды абутку для мяне пекла і катаванне, ногі ў ім гараць і ацякаюць.
Калісьці я праседзела ў ШІЗА 30 сутак запар і за ўвесь гэты час ні разу не расчасалася. Расчоску мне не выдавалі нават у банны дзень, як і кліпстары для пазногцяў, брытву і пінцэт.
Калі вярнулася ў атрад пасля гэтых 30 сутак, асуджаныя мяне не пазналі. Я была мала падобная на маладую жанчыну — хутчэй, на пячорнага чалавека. Збітыя ў каўтуны валасы звісалі сасулькамі, пасівеўшыя і парадзеўшыя бровы палохалі, доўгія пазногці закручваліся.
Калі пайшлі з атрадам у сталовую, то не змагла трымаць у руках лыжку — рукі ўвесь час трэсліся. Спрабавала есці суп — не атрымалася. Давялося адкласці лыжку ў бок і папросту выпіць яго з талеркі.
Так сталася, што ў штрафны ізалятар я трапляла ў асноўным у міжсезонне. Гэта найгоршы час, бо ацяпленне яшчэ не ўключанае, і ты ў прамым сэнсе даеш дуба. Ногі і рукі сінія ад холаду, заснуць немагчыма. Каб хоць трошкі перадрамаць, даводзілася напярэдадні адбою рабіць фізічныя практыкаванні. Пакуль цела разагрэтае, ёсць шанец худа-бедна паспаць. І ў прынцыпе заснуць.
Але гэта не сон. Ты як ва ўгары ўвесь час. Цягам ночы ўскокваеш па некалькі разоў ад пачуцця страшэннага холаду, пачынаеш зноў рабіць практыкаванні, расціраць цела. Зноў скочыш на дошку і стараешся заснуць. І так усю ноч. А тут ужо і пятая раніцы — ты яшчэ і спаць па сутнасці не клаўся, а ўжо пад’ём.
Кантралёры любілі ў 5.00 на ўсю гучнасць уключыць «мясцовую радыякропку». Гэта катаванне гукам. Металічны жаночы голас з надрывам пачынаў вяшчаць пра правілы ўнутранага распарадку і ўтрымання ў ШІЗА і ПКТ. Такая агучка па нервовай сістэме вельмі моцна б’е. Не кожны здольны вытрымаць такі вынас мозгу.
Палітзняволеная Сафія Малашэвіч мірыцца з гэтым здзекам не стала: не ведаю, як яна ўмудрылася, але ў рэшце рэшт здолела дацягнуцца да закратаванай апаратуры і разбіць яе.
У гэты момант у вочка камеры акурат глядзеў намеснік начальніка калоніі Кавалёў.
Падпалкоўніка ўчынак дзяўчыны прывёў у лютасць. Сафія за свой перфоманс, вядома, атрымала дадатковыя суткі ў ШІЗА. Пратрымалі яе там тады больш за месяц. Але палітзняволеная не зламалася. Мы бачыліся напярэдадні яе вызвалення, быў гэта жнівень 2022 года, — Сафія ўсміхалася і жартавала. І нават прыгоды ў ШІЗА згадвала з гумарам.
Што было самае цяжкае ў тых сценах? Усведамленне таго, што вось тут ты можаш страціць сваё жыццё, што знясілены, хворы, без належнай медычнай дапамогі, ты папросту тут памрэш і з камеры гэтай вернешся дамоў у труне.
«Не падай духом! Ты сможешь!» — гаварыў нацарапаны кімсьці надпіс на сцяне камеры ШІЗА, у якой мне давялося праседзець 30 сутак.
Часамі не верыцца нават, што змагла, што ўсё гэта ўвогуле з намі адбывалася. Мы вярнуліся дамоў жывымі, хоць і знясіленымі.
Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін ужо не вернуцца.
Як капітана Проніна пенсіянерка ў накаўт даслала
— Осужденная Гнаук! Почему ваше спальное место заправлено не по установленному образцу? — супрацоўнік рэжымнага аддзелу Пронін узяўся за перавыхаванне 66-гадовай палітзняволенай пружанкі.
Жанчына шчыра не разумела, што ад яе хочуць, і напачатку спрабавала пераканаць службоўцу, што з запраўкай шконкі ў яе ўсё як мае быць.
Наіўная, інтэлігентная Алена Пятроўна папросту не ведала, што Пронін — гэта лакей адміністрацыі, праца якога палягае на стварэнні канфліктных сітуацый з палітычнымі. Калі супраць таго ці іншага палітвязня дадзеная зверху каманда «фас», за справу бярэцца Пронін. Гэты служка ладзіць правакацыі, а пасля складае рапарты.
Так было і гэтым разам.
Пронін нават не даслухаў жанчыну да канца: ён згарнуў і скамячыў пасцельную бялізну з яе нары і здекліва прамовіў:
— А сейчас ваше спальное место тоже застелено по установленному образцу?
Алена Пятроўна пагардліва акінула служку позіркам. Яна ўсё зразумела.
— Певень свінні не таварыш, — абламала рогі Проніну жанчына. Той сглынуў сліну. І хуценька пабег складаць на пенсіянерку рапарт.
Такога чалавека цяжка назваць не тое, што афіцэрам, — нават мужчынам. Мужчына характарызуецца мужчынскімі ўчынкамі і ён мужны. А гэты — баязлівы істэрык. Толькі і здольны, што з жанчынамі ваяваць.
Алену Гнаўк неўзабаве пасадзілі ў ПКТ, а пасля яшчэ і асудзілі дадаткова — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі». Старэйшы лейтэнант Пронін стаў капітанам. Лукашэнкаўскае залюстроўе. Але крывыя люстры рана ці позна трэснуць.
Як мы змагаліся за эканамічную бяспеку Беларусі
— Вопросы есть? — ляніва звярнуўся да нас карпусны падчас вечаровай праверкі.
Люты 2022 года. Брэсцкае СІЗА. Мы ў адной камеры з Аняй Баран. Гэтак жа ляніва, але, хутчэй, з пагардай глядзім на мажнага карпуснога па мянушцы Шрэк.
— Вопрос у нас к вам всегда один и тот же, — уступіла ў дыялог Аня. — Калі вы адрамантуеце кран?
Кран у камеры цёк ужо працяглы час. Таксама, дарэчы, у пэўнай ступені від катавання, бо пастаяннае капанне вады дужа раздражняе і грае на нервах.
А нервы там і без крана аголеныя і нацягнутыя як струна.
Пытанне пра неабходнасць рамонту сантэхнікі мы ўзнімалі з супрацоўнікамі следчага ізалятара кожны дзень. Тыя кожны дзень абяцалі нам вырашыць праблему, але нічога не рабілі. Яны дзяжурна абяцалі, мы рабілі выгляд, што верым, — зачараванае кола.
І вось мая сяброўка вырашыла яго нарэшце разарваць.
— Воля, я ведаю, што рабіць, — Аніны вочы заблішчэлі, у зрэнках заплясалі хітрыя чорцікі. — Ёсць такая класная Дырэктыва Лукашэнкі — № 3. Дык вось у ёй адзначаецца, што «эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Гэта я і пакладу на паперу і абвінавачу службоўцаў, што яны ідуць супраць палітыкі свайго прэзідэнта.
Адпаведная заява лягла на стол адміністрацыі брэсцкага СІЗА наступнай раніцай.
Кран адрамантавалі ў той жа дзень.
— Осужденная Баран, берегите силы, они вам еще понадобятся, — запалохвалі Аню ўжо на наступную раніцу аператыўнікі. Яны ў літаральным сэнсе ўваліліся ў камеру натоўпам адразу пасля пад’ёму — мы яшчэ нават не паспелі пераапрануцца, былі сонныя, вядома, трохі разгубіліся. Гэтага эфекту нечаканасці служкі і дамагаліся.
— Гэта пагроза? — удакладніла Аня.
Выразнага адказу мы, канечне ж, не атрымалі.
А чаго ад іх яшчэ чакаць? Людзі, якія даўно забыліся, што азначае гонар мундыру і гонар чалавечы, не здольныя нават адкрыта прызнацца ў сваіх учынках і намерах. Такім чынам служкі, магчыма, спадзяюцца, што іх подласць застанецца ананімнай, што «вайна ўсё спіша».
Але на волю з іх катоўняў ужо выйшлі і працягваюць выходзіць дзясяткі палітвязняў, якія ўсё памятаюць.
І мы абавязкова будзем сведчыць пра злачынствы рэжыму і яго цэрбераў у незалежным судзе дэмакратычнай Беларусі.
Працяг будзе