Ён верыць, што вяртанне немагчыма. Дакладней, мы абавязкова вернемся, але не ў тое месца і не ў той час, кажа Альгерд Бахарэвіч. Яго роднага Менска, які ён калісьці пакінуў, даўно няма, а апошнім прыпынкам стаў швейцарскі Цуг – маленькі горад пад Цюрыхам, дзе Бахарэвіч піша свой чарговы раман.
Пра страчаны рай, пра найлепшыя кнігі і пра гісторыю, якую нельга забараніць, слухайце ў нашым інтэрв’ю.
«Гісторыя ўсё роўна ідзе, і спыніць яе немагчыма. І яна помсціць тым краінам і тым грамадствам, дзе раптам вырашылі, што яна падуладная чалавечым і дзяржаўным законам».
«Усе нашыя ўспаміны – гэта насамрэч выдумкі, заснаваныя на частковай праўдзе. У сваёй кнізе «Хлопчык і сьнег» я спрабаваў знайсці адказы на пытанні, наколькі шмат мы памятаем, наколькі шмат мы мусім памятаць і што мы забываем… А яшчэ, гэта кніга пра дзяцінства, якое заўсёды – страчаны рай. Мне было вельмі балюча яго ўспамінаць».
«Таго Менску, які мы пакінулі, ужо няма. І трэба гэта зразумець. Гэта ўжо зусім іншы горад. Так што мы абавязкова вернемся не ў тое месца і не ў той час».
«Я разумею, што мне не так шмат часу засталося на гэтым свеце. Можа, 20 гадоў. Можа, 25… Але вельмі хацелася б пабачыць, як гэтая сістэма ляснецца, як яна разляціцца на ашмецце. Мне вельмі цікава, што здарыцца з гэтым светам, калі распадзецца пуцінская імперыя і знікне пошлая лукашэнкаўская дыктатурка».
«Беларуская ўлада – гэта перароджаны «савок». Мне здаецца, што яны яшчэ не зразумелі, у якім свеце жывуць. Складаць спісы экстрэмісцкіх матэрыялаў або забараняць кнігі – гэта штосьці даўно састарэлае. Людзі, якія хочуць нешта забараніць у свеце, змагаюцца з інтэрнэтам, а не з папяровымі кнігамі».
«Найлепшыя кнігі – гэта тыя, дзе пісьменнік парушае нейкія правілы. Толькі тады твор цікавы. Літаратура – гэта парушэнне стэрэатыпаў, ламанне схем».
«Я найперш адчуваю сябе раманістам. Гэтая форма цікавая мне больш за астатнія. Мне здаецца, што раман – гэта дыханне, якое мне патрэбна, каб выказаць штосьці важнае».
«Я чалавек старамодны – у мяне ёсць нататнікі, куды я запісваю ўсё тое, што можа быць важным для будучай кнігі. Мой почырк вельмі неразборлівы, і часам я потым сам не магу прачытаць тое, што напісаў. У выніку адбываецца нейкі працэс расшыфроўкі. Гэта таксама частка маёй працы».
«Адно з вялікіх мастацтваў для любога пісьменніка – гэта зразумець, дзе спыніцца. Дзе паставіць кропку. Калі я разумею, што я перастаў дыхаць тэкстам, тады я яго сканчаю…»