З 4 па 10 верасня ў Цэнтры беларускай культуры і супольнасці пройдзе цэлы тыдзень беларускай культуры. На падзею запрашае Музей імя Івана Луцкевіча.
Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнаму аспекту беларускай культуры:
4 верасня, панядзелак: Дзень шляхты (будзе праведзеная майстэрня замкаў, падчас якой дзеці з бацькамі змогуць сабраць з паперы мадэлі сапраўдных беларускіх замкаў; прэзентацыя з дэгустацыяй «Беларуская культура кавы», шляхетная і інтэлігентная).
5 верасня, аўторак: Дзень славутых беларусаў (сумесна з Ulegend — квэст па Вільні, падчас якога трэба шукаць мясціны, звязаныя са славутымі беларусамі).
6 верасня, серада: Дзень выяўленчага мастацтва (майстар-клас «Відзікі»*, акварэльны майстар-клас «Зорка Венера»*).
7 верасня, чацвер: Дзень літаратуры і паэзіі (паэтычная сустрэча з Настай Кудасавай і Віталём Рыжковым; пасля сустрэчы для кожнага і кожнай будзе адкрыты вольны мікрафон — можна прачытаць свае вершы, фрагменты празаічных твораў ці паразважаць наконт таго, што турбуе).
8 верасня, пятніца: Дзень музыкі (беларускае караоке).
9 верасня, субота: Кірмаш (беларусы запрашаюць сяброў! На падворку Цэнтра будзе праведзены кніжны кірмаш і кірмаш вырабаў народнай творчасці, удзел возьмуць не толькі беларусы, але і майстры самых розных нацыянальнасцяў, будуць арганізаваныя гульні для дзяцей, аквагрым і іншыя цікавосткі, вулічная ежа, а таксама пройдуць выступы Аляксандра Памідорава і іншых спевакоў).
10 верасня, нядзеля: Багач (традыцыйнае святкаванне беларускага «Багача», плануецца правядзенне адпаведнага абраду, супольны абед са стравамі нацыянальнай кухні, беларускія народныя танцы, гульні для дзяцей, падвядзенне вынікаў вясёла-сур’ёзнай латарэі «Багач»).
Акрамя таго, цягам усяго Тыдня беларускай культуры будуць працаваць сялянская фотазона, імерсіўная выстава «Лес беларускай міфалогіі і фальклору», замкавая і літаратурныя прасторы, адукацыйныя цікавосткі для дзяцей і дарослых, анлайн і афлайн актыўнасці і гэтай далей, далей, далей.
На некаторыя імпрэзы колькасць месцаў абмежаваная і патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя!
- Зарэгістравацца на Майстэрню беларускіх замкаў.
- Зарэгістравацца на майстар-клас «Відзікі».
- Зарэгістравацца на майстар-клас «Зорка Венера».
«Сардэчна запрашаем кожнага і кожную! Адкрываем новы сезон разам!», — звяртаюцца да беларусаў Вільні стваральнікі падзеі.