Распачалося вялікае даследаванне пра культурны менеджмент Беларусі. Расказваем, як паўдзельнічаць

CreateCulture Group абвяшчае запуск вялікага даследавання стану культурнага менеджменту Беларусі. Каманда прафесійных сацыёлагаў і кансультантаў на працягу 7 месяцаў будзе праводзіць анлайн-апытанні, глыбінныя інтэрв’ю і фокус-групы, а таксама зоймецца аналізам актуальнага профілю культменеджэраў унутры і за межамі Беларусі. Першай часткай даследавання стане анлайн-апытанне. 

Чаму гэта важна рабіць менавіта зараз?

У апошнія гады культурны сектар Беларусі сутыкнуўся са шматлікімі выклікамі: ад культурнага ціску суседніх краін да буйной эміграцыі культурных дзеячоў за мяжу. Між тым, культурны менеджмент грае істотную ролю ў развіцці беларускай грамадскай супольнасці як унутры краіны, так і звонку. 

Фота facebook.com/createculture.group

Адна з арганізатарак даследавання Лізавета Шалай тлумачыць неабходнасць гэтага даследвання: «Наша арганізацыя адна з тых, хто займаецца развіццём культурнага і крэатыўнага сектароў Беларусі. Для таго каб культурная дзейнасць была больш заўважная, з’явілася неабходнасць даследавання існуючага становішча прафесіі, неабходных кампетэнцый і матывацыі. Маючы дадзеныя выніковага даследавання, мы зможам стварыць больш карысных магчымасцяў для прафесійнага развіцця і прыцягнуць увагу да прафесіяналізацыі сектара».

Вынікі даследавання могуць дапамагчы культурным дзеячам і дзяячкам, культурным установам, ініцыятывам і зацікаўленым бакам настроіць сваю працу па развіцці сектара і зрабіць больш важкі ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Фота facebook.com/createculture.group

Калі: жнівень 2023 — люты 2024
Дзе: анлайн
Справаздача: анлайн-PDF, друкаваная версія, інфаграфіка для сацсетак і СМІ, гібрыдны фармат прэзентацыі і публічныя абмеркаванні.

Калі вам цікавая тэма культуры і вы жадаеце прыняць удзел, калі ласка, запоўніце апытанне!

Кантакты для інтэрв’ю і каментароў: pr@createculture.group

budzma.org