Беларуская дыяспара Латвіі запрашае ўсіх ахвотных ўпершыню разам узяць ўдзел у традыцыйных штогадовых Днях Рыгі 18-19 жніўня, прымеркаваных да ўгодкаў заснавання латвійскай сталіцы. Беларускі дзень арганізуе Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка» на Ратушнай плошчы (Rātslaukumā) ў суботу, 19 жніўня 2023 г., з 14.00 да 23.00.
Для папулярызацыі традыцыйнага беларускага народнага мастацтва адбудуцца майстар-класы па вырабе выцінанак i лялек-абярэгаў. Сучасную Беларусь будуць прэзентаваць працы Вольгі Якубоўскай, а таксама мастачка правядзе майстар-клас па жывапісе акрылам на шоперах.
Для самых маленькіх удзельнікаў рыхтуюцца настольныя гульні на падабенства беларускіх і латышскіх слоў, а таксама ўзораў нацыянальных арнаментаў.
Плануецца таксама фотазона на фоне карціны Вольгі Якубоўскай «Коцiкі Свабоды ў Рызе».
З галоўнай сцэны ў 16:15 ад беларускай дыяспары горад павiншуе запрошаны да нас спявак Лявон Вольскi. Завершыць беларускую частку канцэрту вядомы латвійскі хор «Frachori» выкананнем беларускамоўнага варыянта славутага латышскага гімна «Saule, Pērkons, Daugava» ў перакладзе паэткі Вікі Трэнас. Хор адмыслова запісаў гэтую песню тры гады таму ў падтрымку латышамі змагання суседзяў-беларусаў.
На набыццё інструментаў і неабходных матэрыялаў для правядзення майстар-класаў, друку прэзентацыйных матэрыялаў, вырабу фотазоны неабходныя дадаткова грошы. Дапамагчы матэрыяльна арганізацыі беларускага Дня Рыгі можна на платформе opencollective.com/supolka_lv
Прапануем ўсім ахвотным далучыцца разам са сваімі ідэямі! Таксама патрэбныя валанцёры на стэнд, якія валодаюць латышскай і англійскай мовамі на гутарковым узроўні.
Латвійскія беларусы сардэчна запрашаюць да ўдзелу ў беларускім Дні Рыгі-2023, каб разам адзначыць 822-ія ўгодкі сталіцы Латвіі!