Доступ да сайта інтэрнэт-блібліятэкі Kamunikat.org абмежаваны рашэннем Міністэрства інфармацыі. Паведамленне пра гэта з’яўляецца пры спробе зайсці на сайт з Беларусі.
Бібліятэку заснаваў вядомы журналіст з Падляшша Яраслаў Іванюк. На сёння ў нетрах бібліятэкі захоўваюцца тысячы беларускіх публікацый — кніг, часопісаў, газет, аўдыяфайлаў, якія тычацца Беларусі ці беларусаў.
З нядаўняга часу «Камунікат» — гэта яшчэ і выдавецтва. За мінулы год выйшаў шэраг папяровых выданняў: кнігі Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Ганны Янкуты, шыкоўны зборнік «Нерасстраляныя», ажно пяць кніг Уладзіміра Арлова, ды інш. З апошняга насценны каляндар кампаніі «Будзьма беларусамі!».
Як ствараўся «Камунікат»
Падчас святкавання дзесяцігоддзя «Камуніката» Яраслаў Іванюк распавядаў, што бібліятэка стваралася не за адзін дзень, а для сябе ў якасці даты нараджэння «Камуніката» ён абраў 20 чэрвеня 2000 года, дзень, калі нарадзіўся ягоны сын. Як раз будучы цяжарнай, жонка Яраслава навучыла яго рабіць сайт.
Па словах стваральніка бібліятэкі, напачатку яна існавала ў «партызанскіх» умовах. Але з часам сціплы збор публікацый беларусаў Беласточчыны вырас да 800 найменняў. Стала зразумела, што далей працаваць «па-партызанску» немагчыма, і Яраслаў пачаў шукаць дапамогу. Гэтую дапамогу аказала польскае Міністэрства замежных спраў. Дзякуючы яго фінансавай падтрымцы ў рамках праекта «Польская дапамога» Каmunikat.org ператварыўся ў найбуйнейшую беларускую інтэрнэт-бібліятэку.