Сёння адзначаем 120-ю гадавіну з дня народзінаў патрыёта Беларусі. Мікола Абрамчык знайшоў вечны супакой на прыгожых парыжскіх могілках Пэр-Лашэз, а за жыццё зрабіў багата ўчынкаў на карысць Бацькаўшчыны.
Зафіксаваная дата народзінаў не супадае з пазначанай ім уласна
Нягледзячы на тое, што ва ўсіх магчымых энцыкляпэдыях і публіцыстычных матэрыялах стаіць дата 16 жніўня, як дзень народзінаў палітыка, сам ён лічыў іншы дзень. На гэта зьвярнула ўвагу некалькі гадоў таму Натальля Гардзіенка.
«Для тых, хто адзначае народзіны Міколы Абрамчыка 16 жніўня: Вы спазьніліся на 10 дзён. Ён нарадзіўся 6 жніўня. У якасьці доказу зьмяшчаю ўласнаручна ім запоўненую анкету ў БІНіМ, а таксама старонку з газэты “Бацькаўшчына” за 1952 год зь вялікім біяграфічным артыкулам, напісаным Лявонам Рыдлеўскім. Паўсюль стаіць 6 жніўня».
І сапраўды, калі зьвернемся да гэтых дакумэнтаў, а таксама да запоўненай анкеты на атрыманьне візы ў 1936 годзе і выпіскі з атрыманьня дыплёму ў 1929 годзе, убачым, што народзіны выпадаюць на 6 жніўня.
Разам з тым на сёньня не знойдзеная мэтрыка аб хросьце Міколы Абрамчыка, якая б зьняла ўсе пытаньні.
Такім чынам, Мікола Абрамчык нарадзіўся ў жніўні 1903 году ў вёсцы Сычавічы пад Радашковічамі (Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён).
Паўстанец у чацьвертым пакаленьні
Міколаў прадзед Базыль Абрамчык меў трынаццаць сыноў, і ўсе яны ўзялі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага 1863 году. Адзін быў за гэта пакараны сьмерцю на маскоўскай шыбеніцы, іншыя высланыя, а Міколавага дзеда Янку выгналі з духоўнай сэмінарыі і пазбавілі грамадзянскіх правоў, пра гэта піша гісторык Уладзімер Арлоў.
Мікола відаць не мог не ўвабраць незалежніцкія настроі сям’і і ўжо ў 19 гадоў, яшчэ займаючыся ў Радашковіцкай беларускай гімназіі, атрымаў мандат упаўнаважанага Беларускай Народнай Рэспублікі ў Вялейскім павеце.
У тым часе нашы нацыянальныя сілы рыхтавалі вызвольнае паўстаньне ў Заходняй Беларусі. З мэтаю каардынацыі дзеяньняў зь менскімі незалежнікамі Абрамчыка пасылаюць у Савецкую Беларусь. За два гады ён блізу 30 разоў нелегальна пераходзіць мяжу БССР і ўва ўмовах кансьпірацыі сустракаецца з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім, тагачасным наркамам асьветы. Менавіта Ігнатоўскі, якога Абрамчык усё жыцьцё будзе называць сваім «духовым бацькам», і ўвёў яго ў менскі антыбальшавіцкі асяродак.
Прэзыдэнт Рады БНР рэкордную колькасьць гадоў
Адразу заўважым, што шанец «пабіць» яго рэкорд у бліжэйшыя два гады мае дзейная прэзыдэнтка Івонка Сурвіла.
Мікола Абрамчык быў прэзыдэнтам з 1947 па 1970 год. Хаця ён быў старшынём Рады ад таго часу, калі памёр Васіль Захарка (1943 год), але Рады не было, пад час вайны было немагчыма яе арганізаваць. Ён аднавіў Раду, як толькі стала магчыма, у 1947 годзе.
Івонка Сурвіла асабіста ведала Міколу Абрамчыка, бо ў гэтай адноўленай ім Радзе БНР ейны бацька Ўладзімер Шыманец займаў пасаду міністра фінансаў.
З успамінаў Івонкі Сурвілы: «Абрамчык напісаў у маёй кніжачцы ўспамінаў вельмі ветлівыя да мяне словы. Напісаў: “Маленькай беларусцы, якая так моцна змагаецца за сваю беларускасьць”. Цяпер гэтыя словы асабліва важныя для мяне».
Францыя і астатняя Эўропа
Апынуўшыся ў 1924-м у Празе, ён атрымлівае адначасова дзьве адукацыі: інжынэра-эканаміста ды гісторыка і сацыёляга. У гады студэнцтва Мікола зблізіўся з старшынём Рады БНР Пётрам Крачэўскім і ягоным спадкаемцам на гэтай пасадзе Васілём Захаркам.
Пасьля разьвітаньня з alma mater Абрамчык больш за год вандруе па Заходняй Эўропе, дзе вывучае эканоміку сельскай гаспадаркі. Аднак у 1931-м зь Менску даходзіць вестка пра самагубства Ігнатоўскага. Таксама ў тым жа годзе Мікола знаходзіць у Францыі вялікую беларускую працоўную эміграцыю.
Ад гэтага часу жыцьцё Абрамчыка непарыўна зьвязанае з эміграцыйным рухам. Ён стварае «Хаўрус беларусаў у Францыі», з посьпехам выступае як публіцыст, выконвае даручэньні прэзыдэнта БНР Захаркі, а з пачаткам Другой сусьветнай вайны робіць захады, каб беларусы-эмігранты ўступалі ў французкую армію.
Ларыса Геніюш пра Міколу Абрамчыка
Вось што пісала Ларыса Геніюш у сваёй кнізе ўспамінаў «Споведзь»:
«З Парыжа пераехаў у Бэрлін Мікола Абрамчык і вельмі падняў узровень беларускай работы ў Нямеччыне. Арганізаваў сваіх, бараніў ад нямецкіх напасьцяў, дапамагаў, што мог. Было відно, што думае аб сваіх. Людзі, якія ведалі яго, выказваліся пра яго з энтузіязмам. Неяк ён прыехаў у Прагу да Русака і як звычайна яны зайшлі да мяне.
Мікола быў сярэдняга росту, чарнявы, меў вельмі інтэлігентны твар. Гэты чалавек, здавалася, ня меў слабасьцяў і ведаў, чаго ён хоча. Аб беларускіх справах і людзях ён спакойна гаварыць ня мог, ён жыў гэтым…
Мікола ведаў мовы, вельмі добра арыентаваўся ў палітыцы, умеў выкарыстаць любую нагоду, каб толькі нешта вартаснае зрабіць для Беларусі».
Беларуская незалежніцкая партыя
Шматгадовы сябар і паплечнік Абрамчыка Лявон Рыдлеўскі ў сваіх успамінах піша, што Мікола мусіў пакінуць Францыю, трапіўшы на вока гестапаўцам. Жывучы нейкі час у Бэрліне, ён арганізаваў Беларускі камітэт самапомачы і ўступіў у кантакты зь Беларускай незалежніцкай партыяй, але быў прымусова вывезены назад у Парыж і жыў пад наглядам гестапа.
Тым ня менш не пакідаў беларускае справы — у прыватнасьці, чакаючы вызваленьня ад нацыстаў, падрыхтаваў шэраг зьвернутых да саюзьнікаў мэмарыялаў пра трагічную сытуацыю беларусаў у складзе СССР.
У час Другой сусьветнай вайны Абрамчык быў рэдактарам газэты «Раніца» (1939-1944), арганізатарам і лектарам курсаў беларусазнаўства, выдаўцом кнігаў Якуба Коласа «Сымон Музыка» і Ларысы Геніюш «Ад родных ніў».
Узьняў голас за беларускую мову ў радыё «Голас Амэрыкі»
З пратаколу справаздачы, зробленай на паседжаньні Рады міністраў БНР у Нью-Ёрку 1 кастрычніка 1950 года:
«Мэтай паездкі сп. Прэзыдэнта ў Вашынгтон дня 25 і 26 верасьня 1950 года было паўторна падняць пытаньні ў Дзяржаўным Дэпартамэнце ЗША аб удзеле беларусаў у перадачах радыё Voice of America, аб маральнай і матэрыяльнай падтрымцы беларускіх нацыянальна-палітычных арганізацыяў і прэсы ў ЗША ды аб іншых актуальных справах.
У размовах з кіраўніком усходнеэўрапейскага аддзелу Дзяржаўнага Дэпартамэнту ЗША сп. Фрэдэрыкам Райнгардтам, кіраўніком аддзелу СССР сп. Рычардам Дэвісам выявілася, што расейцы, якія маюць уплывы ў радыё Voice of America, усялякімі спосабамі даводзяць, што дазволіць беларусам браць удзел у радыё Voice of America ня ёсьць патрэбы.
Сп. Прэзыдэнт пераканаў прадстаўнікоў Дзяржаўнага Дэпартамэнту аб ілжывасьці такога падыходу да справы, выясьніў, што расейцы займаюцца інтрыгамі толькі таму, каб шкодзіць і ўстрымліваць беларускі нацыянальна-вызвольны рух.
Прадстаўнікі Дзяржаўнага Дэпартамэнту поўнасьцю згадзіліся са сп. Прэзыдэнтам што да ацэнкі расейскіх інтрыгаў у некарысьць беларусаў, а таксама стараліся запэўніць сп. Прэзыдэнта аб тым, што справаў беларускіх яны не абмінаюць, адносяцца да іх прыхільна, бяруць пад увагу ўсе беларускія пажаданьні і прэтэнзіі і ў далейшым будуць палагоджваць беларускія справы больш пазытыўна.
У Вашынгтоне сп. Прэзыдэнт сустрэўся із польскім гэнэралам Андэрсам на банкеце, які ладзілі гэнэралу польскія арганізацыі».
Я абвінавачваю…
Мікола Абрамчык браў актыўны ўдзел у пасьляваенным антыкамуністычным руху, ён напісаў і выдаў брашуру «I accuse Kremlin of Genocide of My Nation» («Я абвінавачваю Крэмль у генацыдзе майго народа») у 1950 годзе. У 1950-я — 1960-я гады быў прэзыдэнтам Лігі за вызваленьне народаў СССР (League for the Liberation of the Peoples of the USSR (Paris Bloc). Пісаў іншыя матэрыялы пра трагічнае становішча беларусаў у СССР.
Аўтакефалія
Мікола Абрамчык быў праціўнікам пераходу беларускіх епіскапаў у Расейскую Замежную Праваслаўную Царкву і адным з ініцыятараў адраджэньня Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў 1948 годзе.
Рэакцыя сусьвету на сьмерць прэзыдэнта Рады БНР
Памёр Мікола Абрамчык 29 траўня 1970 году ў мястэчку Вільпэнт пад Парыжам.
Як згадваў Янка Запруднік: «Адбылося ўрачыстае пахаваньне, вельмі прадстаўнічае. Міжнародная прэса шырока паведаміла пра яго. Паведамілі пра гэта “Associated Press”, лёнданскі “Times”, “Daily Telegraph”, нью-ёркскія газэты “New York Times”, “New York Post”, “Daily News”, украінскія ды польскія газэты Вялікай Брытаніі, Францыі, ЗША, Канады ды іншыя».
Як піша Ганна Сурмач, на пахаваньні Ніна Абрамчык, жонка Міколы, прачытала ў памяць мужа свой верш:
Скончыўся дзень твой сягоньня Сёньня пачаўся твой дзень У кожнай ёсьць сьмерці сьвітаньне У кожнага дрэва ёсьць цень У цені аазіс спачне караван Прайшоўшы гарачы пустыні пясок Сіл набярэцца ў нарожавы ранак І пусьціцца ў новы паход У цені тваім адпачнем мы Сілаў новых прыдбаем на новы паход Станем шарэнгамі вёрстаў і міляў На барацьбу за наш край і народ.