У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала, як пенсіянерка з Пружан намыліла шыю капітану ўнутраных войск, а таксама разважала, чаму злачынствы рэжыму не застануцца беспакаранымі. Сёння распавяду, як мяне вербавалі супрацоўнікі ГУБАЗіка, чаму для адміністрацыі калоніі жыццёва важна выбіць у палітычных прызнанне віны і якая галоўная задача палітвязня за кратамі.
«Хотели приехать к вам с ОМОНом и СОБРом»
— А вам никогда не приходило в голову, что мы и что-то хорошее делаем? Что, возможно, мы кому-то спасаем жизни? — пытальна паглядзеў на мяне афіцэр ГУБАЗіка.
Размова адбывалася ў пярэднім пакоі маёй кватэры 15 снежня 2022 года. Мінула менш за суткі, як я вызвалілася з калоніі. Яшчэ нават не распакавала рэчы.
За кратамі я ўвесь час марыла пра ванну. Часта ўяўляла, як прыеду дахаты, напушчу ў ванну шмат вады, пены і не буду з яе вылазіць як мінімум гадзіны тры. Разам з тым гэтыя мары суправаджаліся пэўнай трывогай: а раптам залезу туды, а ў гэты момант сілавікі акурат пачнуць ламаць дзверы?
Так і адбылося.
— Открывайте! — зло закрычаў мужчынскі голас. Уваходныя дзверы хадзілі ходырам. Іх літаральна выносілі.
— Перастаньце ламаць дзверы! Я ні ад каго не хаваюся, зараз адчыню, мне трэба апрануцца, — таксама рэзка адказваю я.
Хуценька накідаю на мокрае мыльнае цела халат. Спрабую адчыніць дзверы, але нічога не атрымліваецца. Мама паставіла новыя, пакуль я сядзела, замок звонку адчыняўся ключом і я яшчэ да гэтага не прыстасавался.
Губазікаўцаў мая марудлівасць насцярожыла і раззлавала. Яны нецярпліва пачалі тузаць дзвярную ручку.
Не памятаю дакладна, колькі часу ў мяне заняло адкрыццё дзвярэй, памятаю толькі, што за гэты час перад вачыма пранеслалася ўсё жыццё. Сумна акінула позіркам неразабраныя торбы з калоніі. «Мо, ужо і не варта разбіраць?» — мільганула ў галаве.
ГУБАЗік ужо ў кватэры. Паказваюць «корачкі». Разуліся. «Значыцца, біць не будуць. Хаця хто іх ведае», — падумала сама сабе.
— Ольга Александровна, мы с дружеским визитом, — фальшыва ўсміхнуўся адзін з афіцэраў. — К вам вчера было приковано очень много внимания со стороны экстремистских СМИ, хотели вас предупредить… Если вы дадите им интервью или комментарий… Вы же понимаете, что это новое уголовное дело.
— З якіх гэта часоў ГУБАЗік прыязджае да апазіцыянераў з сяброўскім візітам? — усміхнулася я ў адказ.
— Кстати, да, мы вот думали к вам с ОМОНом и СОБРом приезжать. Почитали на вас характеризующий материал из колонии… думали — зверь какой-то. А оказалось — нормальный человек, — уступіў у размову другі афіцэр. — Кстати, а куда вы собираетесь трудоустравиваться?
— У Полк Каліноўскага. Куды ж мяне яшчэ возьмуць? — адказваю няпрошаным гасцям.
Павісла працяглая паўза.
— Смешно, — перарваў маўчанне адзін з афіцэраў.
— Вельмі, — адказваю яму.
Адобва служкі ўважліва глядзяць мне ў вочы і не могуць зразумець, ці то я жартую, ці то кідаю ім выклік.
— Хорошо. А вы можете пойти нам навстречу и сообщить, если с вами свяжутся представители экстремистских СМИ или экстремистских формирований и что-то вам предложат, либо что-то будут планировать в Беларуси? — мягка запытаўся адзін з гасцей.
— Не. Не магу. Гэта супярэчыць маім маральным прынцыпам, — цвёрда адказваю я.
Мой адказ губазікаўцам яўна не спадабаўся. Сыходзячы, адзін з іх кінуў: «Это наша не последняя встреча».
«Хто б сумняваўся», — прамовіла я.
Нечаканая лірыка кшатлу «мы ж не толькі кепскае робім, а вы вось нашыя даныя ў сеціва зліваеце» не выклікала ў мяне ні спагады, ні жадання разбірацца ў тонкасцях іх душы.
Я гэта чула неаднойчы падчас знаходжання за кратамі. Чалавек у форме цябе катуе і пры гэтым просіць, каб ты ўвайшоў у яго становішча, зразумеў яго, фармуе ў цябе праявы «стакгольмскага сіндрому».
Я цалкам дапускаю, што сярод сілавікоў хапае тых, хто недалюблівае дзейсную ўладу, хто не дужа хацеў бы запэцквацца ў рэпрэсіях, хто таксама хоча дэмакратычных перамен, каб працавалі законы, каб кіраўнік дзяржавы быў усенародна абраны і адэкватны.
Але чаго вартыя ўсе гэтыя іх погляды і завуаляваная салідарнасць з намі, калі ўсе гэтыя людзі працягваюць працаваць у сістэме, выконваць злачынныя загады, прама ці ўскосна душыць нелаяльных, абараняць і ўмацоўваць рэжым? На гэтых службоўцах такая ж адказнасць за рэпрэсіі і злачынствы супраць народу, як і на апантаных ідэйных цэрберах.
Мінула амаль тры гады з моманту здушэння народнага паўстання ў Беларусі, і за гэты час ужо кожны мог разабрацца, што насамрэч дзеецца ў краіне, дзе белае, а дзе чорнае, і дзе сярод гэтага цемрашальства тваё месца.
Хтосьці абраў пакутлівы шлях і кінуў выклік сістэме — а як іначай? Праз гэта некаторыя страцілі жыццё, здароўе, свабоду, але іншага шляху ідэйныя людзі для сябе не ўяўляюць. А гэтыя нібыта цямлівыя сілавікі, якія і ўсё разумеюць, і спачуваюць нам, вырашылі ўседзець на двух крэслах: нічым не рызыкаваць, не ахвяраваць, не несці ніякай адказнасці, не браць яе на сябе. Так не бывае.
Рэжым знішчае беларускую нацыю. І ў гэтай сітуацыі імкнуцца ўтрымацца недзе пасярэдзіне, заняць пазіцыю «і нашым, і вашым» — амаральна і злачынна.
Я не адчуваю спагады і сімпатыі да тых, хто дагэтуль апранае форму з лукашэнкаўскім сцягам і пераконвае ахвяр рэжыму ў тым, што ім гэта непрыемна. І што насамрэч гэтыя людзі з намі і падзяляюць нашыя каштоўнасці і погляды.
Калі падзяляеце — то пакажыце гэта на справе, а не на словах. Не люблю пафас. Ён цяпер недарэчы.
Падобныя прызнанні жалю вартыя.
Хавацца за спіну народа — бадай што, самы агідны і баязлівы выбар. Выбар слабога, крывадушнага чалавека.
І тым не менш, яны яго зрабілі. І паважаць за гэта немагчыма.
Задушыць палітычных любой цаной
— Не ведаю, што мне рабіць. Кузняцоў цісне на мяне, патрабуе, каб я сабрала кампрамат на Іну Можчанка, каб раскруціла яе на новую крымінальную справу, разгаварыла. У адваротным выпадку абяцае навесіць на мяне статус злосніка і згнаіць у ШІЗА, — скардзілася мне на фабрыцы палітзняволеная дзяўчына.
Пра аператыўніка Кузняцова-Джасава я шмат пісала ў папярэдніх частках дзённікаў. Не таму, што гэта нейкая выбітная асоба, а таму, што гэты служка ўрэзаўся ў памяць сваёй асаблівай жорсткасцю. У подлых метадах працы па растоптванні палітычных Кузняцоў-Джасаў, бадай, пераплюнуў усіх астатніх аператыўнікаў. А ў некаторых момантах нават і свайго ідэйнага натхняльніка Дзяржынскага.
— Жалко на такую даже ручку, — зло сплюнуў Кузняцоў, саджаючы мяне ў клетку. Я ў чарговы раз адмовілася шыць форму для амапаўцаў, аператыўнікі вывелі мяне з фабрыкі і патрабавалі, каб я напісала пісьмовую адмову ад працы.
Больш за ўсіх абураўся Кузняцоў.
Замкнуўшы мяне ў клетцы, аператыўнік засвяціўся ад шчасця.
— Вот видите, Класковская не хотела шить, поэтому сидит в клетке. И вы тоже, если будете плохо работать, будете в ней сидеть, — пафасна-здзекліва крыўляўся ён. Акурат у гэты час на фабрыку з вячэры вярталіся атрады. Клетка адмыслова знаходзілася ў такім месцы (каля фабрычнай брамы), каб шыхты асуджаных бачылі яе і чалавека, які ў ёй знаходзіцца. Турэмнікі любяць здзеквацца з вязняў публічна — каб іншыя баяліся, каб катаванні мелі выхаваўчы эфект.
Асуджаныя глядзелі на мяне з жахам і болем. Я ўсміхнулася і паказала знак «віктары». У гэты момант у мяне адкрыўся моцны крывацёк.
— Имеете ли жалобы на здоровье? — запытваецца на камісіі па пакаранні, на якую мяне прывялі неўзабаве, тагачасны начальнік санчасткі Куратнікаў.
— Канешне. У мяне моцны крывацёк, — адказваю яму.
Медык у пагонах пачаў смяяцца. У вачах заблішчэў метал.
— Я считаю, это не является препятствием для вашего нахождения в ШИЗО. Там вам окажут необходимую медицинскую помощь, — рэзюмаваў той.
— А што тут такога смешнага, дазвольце запытацца? І вы ўвогуле разумееце, што вы робіце? Вы здзяйсняеце злачынства, саджаючы хворага чалавека ў катавальныя ўмовы, — кажу Куратнікаву.
Чальцы камісіі задаволена засмяяліся.
Гэта псіхалогія садыстаў: атрымліваць асалоду ад пакутаў ахвяры. Суцэльнае расчалавечванне, суцэльная дэградацыя. Рэжым на такіх і трымаецца.
Палітзняволеная дзяўчына, на якую ціснуў Кузняцоў, скарысталася маёй парадай і прыкінулася шлангам — маўляў, ды які там кампрамат, ніхто мяне ўсур’ёз з дарослых палітвязняў не ўспрымае, нічым патаемным не дзеліцца, вашае заданне я завалю. Пракаціла. Сяброўка ўжо на волі і ў бяспецы.
З Інай Можчанка мы сустрэліся за пару дзён да майго вызвалення — выпадкова, ля будынка, дзе адбываліся тэлефонныя званкі. Жанчына выглядала вельмі разгубленай, абняла мяне, заплакала.
— Іна, трымайся. Калі ласка, не падай духам, — прашаптала я ёй.
З-за празмернасці эмоцый палітзняволеная нічога не здолела сказаць: толькі кіўнула галавой і яшчэ мацней заплакала.
Ад бяссілля рукі сціснуліся ў кулакі.
Застацца жывым
Вярбоўка палітычных — адна з галоўных мэтаў адміністрацыі калоніі. Ім вельмі важна, каб чалавек запэцкаўся, каб яго можна было трымаць на кручку, выкарыстоўваць, маніпуляваць, шантажаваць.
Аператыўнік Чорны ўсе размовы з палітвязнямі запісвае на дыктафон. Маёр не вядзе запіс толькі тады, калі пагражае вязню ці ўжывае лаянку. Навошта ж на самога сябе кампрамат збіраць.
Для адміністрацыі гомельскай калоніі жыццёва важна дамагчыся ад палітвязня прызнання віны. Нават прашэнне аб памілаванні ў гэтых прыярытэтах адыходзіць на другі план. Віна. Ты павінен пісьмова прызнаць, што памыляўся ў сваіх поглядах і дзеяннях, фактычна зрачыся самога сябе, свайго светапогляду, сваіх каштоўнасцяў. Тады, на думку сілавікоў, ты пераможаны, растаптаны, ужо не з’яўляешся небяспечным для рэжыму, а адміністрацыя справілася са сваёй галоўнай задачай — «перавыхавала цябе».
Некаторыя палітвязні не вытрымлівалі і падпісвалі паперы. І нельга іх за гэта асуджаць і папракаць. Падобныя прызнанні ва ўмовах палону, калі людзей катуюць, нічога не вартыя.
У мяне атрымалася пазбегнуць гэтай долі, але я ніколі не буду асуджаць свайго паплечніка, які не вытрымаў ціску катавальнай машыны.
Рэпрэсіі ўнутры калоніі яшчэ больш жорсткія, чым звонку. За кратамі табе няма куды падзецца, табе паслядоўна, мэтанакіравана ламаюць хрыбет, а ты нават здачы не можаш даць, табе няма куды схавацца, ты цалкам бездапаможны.
— Ты ведаеш, як яны дамагліся ад мяне прызнання віны? Выклікаў напярэдадні вызвалення аператыўнік. Паклаў перад сабой дзве тэчкі і кажа: у адной — папера аб прызнанні віны, у другой — матэрыялы для новай крымінальнай справы. Выбірай, што падпісваць, — апавядала мне нядаўна былая палітзняволеная.
Жанчына плакала, успамінаючы гэты эпізод. Балючыя ўспаміны, калі цябе ў літаральным сэнсе ўзялі за горла і пачалі душыць, а ты не змог адбіцца, мучаць яе і цяпер.
— Усё мінецца, а праўда застанецца, — сказала я тады ёй. — Галоўнае, што выжыла і жывой і здаровай вярнулася з гэтага пекла.
Гэта і ёсць галоўная задача палітвязняў у палоне — зберагчы сябе для лепшага жыцця.
Працяг будзе.