— Забараняць класікаў XIX cтагоддзя? Да такога нават саветы не дадумаліся!
— Хутка напружацца нават студэнты-даследчыкі, якія пішуць курсавыя ці дыпломныя.
— Самае цікавае, што ж там з Лідзіяй Арабей…
Так рэагавалі беларусы на амаль што фантасмагарычныя падзеі, якія пачалі адбывацца 17 жніўня. Раніцай таго дня стала вядома, што мінская пракуратара прызнала экстрэмісцкімі 2 вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Крамолу ўгледзелі нават у прадмове да зборніка твораў беларускага класіка. А літаральна праз некалькі гадзін стала падавацца, што на нашых вачах ажывае сюжэт антыўтопіі Рэя Брэдберы. Як там у яго «451 градус па Фарэнгейту»? Спальваць было асалодай…
У вогнішча (чытай — у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў) беларускія ўлады гэтым разам кінулі зборы твораў Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Уладзіміра Някляева і Лідзіі Арабей.
Што гэта было? Што будзе? І быццам бы зразумела, хто вінны, але што нам рабіць? Спрабуем разабрацца.
Будкін: «За гэтым відавочна стаіць нейкі знаўца»
Старшыня Беларускай рады культуры Сяргей Будкін пра ўсю гэтую сітуацыю кажа ўзважана, спакойна і з пэўнай доляй гумару. Зрэшты, было б смешна, калі б не было так сумна.
— Было адчуванне, што проста прабегліся па алфавіту — Арабей, Арсеннева, Геніюш, Дунін-Марцінкевіч… І самае сумнае, што за гэтым відавочна стаіць нейкі знаўца. Таму што дайсці да аналізу творчасці Дуніна-Марцінкевіча ці Арабей усё ж падуладна чалавеку, які хоць нейкім чынам арыентуецца ў беларускай літаратуры. А магчыма, гэта нейкі абсурдны данос — на адрас калегі, які ўжо не жыве два стагоддзі. Па ўсім, на выхад цяпер трэба падрыхтавацца Францішку Багушэвічу.
Сяргей Будкін тлумачыць, што чорныя спісы пісьменнікаў існавалі заўсёды. Розніца хіба ў тым, што да 2020 года ўсё рабілася больш-менш акуратна і па-хітраму: «А цяпер ніхто ўжо не асцярожнічае, каб абліць бензінам усю кніжную паліцу і пасля яе падпаліць». Зрэшты, і тут можна знайсці плюсы.
— Я заўжды адказваю, што можна толькі выказаць падзяку за дадатковае прыцягненне ўвагі да беларускай літаратуры.
— І нам застаецца?..
— Усё тое ж. Той, хто сябе адчувае беларусам, ведае, што рабіць. Узмацняць беларускае з усіх бакоў, наколькі вам дазваляе вашая сітуацыя. Падтрымліваць выдаўцоў, музыкаў, артыстаў, галасаваць рублём і жывой цікавасцю. Відавочна, што беларусы на правільным шляху. Бо калі нас не змаглі задушыць у часы Дуніна-Марцінкевіча, пагатоў гэта немагчыма зрабіць цяпер.
А што будзе з Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Быкавым — з усёй беларускай літаратурай?
Змагаюцца з пісьменнікамі ў Беларусі па-рознаму. Залічваюць у экстрэмісцкія спісы, грамяць выдавецтвы, рэгулярна падчышчаюць школьную праграму. У 2017 годзе з яе, напрыклад, прыбралі «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага. Тады ж пад цэнзуру трапілі некаторыя творы Янкі Купалы і Рыгора Барадуліна. У 2021 годзе зніклі ўсялякія згадкі пра лаўрэатку Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч. Паверыць у гэта зараз няпроста, але калісьці ў школе чыталі і Уладзіміра Някляева, які чарговы раз трапіў у чорны спіс. Пра гэта паэт выказаўся на сваёй старонцы ў facebook.
«Што будзе з Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Быкавым — з усёй беларускай літаратурай?
Будзе тое (яно ўжо ёсць), што некалі было, і пра што напісана ў рамане „Гэй Бэн Гіном“, пра які ў мяне пыталіся: навошта я ўзяўся за гістарычны твор, калі столькі наўкол сучасных сюжэтаў? Дык вось сюжэт гэтага рамана з цкаваннем, пераследам і ўрэшце забойствам нацыянальнага генія Янкі Купалы, вынішчэннем беларускага слова як генетычнага кода нацыі і ёсць самым сучасным сюжэтам. Хоць пачаўся ён не ад сёння і не ад Купалы, і нават не ад Дуніна-Марцінкевіча — сучаснаму гэтаму сюжэту ўжо 300 гадоў.
І што з яго вынікае? Толькі адно. Якія б хвалі вынішчэння мовы, культуры, гістарычнай памяці народа ні ўздымаліся ў мінулых стагоддзях, яны разбіваліся аб таямнічую, невытлумачальную (рамантычна выпісаную Караткевічам) векавечную моц беларушчыны, якая ў нашай зямлі і ў нашай вадзе. Гэтак будзе і цяпер. Слова беларускае ўсё ператрывае і ўсіх сваіх ненавіснікаў перажыве».
Бо людзі, якія ў 21 стагоддзі хочуць нешта забараніць, змагаюцца з інтэрнэтам, а не складаюць блэк-лісты. Памятаеце ж, як мінулым летам сеціва абляцеў спіс з 33-х пісьменнікаў, кнігі якіх павінны былі знікнуць з бібліятэчных паліц? Алексіевіч, Акудовіч, Разанаў, Бахарэвіч, Арлоў і яшчэ 27 аўтараў, сярод якіх быў і Андрэй Хадановіч. Наконт таго, што адбылося 17 жніўня, у паэта ёсць свая тэорыя.
Хадановіч: «Нічога не змянілася з найгоршых часоў расійскай імперыі і каланізацыі Беларусі»
— Мы спрабуем шукаць логіку, а логікі гэтай няма. Бо логікай кіруюцца людзі, якія пачуваюцца ўпэўнена, якія ў бяспецы, якія спакойна глядзяць на свет, а сённяшнія беларускія ўлады так не пачуваюцца. Яны пачуваюцца самазванцамі, якія разумеюць, што іх ніхто не любіць, што яны на чужым месцы, што яны паміж людзьмі, якія не забудуць і не даруюць іхніх злачынстваў.
Зрэшты, разважае Андрэй Хадановіч, у дзень, калі разляцелася вестка пра чарговых «экстрэмістаў», кола аматараў Дуніна-Марцінкевіча, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсеневай і Уладзіміра Някляева безумоўна паболела.
— А я, у сваю чаргу, хмыкнуў і здзівіўся, пачуўшы імя Лідзіі Арабей. Але цяпер ведаю, што адназначна знайду час, пасуну нейкія іншыя чарговыя задачы і лепей азнаёмлюся з яе творчасцю. Пачытаю, што ж такога «экстрэмісцкага» яна напісала.
— Спадар Андрэй, а што далей?
— Рэч у тым, што ў Беларусі з’явіліся прафесійныя пагромшчыкі на дзяржпасадах. Калі яны спыняцца, то проста памруць з голаду, адчуюць сябе непатрэбнымі, або нейкія іншыя пагромшчыкі знішчаць іх саміх.
У 2020 годзе ў авангардзе апынуліся людзі культуры. Культура і ёсць мірным, цывілізаваным, бяззбройным пратэстам, які выяўляецца маральнай зброяй. Таму яе будуць нішчыць столькі, колькі будуць пры пасадах прафпагромшчыкі.
Так што кожнае беларускае слова, кожны радок, кожны жэст у падтрымку рэпрэсаваных працуе на нашую культуру, грамадства, салідарнасць. У рэшце рэшт, на непазбежную перамогу святла. Я думаю, найвялікшы страх уладаў у тым, што і яны разумеюць, чым усё скончыцца. Яны таксама ведаюць пра перамогу святла.
А Беларусь зробіцца беларускай…
Дарэчы, пакуль што не зусім зразумела, што збіраюцца рабіць улады з помнікам Дуніну-Марцінкевічу ў самым цэнтры Мінску. Напружыцца, па ўсім выглядае, трэба і тым, хто жыве на вуліцы імя пісьменніка: той самай, на якой знаходзіцца будынак Мінскага гарадскога суда, жартуюць беларусы ў сацсетках. Але самае смешнае не гэта. Самае смешнае, як піша Лявон Вольскі, што заўтра вецер зменіцца і …:
«…зайграюць сурма і дуда, Беларусь зробіцца беларускай, і гэтыя „мастацтвазнаўцы“ на чысьцюткай беларускай мове, сыплючы цытатамі з Багушэвіча і Дуніна-Марцінкевіча, будуць пляжыць тых, хто „недастаткова беларускі“, яшчэ не перайшоў на перадавую лацінку і не напоўніцу змагаўся з крывавай уладай у змрочныя лукашэнкаўскія часы».