Юрыстка — пра рост пераследу былых палітвязняў і ўзмацненне ціску на тых, хто знаходзіцца на «хатняй хіміі».
Беларусы, якія ў 2020-м былі асуджаныя на адносна невялікія тэрміны, зараз выходзяць на волю і трапляюць у новае кола ціску з боку ўладаў. На працу «палітычным» не ўладкавацца, міліцэйскі нагляд і прафілактычныя гутаркі працягваюцца, выезд з краіны для многіх забаронены.
У рэшце рэшт, нярэдкія выпадкі, калі пасля адбыцця пакарання вязняў перазатрымліваюць, ці то ў дзень меркаванага вызвалення, як гэта адбылося са Змітром Дашкевічам, ці праз некалькі месяцаў, як з байкерам Андрэем Іванюшыным.
Здавалася б, ва ўмовах прававога дэфолту здзіўляцца ўжо няма чаму, але хіба сілавікі не парушюць нават прынятыя цяперашнім рэжымам законы?
Пра маштабы паўторнага пераследу, яго трактоўку з пункту гледжання права і дзеянні былых вязняў і іх блізкіх у падобнай сітуацыі Филин пагутарыў з юрысткай «Вясны» Святланай Галаўнёвай.
— У публічным полі няшмат інфармацыі на гэты конт, таксама няшмат яе даходзіць і да нас. Таму сказаць, наколькі распаўсюджаная гэта з’ява, даволі складана, — зазначае праваабаронца. — Але відавочна, што гэта тэндэнцыя, якая зараз узмацняецца — ціск на былых палітзняволеных, хто не пакінуў Беларусь, а таксама на тых, чый прысуд звязаны з абмежаваннем волі, хто знаходзіцца не ў калоніі, а, напрыклад, на «хатняй хіміі».
А што кажа на гэты конт закон? Святлана Галаўнёва тлумачыць: фармальна пасля здзяйснення правапарушэння павінна наступаць адказнасць, чалавек адбывае прызначанае судом пакаранне — але нават пасля гэтага не пачынае жыццё з чыстага белага аркушу. Паколькі ёсць судзімасць, «органы» пэўны час працягваюць за ім сачыць і прыглядаць — ці то праз прафілактычны ўлік і абавязковыя адзначэнні ў РАУС, ці праз рэгулярныя візіты міліцыянтаў дахаты.
— То бок, пэўны кантроль у любым выпадку ажыццяўляецца. Але інтэнсіўнасць гэтага кантролю можа быць вельмі рознай. Прыкладам, кожны дзень чалавеку могуць тэлефанаваць і запытваць, ці ён дома, альбо абавязаць кожны тыдзень адзначацца.
Тэхнічныя моманты, як здзяйсняецца кантроль, наколькі ён шчыльны, дэталёва не прапісаныя ў заканадаўстве — гэта ўсё аддаецца на вырашэнне саміх «органаў» і можа рэгламентавацца іх унутранымі дакументамі.
Таму цяжка ацаніць, ці з’яўляеца ў канкрэтным выпадку ўзмоцнены нагляд законным. Калі абскарджваць падобныя дзеянні, нават калі беларускія суды і пракуратура працавалі б нармальна, вельмі складана даказаць празмернасць захадаў, якія робяць сілавікі.
Трэба глядзець, ці не дыскрымінацыйны іх кантроль у дачыненні менавіта да людзей, якія былі асуджаныя па палітычных матывах, альбо такі ж узровень кантролю прымяняецца і ў дачыненні да «непалітычных» былых асуджаных, якія мелі прыкладна аднолькавыя тэрміны пакарання, аднолькавыя артыкулы крымінальнага кодэксу, і таксама выйшлі на волю адначасова з палітвязнямі.
Хутчэй за ўсё, што адказ будзе «не»: па палітычна матываваных справах ціск большы, кантроль больш жорсткі, і гэта ўжо — незаконна.
Калі ж казаць пра паўторны пераслед чалавека за ўдзел у пратэстах 2020 года, — скажам, першы прысуд быў за адны даты, а новую справу распачалі за тыя ж дзеянні, учыненыя ў іншыя даты — фактычна, гэта пакаранне за адно і тое ж дзеянне, заўважае юрыстка.
— Калі нават апусціць, што агулам гэтага пераследу не павінна быць, у такім выглядзе яго тым болей быць не павінна. Усе эпізоды павінна было ўстанавіць следства ў першай справе.
— Якія парады можна даць беларусам, у чыіх родных і блізкіх вось-вось скончыцца тэрмін зняволення? Акрамя самага відавочнага варыянту – па магчымасці, з’язджаць з краіны. Што варта ці не варта рабіць, каб зменшыць рызыку «каруселі» далейшага ціску?
— З аднаго боку, трэба разумець, што ў цяперашняй сітуацыі для чалавека, які толькі выйшаў на волю і застаецца ў Беларусі, супернебяспечна перадаваць інфармацыю пра ўмовы зняволення і ціск.
Таму адразу, можа быць, не варта ісці на адкрытыя кантакты з журналістамі, блогерамі і г.д. Першаснае — дбаць пра ўласную бяспеку.
Але таксама ёсць і такі момант, што калі замоўчваць звесткі пра далейшы ціск, што чалавека перазатрымліваюць, пагражаюць і г.д., гэта можа адмоўна адбіцца і на ім, і паставіць у небяспеку іншых людзей. Бо апублікаваная гісторыя аднаго чалавека можа быць карыснай, папярэдзіць многіх.
Нават калі вам падаецца, што той ці іншы кейс датычыць толькі аднаго чалавека — не, гэта важна для іншых і датычыць усіх. Таму тут, мяркую, трэба шукаць баланс паміж бяспекай і распаўсюдам, перадачай інфармацыі.