На лэйбле Radio Plato выйшаў дэбютны альбом беларускага гурта Vapna — Askiepki LP.
Askiepki LP — гэта беларускамоўны альбом з музыкай, якая вагаецца паміж напорыстым краўт-рокам і пост-панкам, часам ступаючы на электрапоп-тэрыторыю. Плытка ўздоўж і поперак прасякнута беларускім вайбам: тут падымаюцца тэмы міграцыі, раз’яднанасці і бясконцага беларускага лета, агарнутыя ў смелыя, часам псіхадэлічныя сінтэзатарныя эксперыменты.
— 10 трэкаў, 5 гадоў, 6 краін — альбом Askiepki увабраў у сябе вельмі шмат і ствараўся вельмі павольна, урыўкамі і наскокамі; жыццё апошнімі гадамі не спрыяла запісу музыкі. Але ўпартасць перамагла, — кажуць музыкі.
— Мы хочам, каб гэты альбом быў мосцікам праз межы і паміж месцамі; каб яго слухалі і ў Менску, і ў Вільні, і ў Гомлі, і ў Гданьску, і паўсюль, дзе ён можа быць пачуты і зразуметы. Бачым сваю працу часткай новай хвалі беларускай музыкі, якая з’яўляецца проста цяпер і нясе ў сабе будучыню.
Vapna — гэта дуэт Андрэя Вазьянава і Паўла Астахава. Гурт быў заснаваны ў 2019 годзе пад назвай Novy Byt, затым быў перайменаваны ў Vapna. Уласна, матэрыял для альбома быў запісаны ў перыяд з 2019 па 2022 гады, таму ўвесь нерв сучаснай гісторыі Беларусі можна адчуць у альбоме напоўніцу.
Слухаць альбом можна на ўсіх стрымінг-платфорах.
Падтрымаць альбом на Bandcamp.
Таксама выйшаў эпізод «Рэдактарскага падкаста» з удзелам франтмэна гурта Андрэя Вазьянава, дзе ён падрабязна распавядае пра стыль альбома, яго мэсэджы і іншыя цікавосткі Vapna.
паводле прэс-рэлізу