У папярэдніх частках дзённікаў я распавядала, чаму турэмнікі баяцца хадзіць па горадзе ў форме, а таксама, як начальнік калоніі паставіў палітзняволеную на адну роўніцу з самалійскімі піратамі. Сёння згадваю, як афіцэр Дэпартамента выканання пакаранняў выказаўся супраць улады, што сталася з Бібліяй Змітра Дашкевіча і які артыкул у турме насамрэч лічыцца народным.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
Падпалкоўнік прыадкрывае таямніцу
— Неужели ты не понимаешь, что так быстро в Беларуси ничего не поменяется? На что ты надеешься? Лучше о здоровье своем подумай, — чалавек у пагонах і ў масцы прысеў насупраць, на край суседняга ложка, і запытальна паглядзеў на мяне.
Сакавік 2021 года. Санчастка гомельскай калоніі. Ляжу тут з моцным крывацёкам ужо амаль месяц. Нядаўна правялі тут, на месцы, хірургічнае лячэнне. Без анестэзіі. Медыкі калоніі спаслаліся на тое, што, маўляў, разгар кавіда, прывезці сюды анестэзіёлага няма магчымасці.
Умовы ў палаце, як ні дзіўна, каралеўскія. Асобны бокс, свае душ і прыбіральня. Але гэта не таму, што адміністрацыя так ужо дбае пра мой камфорт. Яны прынялі такое рашэнне (змясціць мяне асобна), каб я не перасякалася з іншымі асуджанымі і, крый божа, не распаўсюджвала палітычную крамолу, не агітавала, не падбухторвала астатніх.
Час ад часу да мяне ў палату закідвалі падсадных качак. Тыя ўсё імкнуліся па максімуме выцягнуць з мяне інфармацыю і пераканаць у тым, каб пачала шыць форму для сілавікоў.
Візіцёр у пагонах назваўся Юліянам Юр’евічам з Дэпартамента выканання пакаранняў. Яго вельмі цікавілі мае палітычныя погляды, намеры і як я збіраюся сядзець у калоніі, ці не будзе са мной праблем.
— Я когда-то разговаривал с Дашкевичем, еще во время его предыдущих отсидок. Знаешь такого? Так он тоже все верил, что скоро все поменяется… Но ты же сама видишь, что все не так просто, — працягваў тым часам суразмоўца. Раптам госць рэзка ўзняўся, пайшоў у бок прыбіральні, адчыніў дзверы, зайшоў туды і спраўдзіў, ці няма там каго, ці не падслухоўваюць нас. Пасля працягнуў:
— Но, конечно, все в любом случае поменяется рано или поздно. Ладно… Я и так уже лишнего тебе наговорил тут.
Высокі начальнік сышоў, пакінуўшы мяне сам-насам з маімі развагамі. А я так і не зразумела, ці то быў парыў шчырасці з яго боку і яму хацелася выказацца, ці папросту такі прыём, каб скараціць дыстанцыю і выклікаць давер.
Так ці інакш, але склалася меркаванне, што госць у пагонах насамрэч адчуваў вялікую стомленасць ад усяго і што пагоны і мундзір яму быццам бы ціснулі.
Прыкра, што ён да гэтых часоў працягвае іх насіць.
Пажыццёвы тэрмін палітвязня
Зміцер Дашкевіч яшчэ тады быў на волі і нават даслаў мне ліст, які, як ні дзіўна, мне аддалі. Я ў той час адседжвала тры месяцы ў ПКТ. Апроч слоў падтрымкі, Зміцер даслаў Біблію на беларускай мове і набор прыгожых паштовак. Біблію мне не аддалі. А сам ліст аператыўка забрала напярэдадні майго вызвалення. Пакінулі толькі канверт.
Змітра Дашкевіча ў 2022 годзе арыштавалі за ўдзел у пратэстах і асудзілі да паўтара года пазбаўлення волі. 11 ліпеня сёлета сябра ўжо павінен быў выйсці на волю па сканчэнні тэрміну, але яго пераарыштавалі па новай крымінальнай справе. На Змітра навесілі сумнавядомы артыкул 411, які азначае «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».
Гэты артыкул — сапраўдная пастка, яго могуць узбуджаць да бясконцасці. Апошнім часам лазейка пад выглядам законнасці шырока выкарыстоўваецца супраць палітвязняў. З якім бы тэрмінам любы з іх не заехаў, фактычна канчатковую дату свайго вызвалення ніхто з палітвязняў не ведае. Тэрмін палітзняволенага можа пераўтварыцца ў пажыццёвы.
«Калі табе будзе асабліва цяжка, звяртайся да Госпада. Ён дакладна ведае, што азначае быць несправядліва асуджаным, і абавязкова табе дапаможа. І не давай ім дадатковых нагод пераследаваць цябе, беражы сябе», — пісаў Зміцер Дашкевіч у тым, адабраным аператыўкай, лісце.
Зваротнай сувязі з сябрам у нас цяпер няма. Але вельмі спадзяюся, што неўзабаве і ён зможа прачытаць гэтыя радкі: «Дарагі Зміцер, захапляюся тваімі мужнасцю і адданасцю Радзіме. Трымайся, беражы сябе. Мур абавязкова рухне!»
Народны артыкул
— Да что ты все защищаешь этих конченных! Это же твари, алкашихи, которые попропивали своих детей! — намеснік начальніка калоніі Кавалёў у літаральным сэнсе пырскаў слінай.
Падпалкоўнік завёў гутарку пра так званых аліменшчыц. Асуджаныя называюць гэтых жанчын «174» — па нумары артыкула Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пазбаўленне волі за запазычанасці перад дзяржавай па ўтрыманні дзяцей. Ці казалі яшчэ прасцей — «яна сядзіць па народным артыкуле».
Да таго, як у калоніі з’явіліся палітвязні, менавіта 174-ы артыкул лічыўся «народным». З канца 2020 года і вязні, і супрацоўнікі пенітэнцыярнай сістэмы, і нават некаторыя незалежныя медыя ахрысцілі так артыкул 342 — бадай, самы распаўсюджаны, што да палітычных рэпрэсій.
Пакуль не трапіла за краты, я нават не ведала, што ў Крымінальным кодэксе ёсць артыкул 174 і што жанчын за яго саджаюць. Мне чамусьці здавалася, што за аліменты могуць пасадзіць толькі мужчын, і тое рэдка. Не ўяўляла я і маштабаў гэтай з’явы: следчыя ізалятары і тая ж гомельская калонія пад завязку забітыя такімі недарэкамі. Па маіх назіраннях, жанчын-аліменшчыц за кратамі сёння — большасць.
Я не апраўдваю тых маці, якія па сутнасці адракліся ад сваіх дзяцей. Я гэтага ніколі не зразумею. Але наколькі адэкватным, апраўданым з’яўляюцца захады ўлад па выкараненні гэтай з’явы, па ўрэгуляванні гэтай праблемы, прадухіленні гэтай драмы?
Прасцей за ўсё пасадзіць гаротную жанчыну ў турму. Але, на маю думку, гэта не выйсце з сітуацыі. Праблем робіцца ў дзясяткі разоў больш — і для самой жанчыны, і для дзяцей, і для грамадства.
Запазычанасць перад дзяржавай толькі павялічваецца. Жанчына зарабляе на фабрыцы капейкі, выплаціць даўгі не ў стане. Не можа бачыць і дзяцей, якія ўсё роўна, нягледзячы ні на што, па ёй сумуюць — нават ведаючы, што мама іх кінула і абрала замест сужыцеля і гарэлку. Але яны ўсё роўна яе чакаюць, любяць, дасылаюць лісты, бо мама — гэта мама. Яна лепшая і яна адна.
Я вельмі часта размаўляла з гэтымі жанчынамі. Яны плакаліся на цяжкі лёс, на самоту, на суцэльнае непрыманне іх грамадствам, на траўлю з боку дзяржавы.
Большасць з іх не адмаўляла факту злоўжывання алкаголем, многія шкадавалі пра дарэмна пражытыя гады, пра тое, што згубілі дзяцей, адкрыта называлі сябе безнадзейнымі. Як жыць далей, яны не ведалі.
Ад алкагалізму іх толкам у калоніі не лечаць. Псіхолагі з такімі жанчынамі таксама не працуюць. І вось выходзіць такі чалавек на волю, пасля 2-3 гадоў знаходжання за кратамі, з яшчэ большай запазычанасцю, з цалкам зламанай псіхікай, скалечаным здароўем. Куды ісці і што рабіць? Многія зноў заязджаюць у СІЗА, ужо з новай крымінальнай справай, па ўсё тых жа аліментах. А паколькі гэта ўжо рэцыдыў, тэрмін гаротная маці атрымлівае ўжо большы. Едзе ў калонію ў Зарэчча. Пасля вызваляецца, і зноў усё тое ж самае. Замкнёнае кола.
«Усіх за краты!» — вырашэнне пытання па-беларуску. З гледзішча ўлад, гэта найлепшае выйсце з сітуацыі. Але якімі б не былі гэтыя жанчыны, яны таксама маюць права на гуманнае стаўленне, як і на тое, каб у крытычнай сітуацыі дзяржава працягнула ім і дзецям руку дапамогі, а не падштурхнула да краю абрыву.
Годнасць, якая не даруецца
— Сіўцоў пагражае мне рапартам, калі не пагаджуся зрабіць прышчэпку ад кароны, — паскардзілася мне аднойчы палітзняволеная сяброўка.
Андрэй Сіўцоў — начальнік рэжымнага аддзела ПК-4, пра яго ў дзённіках згадвала неаднойчы. Аматар паздзекавацца з палітвязняў, пакпіць з іх. Ён смяецца і цешыцца, калі хтосьці хварэе, калі камусьці блага. Дазваляе сабе пошлыя жарты ў дачыненні да асуджаных, лаянку.
— Колесникова, проходите, вы нам не интересны! — зло працэдзіў той, калі Марыю Калеснікаву выводзілі з камісіі па пакаранні і яна затрымалася на ганку. Менавіта на той камісіі палітзняволенай далі спагнанне ў выглядзе ШІЗА, у якім неўзабаве ў яе адбыўся прыступ перытаніту. Сярод тых, хто выносіў рашэнне пра спагнанне, быў і маёр Сіўцоў.
Я бачыла Марыю перад тым, як яе з калоніі забрала «хуткая».
Мы з сяброўкай акурат выйшлі пакурыць у лакальны ўчастак — Марыя Калеснікава ў гэты момант у суправаджэнні двух кантралёраў ішла з ШІЗА ў санчастку. Яна ішла павольна, трымалася за бок і ўпершыню не ўсміхалася.
Унутры мяне ўсё абарвалася.
— Нехрен было сырокопченую колбасу жрать из посылок. Жрала бы хозную пайку, все бы было в порядке, — засмяяўся мне ў твар Кавалёў, калі я запыталася ў яго пра стан здароўя Калеснікавай.
— Ой, слушай, ну что ты постоянно везде лезешь, всех защищаешь. Нашла кого. Покажи мне здесь хоть одну тварь, готовую умереть тут в карцере, — працягнуў ён ужо са злосцю.
— А вам не здаецца, што вы перагінаеце з эпітэтамі? — пытаюся ў служакі.
— Мне можно, — коратка адказвае падпалкоўнік і раптам пачынае рагатаць. — А ты знаешь, какую кличку зэки дали твоей Колесниковой? Макдональдс, ахахаха.
Мяне перасмыкнула. Па-першае, гэта няпраўда. Асуджаныя ніколі так Марыю не называлі. Гэтая абразлівая мянушка, і я ў гэтым перакананая, выйшла з кабінетаў аператыўкі.
Але рэч нават не ў гэтым.
У чарговы раз затрэсла ад цынізму людзей у пагонах. У чарговы раз у галаве пытанне: адкуль, ну адкуль такое суцэльнае расчалавечванне, адкуль столькі садызму? Як можна смяяцца, калі хтосьці пакутуе ад фізічнага болю?
Служакі ненавідзяць Марыю Калеснікаву. За яе годнасць, за сілу духа, за тое, як мужна яна праходзіць праз пякельныя выпрабаванні, за тое, што не ламаецца, за сілу ўсмешкі, за тое, што гэтая ўсмешка падбадзёрвае іншых. За тое, што яна, асуджаная з жоўтай біркай, нашмат мацнейшая за іх, цэрбераў пры ўладзе.
— Колесникова — проект иностранных спецслужб. Когда-нибудь расскажу тебе на эту тему больше, — на поўным сур’ёзе казаў мне неяк намеснік начальніка Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці палкоўнік Шабулдаеў. — Сейчас она улыбается… Ну-ну. Посмотрим, на сколько ее хватит, — зло скончыў той на развітанне.
«Я для вас была лишь тенью, но сейчас я вырвалась из плена», — гучна спяваў дынамік у сталовай. У мяне сціснула ў грудзях. Да майго вызвалення заставалася некалькі дзён. Выйду-не выйду — да апошняга было невядома, бо гэта латарэя. Камусьці ў ёй шанцуе, камусьці не.
З палону я ўсё ж такі вырвалася.
Але ў ім працягваюць заставацца тысячы палітвязняў.
Увесь беларускі народ, уся прагрэсіўная яго частка, па сутнасці сёння ў закладніках, у палоне.
Неаспрэчна тое, што мур рухне. Але наколькі хутка — залежыць выключна ад саміх беларусаў.
Працяг будзе.