Пра ўсходазнаўца Аляксандра Ходзьку, які паходзіць з мястэчка Крывічы (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці), вельмі няшмат згадак у беларускамоўных крыніцах: ані ў публіцыстычных, а ні ў навуковых. Больш згадак пра яго на ангельскай, французскай і польскай мовах. Але пераважаюць навуковыя працы на рускай мове, бо менавіта на гэтай мове часта пішуць як расійскія даследчыкі ўсходніх штудый, так і ўласна носьбіты тых самых усходніх моў і культуры. Нагадваем пра цікавы лёс і навуковыя дасягненні сусветнавядомага ўсходазнаўца, які паходзіць з Беларусі.
Выхаванне бацькам-драматургам і Тамашом Занам
Будучы сябра таварыства філарэтаў Аляксандр Ходзька нарадзіўся ў 1804 годзе ў сям’і пісьменніка Яна Ходзькі і Клары Ходзькі з Корсакаў. Аляксандр (ці Алесь, як яго называлі ў хаце) рос у даволі багемнай абстаноўцы. Да моманту нараджэння Алеся ягоны бацька Ян Ходзька быў падсудкам (памочнікам суддзі) у Вілейскім павятовым судзе і меў 259 мужчынскіх душ сялян. Ян Ходзька імкліва рухаўся па кар’ернай лесвіцы ў галіне дзяржаўнай службы, а паралельна з гэтым пісаў п’есы і нават арганізоўваў масонскія ложы ў Мінскай губерні.
Зразумела, дом Ходзькі быў сапраўдным культурным цэнтрам. Ян Ходзька ладзіў канцэрты і спектаклі ды запрашаў вядомых творцаў таго часу. У такім асяроддзі і гадаваўся будучы філарэт Аляксандр Ходзька. Дарэчы, Юзэф Ходзька — ягоны старэйшы брат — таксама ў свой час далучыўся да згуртавання філарэтаў.
Пасля сканчэння хатняй адукацыі ў 1816 годзе Аляксандр Ходзька выправіўся ў Віленскую гімназію, дзе ім апекаваўся Тамаш Зан — добры знаёмы Яна Ходзькі. У 1820 годзе Аляксандр паступіў у Віленскі ўніверсітэт на аддзяленне літаратуры і мастацтваў, дзе ў свой час навучаліся ўсе філаматы.
Праз Тамаша Зана Ходзька пазнаёміўся і з Адамам Міцкевічам, і з Ігнатам Дамейкам, і будучым удзельнікам паўстання 1830–1831 гадоў Міхаілам Валовічам. Хутка Ходзька запісаўся ў таварыства філарэтаў і патрапіў у яго літаратурнае аддзяленне (Блакітны саюз), які ўзначальваў Ян Чачот.
Зацікаўлены літаратурай Аляксандр Ходзька сам пісаў вершы ў рамантычным стылі. Вершы тыя нават публікаваліся ў разнастайных віленскіх выданнях. Нават Адам Міцкевіч высока ацэньваў творчасць Ходзькі і прарочыў, што неўзабаве юны паэт перасягне і прызнанага ўжо на той момант Міцкевіча. Аднак склалася па-іншаму.
Справа філаматаў, паэзія і ўсходнія мовы
Восенню 1823 года Аляксандра Ходзьку разам з іншымі ўдзельнікамі таварыстваў філаматаў і філарэтаў арыштавалі. Ходзьку заключылі ў базільянскія муры разам з Міцкевічам і іншымі паплечнікамі. Дзякуючы подкупу турэмнай аховы сябры мелі магчымасць збірацца разам. У адзін з вечароў, калі ўсе вязні сабраліся, Міцкевіч зачытаў верш-імправізацыю «Аляксандру Ходзьку». У вершы Міцкевіч апеў паэтычныя здольнасці Ходзькі. Цікавая асаблівасць згуртавання філаматаў: нават у вязніцы яны працягвалі пісаць вершы і ацэньваць літаратурныя таленты адзін аднаго.
Увесну 1824 года Ходзьку адпусцілі: не знайшлі доказаў яго правіны. Праз год Ходзька скончыў Віленскі ўніверсітэт і паехаў у Санкт-Пецярбург. Яшчэ ў Вільні яго зацікавіла ўсходняя культура, і ён меў намер паглыбіцца ў вывучэнне моў краю, які тады называўся Персіяй.
У Пецярбургу Ходзька паступіў на Вучэбнае аддзяленне ўсходніх моў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў. Там рыхтавалі перакладчыкаў для расійскіх місій у Іране і Турцыі. Таксама Аляксандр Ходзька адшукаў старога сябра Адама Міцкевіча, які ў той час быў высланы ў Пецярбург. Міцкевіч пазнаёміў Ходзьку з Пушкіным, Жукоўскім і Вяземскім. Верагодна, Аляксандру Ходзьку было ўсё яшчэ цікава і прыемна бавіць час у літаратурным асяродку, але ўсё болей яго цікавіла мовазнаўства.
Ходзька быў студэнтам вядомага Мірзы Джафара Топчыбашава — азербайджанскага вучонага, які выдатна валодаў персідскай, арабскай і турэцкай мовамі. У 1828 годзе Ходзьку адзначыў сам Грыбаедаў, які быў на адным з іспытаў: яго ўразіла тое, як таленавіты студэнт прачытаў прамову ўласнага сачынення на персідскай мове.
Не забываючыся пра паэтычную дзейнасць, Аляксандр Ходзька паспяхова сумяшчаў яе з мовазнаўствам. У 1829 годзе Ходзька выдаў зборнік вершаў на польскай мове. У зборнік увайшлі і яго ўласныя вершы, і пераклады з навагрэчаскай паэзіі. Як і ўсе паэты эпохі Рамантызму, Ходзька ў сваіх творах абапіраўся на фальклор — беларускі і літоўскі. Напрыклад, на беларускім матэрыяле былі напісаныя вершы «Маліны», «Васілёк», «Алеся», «Зух» і «Старац».
У «Літаратурнай газеце», якую выдаваў паэт Антон Дэльвіг пры ўдзеле Аляксандра Пушкіна, з’явілася станоўчая рэцэнзія на кнігу Ходзькі. Таксама і Адам Міцкевіч высока ацэньваў паэтычны зборнік. Міцкевіч быў ужо ў эміграцыі, калі кніга пабачыла свет, таму хвалебны водгук даслаў лістом з Жэневы.
Дарожныя нататкі і ўсходні фальклор
Калі Аляксандр Ходзька скончыў навучанне, расійскі ўрад даслаў яго на дыпламатычную службу ў Персію. Ходзька заняў ганаровую пасаду расійскага консула. Дарога ў Персію ў тыя часы займала не адзін тыдзень. На шляху да пункта прызначэння Аляксандр Ходзька наведаў Астрахань і Баку ды апісаў свае ўражанні ў падарожных нататках. Тыя нататкі ад пачатку былі надрукаваныя на польскай мове ў газеце «Tygodnik Petersburski», а потым перакладзеныя на рускую і апублікаваныя ў «Літаратурнай газеце».
Па прыбыцці ў Персію Ходзька шмат працаваў як перакладчык у розных гарадах. Рамантык Ходзька захапіўся гісторыяй і традыцыямі краіны і пачаў вывучаць персідскую культуру глыбей. Ходзька стаў адным з першых навукоўцаў, якія вывучалі талышскую мову (талышская мова адносіцца да групы іранскіх моў). Да таго амаль не было навуковых даследаванняў, прысвечаных менавіта гэтай мове.
Таксама Аляксандр Ходзька быў адным з першых збіральнікаў азербайджанскага фальклору. Шмат пазней, у 1842 годзе, Ходзька апублікаваў у Лондане кнігу, якая была заснаваная на запісаным ім у Азербайджане гераічным народным эпасе «Кёр-аглы» і іншых формах фальклору. Гісторыя «Кёр-аглы» — гэта распаўсюджаная ў цюркскіх народаў легенда, якая апавядае пра прыгоды адважнага Кёр-аглы (сына сляпога), які помсціць заможнаму чалавеку, што асляпіў яго бацьку ў пакаранне за нейкую дробязь.
Кніга Ходзькі мела назву «Specimens of the popular poetry of Persia» — «Узоры народнай паэзіі Персіі». У кнізе была аўтарская прадмова, уводзіны да «Кёр-аглы» і ягоны асноўны тэкст, народныя песні астраханскіх татар, калмыкаў, туркменаў, персідскіх цюркаў, персаў, гілянцаў, рудбарскіх горцаў, талашоў, мазандэрцаў, а яшчэ ўзоры тэкстаў і дзевяць аранжыровак персідскіх песень для фартэпіяна. Зборнік сапраўды меў рэвалюцыйны характар, бо апублікаваныя былі менавіта народныя песні, а ўсходазнаўцы да Ходзькі вывучалі ў асноўным песні, распаўсюджаныя сярод «пануючага класа».
Усе фальклорныя здабыткі Ходзькі былі апублікаваныя, вядома, на ангельскай мове. Але потым зборнік пераклалі на французскую, нямецкую і рускую мовы. Увогуле працы Ходзькі былі перадавымі ў тым сэнсе, што некаторыя рэгіёны ўмоўнага ўсходу былі абсалютна невядомыя для еўрапейскай публікі. Напрыклад, публікацыі тых самых прац па туркменскай культуры былі аднымі з першых навуковых даследаванняў Туркменістана ўвогуле.
Парыж, палітыка і вывучэнне Усходняй Еўропы
Ходзька сышоў са службы і канчаткова асеў у Еўропе ў 1844 годзе, бо не меў жадання вяртацца ў Расійскую імперыю. Хаця Аляксандр Ходзька і пільна выконваў свае працоўныя абавязкі, у той жа час дапамагаў сваім землякам, якія дэзерціравалі з расійскай арміі, схавацца ў Персіі.
— Бог і добрыя людзі ведаюць, што руская справа — справа кепская, — пісаў Ходзька Адаму Міцкевічу ў Парыж. — Служачы ёй, я грашыў перад Богам і перад Бацькаўшчынай. Усе адзінаццаць гадоў майго знаходжання на Усходзе гэтая думка пастаянна была перад вачыма, яна мяне будзіла ад сну, грызла сумленне…
Урэшце Аляксандр Ходзька даў рады ўладкавацца ў Парыжы, дзе зноў пачаў супрацу з Адамам Міцкевічам. Ходзька дапамагаў сябру ў выданні газеты «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»). Гэта была газета цалкам у духу рамантызму, якая прапагандавала вызваленне ўсіх народаў ад прыгнёту. Пад уплывам расійскай амбасады газету зачынілі праз паўгады яе існавання.
Тым часам французскія ўлады зразумелі, што Аляксандр Ходзька з яго досведам жыцця «на ўсходзе» можа быць ім палітычна карысны. У гады Крымскай вайны (у еўрапейскай гістарыяграфіі яна называецца «Усходняя вайна», бо геаграфія была значна больш шырокая за Крым) Ходзьку прызначылі аташэ ў Міністэрстве замежных справаў Францыі. Веды Ходзькі, якія ён атрымаў падчас сваёй службы ў Персіі, цяпер пераўтварыліся ў карысныя матэрыялы для французскіх і ангельскіх палітыкаў, якім ён рэкамендаваў супрацоўнічаць з усходнімі народамі ў барацьбе з Расіяй.
У той жа перыяд Аляксандр Ходзька выдаў «Персідскую граматыку» і размоўнік турэцкай мовы для французскіх салдат, якія ў той час прымалі ўдзел ва Усходняй вайне разам з туркамі. Ёсць сведчанні, што размоўнік выкарыстоўваў і Адам Міцкевіч падчас сваёй вандроўкі ў Канстанцінопаль. За «Персідскую граматыку» імператар Напалеон III узнагародзіў Ходзьку Ордэнам Ганаровага легіёна.
У 1857-м Ходзька вярнуўся да сваёй навуковай дзейнасці пасля працы аташэ. Навукоўца ўзначаліў кафедру славянскіх літаратур ва ўніверсітэце Калеж дэ Франс. Раней пасаду старшыні кафедры займаў Адам Міцкевіч. У гэты перыяд навуковы інтарэс Ходзькі схіліўся ў бок усходнееўрапейскіх моваў і літаратур: ён пачаў перакладаць балгарскі, сербскі і ўкраінскі фальклор. Таксама навукоўца выдаў польска-ангельскі і ангельскай-польскі слоўнік, які дагэтуль перыядычна перавыдаецца ў ЗША.
Аднак пра сваё персідскае мінулае і назапашаны матэрыял Ходзька таксама не забываўся. У 1859 годзе быў апублікаваны яго мастацкі твор «Падышах і тры дэрвішы», а амаль праз 20 год, у 1878 годзе, была апублікаваная фундаментальная праца, прысвечаная персідскаму тэатру, дзе былі сабраныя персідскія драмы. Гэтыя драмы нідзе не былі апублікаваныя раней.
Аляксандр Ходзька працягваў выкладаць літаратуру да вельмі сталага ўзросту. Ён спыніў кіраўніцтва кафедрай у 1883 годзе ва ўзросце 79 год, а канчаткова сышоў на пенсію толькі ў 1887-м — ва ўзросце 83 год. Пасля выхаду на пенсію навукоўца пасяліўся недалёка ад Парыжа, а памёр у 1891 годзе. Ходзька быў пахаваны на могілках Манмарансі — на гэтых жа могілках былі пахаваныя амаль усе выхадцы з былой Рэчы Паспалітай, якія змагаліся з Расійскай дзяржавай.
Амаль на палове магіл на тых могілках надпісы зроблены на польскай мове.