У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра сваё гвалтоўнае выкраданне з мінскага шпіталя, а таксама, што хвалюе патомных турэмнікаў. Сёння распавяду, чаму аператыўнікі гомельскай калоніі баяцца васількоў, чаму саромеюцца хадзіць у форме па горадзе і куды начальнік ПК-4 Талсцянкоў даслаў палітзняволеную Алану Гебрэмарыям.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Закратаваныя васількі і дзмухаўцы з пахам волі
— Воля, гэта табе, — Ксюша Сырамалот сарамліва працягвае малюнак. На ім — васількі з бел-чырвона-белай стужкай за калючым дротам.
Ксюша — адна з фігурантак “справы студэнтаў”, нядаўна яе перавялі ў нашу камеру нумар 74. Люты 2021 года. Валадарка.
— Між іншым, гэта не проста малюнак, а эскіз тату, — усміхаецца дзяўчына. — Наб’еш сабе такую?
— Канешне. Абяцаю, — адказваю сяброўцы.
— Ваў, супер. Дужа цешуся, — задаволена працягвае мая сукамерніца.
Прынеслі пошту. Ксюша атрымала ліст ад таты, я — ад незнаёмай пенсіянеркі. Апроч цёплых слоў падтрымкі, жанчына прыклала падрабязную фотасправаздачу аб тым, як яна хадзіла ў лес па грыбы.
Гэта так кранальна. Мне ўвогуле вельмі шмат лістоў менавіта ад пенсіянераў прыходзіла. Яны дасылалі мне засушаныя кветачкі, сярод якіх — дзмухаўцы, елачныя лапкі, малюнкі, самаробныя паштовачкі.
Чытаю ліст, а перад вачыма — Марш пенсіянераў. Кастрычнік 2020. Мінск. Супраць сталых, бяззбройных, фізічна слабых людзей сілавікі ўжылі слёзатачывы газ.
Хоць Лукашэнка і сам пенсійнага ўзросту, але ніякай павагі да сівізы не мае. У яго разуменні, калі ты выказаўся супраць улады, ты — проста вораг, і права на гуманнае стаўленне ўжо не маеш. І няважна пры гэтым, якога ты ўзросту, полу, у якім ты фізічным стане. Ты — пагроза яго бяспецы, яго дабрабыту. Цябе трэба знішчаць.
Верасень 2020 года. Мінск ачэплены, дарогі перакрытыя, транспарт заблакаваны. Інтэрнет не працуе. Спрабую трапіць на Марш, але сілавікі рассякаюць калоны, мы ніяк не можам сабрацца. Усюды аўтазакі і ўзброеныя людзі ў балаклавах. Уражанне такое, што знаходзішся ва акупацыі ва ўласнай краіне.
Я намотваю колы паміж чыгуначным вакзалам і Домам ураду, ніяк не магу выбрацца з гэтай пасткі, горад у аблозе.
Насустрач ідзе пажылая кабета з бел-чырвона-белым парасонам. Спыняецца, вітаемся, абдымаемся. Вось так за некалькі секунд у 2020 годзе беларусы рабіліся блізкімі адзін аднаму людзьмі.
— Ох, нават і не ведаю, ці здолею я ўрэшце трапіць на Марш. Старая я ўжо, цяжка вось так бегаць па горадзе гадзінамі, здароўе ўжо не тое. Уся надзея на вас, вы маладзейшая. Давайце паспрабуем злавіць вам таксоўку, я аплачу, — прапаноўвае пенсіянерка.
Я тактычна адмаўляюся, кажу, што грошы на таксоўку ў мяне ёсць. Мы развітваемся, жанчына пешшу ідзе дамоў, а я па-ранейшаму спрабую прарвацца з ачаплення і трапіць на Марш.
У раён Нямігі я дабралася праз некалькі гадзін. Людзей там ужо не было. Толькі даўжэнныя калоны аўтазакаў.
— Ты ведаеш, што мне тата піша? — перарывае мае ўспаміны Ксюша Сырамалот. — Маўляў, вось ужо два з паловай месяцы, як цябе з намі няма… Гэта што яны такое прыдумалі, заўчасна мяне пахавалі, ці што? — сумна ўсміхаецца палітзняволеная.
Ксюшын малюнак у мяне пазней забралі аператыўнікі, з калоніі я яго так і не вынесла. Як і малюнкі Вікі Міронцавай, і газеты, і шмат якія лісты. Але памяць па-ранейшаму трымае ў галаве выяву закратаваных васількоў. Памяць — гэта тое, што служакам непадкантрольна. Яе сцерці і знішчыць немагчыма.
У салоне прыгажосці ў Цюрыху, дзе я рэгулярна раблю манікюр і педыкюр, большасць кліентак — пенсіянеркі. Модніцы і какеткі, дагледжаныя, шчаслівыя, добра апранутыя. Я хачу, каб нашыя пенсіянеры жылі гэтак жа.
Хаваюць імёны, хаваюць мундзіры
Я даўно з’вярнула ўвагу: супрацоўнікі гомельскай калоніі ніколі не прыходзяць на працу ў форме. І дахаты таксама вяртаюцца ў гражданскай вопратцы. Пераапранаюцца ў калоніі.
Чаго яны баяцца? Чаму не ганарацца мундзірамі, зорачкамі на пагонах, за якія яны так выслугоўваюцца, ажно са скуры вылузваюцца?
Калі Талсцянкоў, Кавалёў ды іншыя служакі ідуць па калоніі — гэта ледаколы, якія крушаць усё, што трапляецца на шляху.
Па сканчэнні працоўнага дня, звычайна вельмі плённага на ніве змагання з палітычнымі, у гэтых пераапранутых і пераабутых людзішках вельмі цяжка пазнаць “грозных начальнікаў”, што яшчэ паўгадзіны таму здзекваліся з бездапаможных жанчын.
Гэта ўжо і не монстры-аператыўнікі і не агрэсіўны начальнік рэжымкі Сіўцоў, а худзенькія нязграбныя хлопчыкі ў абцягнутых джынсах і маечках. Ні мускулатуры, ні мужчынскай постаці, ні сілы — нічога ў іх няма. Па-дзіцячаму худзенькія ручкі і ножкі, вузкія спіны, сутулыя, жанападобныя — на такога, калі выпадкова сустрэнеш у горадзе, нават не звернеш увагі.
Адным словам, нічога мужчынскага.
Але выдаюць служакаў вочы. Яны бегаюць, у іх непрыемна глядзець. І калі гэтыя кадры ідуць у бок брамы да “агней вялікага гораду”, у іх, службоўцаў, вачах вельмі выразна чытаюцца баязлівасць і няўпэўненасць.
Яны баяцца. Яны ўжо не на сваёй тэрыторыі. А раптам хтосьці іх пазнае і вырашыць аддзячыць ад імя беларускага народу?
Адчуванне суцэльнай беспакаранасці не азначае адсутнасці страху за ўласную бяспеку. Нават у садыстаў ёсць і спрацоўвае інстынкт самазахавання.
Калісьці я распавядала намесніку начальніка калоніі Кавалёву аб тым, што падчас пратэснай акцыі бачыла слёзы ў вачах салдат тэрміновай службы. Падпалкоўніка аж перасмыкнула тады:
— Ты думаешь, это от того, что они вам сочувствуют? А тебе не приходило в голову, что им просто страшно?
— Страшна біць свой народ? — удакладняю ў Кавалёва.
— Нет. Страшно, что им тоже прилетит, — адказаў мне тады ён.
Службоўцы хаваюць не толькі мундзіры, але і прозвішчы. Так, аператыўнік гомельскай калоніі Кузняцоў насамрэч народжаны Джасаў. Прозьвішча змяніў афіцыйна. Думаю, не ён адзін такі.
Вельмі нярвова рэагуюць служакі і на зліў іх асабістых даных у сеціва. Увесь час пра гэта кажуць — са злосцю, нянавісцю альбо напускным раўнадушшам. Дадаючы пры гэтым з фальшывай бравадай: “Ой, да мне пофиг”. Хм, ну калі табе, як ты сам выказаўся, “пофиг”, то чаму ты тады ўвесь час пра гэта гаворыш?
Вялікі Брат сочыць за табой
Яшчэ адна рэч, на якую я звярнула ўвагу, — гэта нездаровая цікаўнасць (збольшага з боку аператыўнікаў і кантралёраў-мужчын у следчых ізалятарах) да інтымнай тэматыкі, інтымнага жыцця зняволеных жанчын.
Кантралёры — вядомыя аматары падглядаць у вочкі камер за жанчынамі, калі тыя пераапранаюцца, ходзяць у прыбіральню і мыюцца. Апроч вочка, дарэчы, у большасці СІЗА ў камерах усталяванае і відэаназіранне. Самаробныя фіранкі (звычайна мы іх рабілі з прасцінаў) супрацоўнікі з прыбіральні нам зазвычай зрывалі. Ва ўсялякім разе так было ў брэсцкім СІЗА. У агульнай душавой таксма некалькі вочкаў. Вельмі часта, мыючыся, мы чулі мыжчынскі рогат.
Здаралася так, што часам ідзеш у так званую прыбіральню, з цяжкасцю пераадольваючы сорам, бо няма фіранкі, а ў гэты момант яшчэ і адчыняецца кармушка, супрацоўнік-мужчына глядзіць у вочка, называе тваё прозвішча і патрабуе, каб ты здала яму рапарт па прафілактычным уліку.
24 гадзіны ў суткі ты, як на далоні. Ні пераапрануцца, ні у прыбіральню схадзіць, ні абмыцца. Вялікі Брат сочыць за табой.
Што гэта, як не катаванні?
— Слушай, Бондаренко, а чего твой муж живет с котом? Он у тебя извращенец? — радасна загігікаў начальнік аператыўкі Сіўцоў, звяртаючыся да палітзняволенай Віты Бандарэнка.
Вальяжна раскінуўшыся ў крэсле кабінету, маёр працягваў хіхікаць і штосьці шукаць у сеціве. Пасля павярнуў манітор да Віталіі:
— Ну видишь, в интернете так и пишут: мужчина, который живет с котом, – извращенец и зоофил.
Віта сказала мне пасля, што агідныя паводзіны рэжымніка сталіся для яе не самым моцным узрушэннем.
— Было і горай. Прывезлі мяне і яшчэ адну палітычную ў баранавіцкае СІЗА. У пакой, дзе шманаюць, зайшоў мужчына ў форме, з нянавісцю акінуў нас позіркам і працэдзіў скрозь зубы: «А этих досмотреть с особым пристрастием», — з болем узгадвае сяброўка. – У пакой зайшлі яшчэ двое мужчын і загадалі нам цалкам распрануцца, у тым ліку зняць ніжнюю бялізну. Я распранулася, але інтымныя часткі цела закрывалала рукамі. Яны пачалі крычаць на мяне, маўляў, прыбяры рукі. Пасля яшчэ, калі была ўжо цалкам аголеная, прымусілі пакруціцца. Мая сяброўка ледзь не плакала, прасіла іх, каб не змушалі яе здымаць майткі, бо ў яе крытычныя дні… Але яе ніхто не слухаў. Яе таксама распранулі і прымусілі вярцецца.
І такія вось людзі сёння стаяць нібыта на варце закону. Законнікі… Афіцэры… Мужчыны… Зрываюць з бездапаможнай жанчыны майткі і атрымліваюць за гэта ордэны. Якая ганьба. Які сюр.
Хто іх выхоўваў? Дзе яны гадаваліся? Хто іх бацькі, бабулі, дзядулі? Адкуль у іх столькі вычварэнства і жадання прынізіць слабейшага? Не ведаю, ці змагу я калі-небудь знайсці адказы на гэтыя пытанні. І ўсе мы ці зможам?
Так ці інакш, але адно неаспрэчна: мы ніколі не забудзем гэтыя здзекі і катаванні.
Хаця б таму, што забываць і дараваць такое нельга.
Таму, што зло мусіць быць пакаранае. Таму што зло больш ніколі не павінна паўтарыцца. Таму што наступныя пакаленні беларусаў не мусяць пакутаваць.
«Я – беларуска»
— Гебремариам. Какого черта ты сюда приехала и революции тут устраиваешь? Езжала бы в свою Африку и там устраивала бы вместе с сомалийскими пиратами, — скрозь зубы працэдзіў начальнік калоніі Талсцянкоў. Яго гнеўны, прыніжальны спіч быў адрасаваны палітзняволенай Алане Гебрэмарыям.
Алана — актывістка моладзевага руху, калісьці нават у парламент балатавалася. Актыўна ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года. Разумная, прыгожая, мудрая, шчырая і вельмі беларуская, хоць па крыві — напалову эфіопка.
— А я вот за этой девочкой нерусской, — паказвае на Алану пальцам асуджаная па побытавым артыкуле. Мы стаім у чарзе на відэазванкі, у памяшканні шмат людзей, няма чым дыхаць, ужо і званкоў гэтых не хочацца. — Кстати, а кто ты по национальности? — усё не супакойвалася наша суседка.
— Я — беларуска, — з гонарам прамовіла Алана і яшчэ больш выпрастала спіну.
Даволі доўгі час мы былі з Аланай у адным атрадзе. Шмат праз што прайшлі разам, шмат чаго перажылі, увесь час падтрымлівалі адна адну.
На праверцы мы заўсёды стаялі побач, бо жоўтыя біркі, мусім быць навідавоку, у першых шэрагах. Неяк стаім вось так чарговы раз і я з болем заўважаю, што шыкоўная густая шэвелюра сяброўкі скрозь пакрылася сівізной. На момант вызвалення ёй было 25 гадоў.
Алана выйшла з-за кратаў на пару тыдняў раней за мяне і 14 снежня прыехала за мной. З падарункамі, з шампанскім.
Абедзьве разгубленыя, заехалі на аўтазапраўку, што побач з калоніяй, але я так і не змагла зрабіць каву ў кававым апараце. Разгубілася яшчэ больш. Я ж прызвычаілася ў алюмініевым кубку, кіпяцільнікам… На дапамогу зноў прыйшла Алана. Каву мы ўрэшце зрабілі, але важдаліся з гэтай машынай доўга.
— Нічога, мы ж беларусы, мы здолеем, — усміхнулася тады сяброўка і моцна мяне абняла.
Мы — здолелі. І мы здолеем. Бо мы — беларусы. Я веру, што ўсё было недарэмна. Ні тады, у 2020 годзе, ні цяпер.
Працяг будзе.