У папярэдніх частках дзённікаў я згадвала пра здзелку, якую мне прапаноўвала Генпракуратура, а таксама, як гумар дапамагае выжыць нават у самых безнадзейных сітуацыях. Сёння распавяду, на які сакрэтны ўказ спасылаліся лекары жодзінскай турмы, пра самы цяжкі этап за час знаходжання за кратамі, а таксама, якія перфомансы з нашымі лістамі ладзілі аператыўнікі гомельскай калоніі.
Папярэднія часткі «Турэмных дзённікаў» Вольгі Класкоўскай
«Палітычных і эканамічных не лячыць»
— Класковская, на выход, — карпусны жодзінскай турмы (там жа знаходзіцца і СІЗА) усім сваім выглядам даваў зразумець, каб прыспешылася.
— Куды мяне хоць вядуць? — удакладняю ў службоўцы.
— Много вопросов задаешь, идем молча, — адрэзаў той.
Мяне прывялі ў падвал, дзе, як аказалася пазней, месцілася турэмная бальніца. Ужо больш за дзесяць дзён я пакутавала на моцны крывацёк, і турэмнікі толькі цяпер наважыліся штосьці зрабіць.
У камеры-палаце ўсе ніжнія ярусы занятыя, пустуе толькі адно месца на другім. Праз фізічны стан і боль не магу туды ўзлезці. Давялося спаць на падлозе. Пазней мне ўсё ж такі выдзелілі ніжнія нары.
Турэмныя дактары мяне амаль што цалкам ігнораць. Робяць кроваспыняльныя ўколы раз-пораз, ставяць кроваспыняльныя кропельніцы, на гэтым усё. Мой стан з кожным днём заўважна пагаршаецца, я слабею.
— Воля, я не магу на гэта больш глядзець. Я сама буду з галоўным урачом санчасткі наконт цябе размаўляць. Запісалася да яго на прыём, акурат сёння мусіць выклікаць. Цябе тэрмінова трэба весці ў гарадскую бальніцу, нармальна абследаваць і нармальна лячыць, — заплакала адна з сукамерніц.
— Ды я і сама магу за сябе пастаяць, не трэба, дзякуй, — з удзячнасцю адказваю той.
Але сукамерніца ўсё ж згадала мяне падчас размовы з лекарам. Пачутае павергла яе ў шок.
— Ты ведаеш, што ён мне адказаў? Маўляў, я ўсё разумею, але ёсць загад палітычных і тых, хто сядзіць за карупцыю, асабліва не лячыць, — з абурэннем працягвала сукамерніца. — Дык а што ж гэта такое? Дзе справядлівасць? Яны ж клятву Гіпакрата давалі.
Я сумна ўсміхнулася:
— Ну дзе ты ў Беларусі бачыла справядлівасць? І як даўно? У Беларусі фашызм. І пакуль Лукашэнка будзе ва ўладзе, так будзе заўсёды. Гэта бесчалавечая сістэма, задача якой любой цаной захаваць трон правадыра і задушыць усіх нязгодных.
Сукамерніца цяжка ўздыхнула і палезла ў торбу за танометрам.
У «кармушку» прасунулі стос канвертаў і вымавілі маё прозвішча.
А ці не пачаць усё з чыстага аркушу?
Я па-ранейшаму ў турэмнай бальніцы. Снежань 2020 года. У той час палітычным яшчэ аддавалі лісты. І большасць нашых таксама дасылалі. Лісты ад незнаёмых людзей я тады яшчэ атрымлівала ў вялікай колькасці. Пазней згадвала гэтыя моманты як сапраўдны цуд: у гомельскай калоніі прыкладна з пачатку 2022 года нас амаль цалкам абрубілі ад знешняга свету. Зрэдку аддавалі карэспандэнцыю толькі ад блізкіх сваякоў. І тое не заўсёды. Як і нашыя лісты і паштоўкі дадому дасылалі «пад настрой».
Раз-пораз аператыўка ПК ладзіла паказныя перфомансы, маўляў, «мы ўсё робім паводле закону». Азначала гэта, што выбарачна некаторыя лісты знішчаліся аперамі пад акт. Палітвязня азнаёмлівалі з паперай і прапаноўвалі паставіць подпіс. Фармулёка заўсёды была адная і тая ж — «цынічны характар карэспандэнцыі».
Рабілася гэтая паказуха для таго, каб пераканаць нас, што адміністрацыя нашыя лісты не крадзе, а не аддае нам з-за таго, што адпраўшчыкі нібыта не прытрымліваюцца этычных нормаў, што да сваіх выказванняў. Маўляў, не адміністрацыя парушае закон, а нашае атачэнне. Карацей, як заўсёды — «я не я і хата не мая», гэта вы «самі ва ўсім вінаватыя».
Ну і каб было што паказаць «проверяющим» з Дэпартамента выканання пакаранняў і пракуратуры. Палітвязні і іх сваякі ўвесь жа час скардзяцца ў шматлікія інстанцыі на блакіроўку ліставання. І вось прыязджае чарговы пракурор у калонію, а опер паказвае яму акты знішчэння лістоў, са спасылкай на параграфы крымінальна-выканаўчага кодэксу. Маўляў, ды што вы слухаеце гэтых змагароў, у іх усё толькі на словах, а ў нас — факты. Пераканаўча?
Хаця я ўпэўненая на сто адсоткаў, што і пракуроры, і падпалкоўнікі дэпартамента — усе яны выдатна ведаюць, што нашыя законныя правы парушаюцца, што адміністрацыі следчых ізалятараў і калоній крадуць нашыя лісты і выкідаюць іх у сметніцу. Магчыма, менавіта гэтыя людзі самі і аддавалі такія загады. Але людзі ў пагонах яшчэ тыя аматары клаўнады: з задавальненнем ў гульню «мы ўсё робім па законе» гуляюць, ганарацца гэтым, як і тым, што, маўляў, ну як жа спрытна мы ў чарговы раз уцёрлі змагарам нос.
Аднойчы я правяла эксперымент. Пачыла дасылаць знаёмым чыстыя паштоўкі і чыстыя аркушы паперы. Маўляў, раз адміністрацыя вінаваціць нас у тым, што нашыя допісы «цынічныя», цікава, што яны змогуць прад’явіць чыстаму аркушу, на якім увогуле ніякага тэксту няма?
Працягвала я гэта рабіць дзён дзесяць. І нічога, абсалютна нічога з гэтай карэспандэнцыі таксама да адрасатаў не дайшло.
— Таму што характар тваёй карэспандэнцыі не проста цынічны, а звышцынічны, — жартавалі з гэтай нагоды палітзняволеныя сяброўкі.
Вось і ўсё, што патрабавалася даказаць. І хтосьці тут яшчэ заікаецца пра цынізм. Чыя б карова мычала.
У 2020 годзе ў той жа жодзінскай турме нам яшчэ аддавалі і тэлеграмы, і лісты ад незнаёмых людзей. Гэта без перабольшвання вельмі ўзнімала настрой, надавала сіл, натхнення. І незалежныя выданні таксама аддавалі. Вось у чарговы раз прынеслі «Новы Час». Сукамерніцы адразу вырвалі газету з маіх рук: «Ай, ты і так пра палітыку ўсё ведаеш, пасля пачытаеш, дай найперш нам». Ды калі ласка, чым больш людзей будзе ведаць праўду, тым лепей.
— Воля, а хто табе піша? А дасі паштовачкі паглядзець? Ваў, і налепачкі такія прыгожыя на канвертах! Шчаслівая ты! — шчыра радавалася за мяне хворая на рак сукамерніца. Яе імя — Людміла, сядзела за забойства сужыцеля. Хутчэй за ўсё, яе ўжо таксама няма ў жывых. У яе ўжо на той момант дыягнаставалі апошнюю стадыю рака. Мы сустрэліся пазней у Мінску, у судзе Ленінскага раёна. Нашыя судовыя пасяджэнні праходзілі ў адзін дзень. Я атрымала тады два гады за перакрыццё дарожнага руху, Люда — 8 за нібыта наўмыснае забойства.
Трэці раз мы сустрэліся ў санчастцы гомельскай калоніі. Я трапіла туды з чарговым моцным крывацёкам, а Люду туды паклалі, як самі турэмнікі выказаліся, «паміраць».
Я з цяжкасцю пазнала былую сукамерніцу. Худая, аслабленая, без валасоў, перасоўвалася на інвалідным вазку.
«Воля, дай цыгарэт. Хоць перад смерцю накурыцца ўдосталь хачу, што мне яшчэ застаецца. Мабыць, Бог мяне так пакараў за тое, што Сашку забіла», — заплакала кабета і моцна мяне абняла.
Жодзінскія турэмнікі дзён праз дзесяць пасля шпіталізацыі ўсё ж такі вывезлі мяне ў гарадскую бальніцу — але на той момант я ўжо фактычна не стаяла на нагах. Патрабавалася аперацыя, але турэмныя медыкі і супрацоўнікі СІЗА займацца мной не хацелі: гэта ж і суправаджэнне медычнае трэба арганізоўваць, і кругласутачны канвой. Вырашылі, няхай мной займаецца ўжо іншае СІЗА.
Неўзабаве мяне перавялі на Валадарку. Разам са мной этапавалі і небараку Люду.
«Быстрее, бл*дь, каличи!»
Гэта быў самы цяжкі этап з усіх, што давялося перажыць. А было ў мяне іх нямала. Агулам каля дзесяці, калі не больш.
Ноч, галаледзіца, брэх сабак, узброены злы канвой. У мяне моцны крывацёк, Люда таксама цалкам знясіленая.
Канвой страшэнна крычыць, гоніць нас праз нейкія чыгуначныя шляхі. Ісці немагчыма, бо вельмі слізка, ногі раз’язджаюцца ва ўсе бакі, да таго ж мы яшчэ і торбы цягнем. Люда, перакрочваючы рэйкі, павалілася, заплакала. Я перакінула свае торбы на правую руку, левай узяла пад руку хворую сукамерніцу.
— Быстрее, бл*дь, каличи! А то сейчас помогу, на*уй! — зароў адзін з канваіраў і ткнуў мяне ў спіну дручком.
Я пачала агрызацца:
— Рукі прыбраў. Зараз!
Люда ўжо не плакала, а выла.
Нарэшце нас прывялі да нейкіх вагонаў. Туды сагналі і хлопцаў: у адным з іх пазнаю юнака, што праходзіў са мной па адной крымінальнай справе. Але павітацца мы не змаглі, бо хлопцам загадалі сесці на кукішкі, рукі закласці за галаву, а самі галовы схіліць уніз.
Сабакі забрахалі яшчэ грамчэй. Люда затрэслася. Ва ўсіх у нас ногі раз’язджаліся ў розныя бакі, доўга ўтрымацца на такой слізкай паверхні было немагчыма. Канваіраў гэта раздражняла, яны без перапынку лаяліся на нас і пагражалі. У мяне было адчуванне, што я знаходжуся ў фашысцкім канцлагеры.
І вось мы на Валадарцы. Нас з Людай раскідваюць па розных камерах. Я трапляю ў нумар 74. Да Вікі Кульша.
Да гэтых часоў з цеплынёй успамінаю кожную хвіліну, што мы з Вікай правялі разам.
«Ну а як яшчэ даказаць, што я люблю сваю краіну?»
Віка адкрылася не адразу. Доўга да мяне прыглядалася, перш, чым зблізіцца. Вельмі неахвотна пра сябе распавядала, пра палітычную актыўнасць увогуле нічога не казала. Калі я запыталася, па якім артыкуле яе абвінавачваюць, адрэзала коратка і суха: «Пагроза нацыянальнай бяспецы».
Разам з тым палітзняволеная з кожным днём паступова скарачала дыстанцыю паміж намі і мо праз якія тыдні два мы ўжо сталі сяброўкамі.
У паперах, што Віка атрымала ад следчых, фігуравала каля дзесяці артыкулаў крымінальнага кодэкса, па якіх яе абвінавачвалі. Я чытала і не верыла сваім вачам. Чаго там толькі не было! Нават наркатычны артыкул 328 прышылі.
— Хтосьці на цябе вельмі злы, Віка. Гэта штосьці асабістае, — кажу сяброўцы.
— Гэта асабістая помста Карпянкова і Шведа. Яны ўспрынялі пэўныя мае дзеянні ў часе пратэстаў як асабісты выклік і асабістую абразу. Таму пасадзяць мяне надоўга, — падзялілася думкамі Віка. І ўсміхнулася. Яна ўвесь час усміхалася і ніколі не хандрыла. Абсалютна да ўсяго ставілася спакойна, па-філасофску і з усмешкай.
Сяброўка — прафесійны юрыст. Гэтыя веды дужа дапамагалі за кратамі і самой Віцы, і ўсім іншым яе сукамерніцам, бо яна заўсёды адстойвала правы зняволеных — як на паперы, так і вусна, прыгожа і дакладна ўсё аргументавала з юрыдычнага пункту гледжання. Настолькі бездакорна, што служакі вельмі часта не ведалі, што ёй адказаць і маўчалі, як мыла з’еўшы.
Адміністрацыя аднойчы абвінаваціла Віку ў спробе нападу на супрацоўніка. Хаця насамрэч (гэтая сітуацыя адбывалася на маіх вачах) сяброўка проста вылівала ў прыбіральню ваду з тазіка ў момант, калі ў камеру зайшоў карпусны. Палітзняволенай паставілі ў віну тое, што падчас знаходжання службоўца ў камеры яна не стаяла «по стойке смирно» з рукамі за спінай. Мы шчыра рассмяяліся, калі пачулі гэтыя бязглуздыя абвінавачванні. І Вікіных юрыдычных ведаў і хваткі хапіла для таго, каб пераканаўча патлумачыць служакам, што ўсё было не так. Ад яе адчапіліся.
— Юра піша, каб ты не перажывала з-за прысуду. Усё роўна хутка ўсе будзем на волі. Ды і за такое і пасядзець не сорамна. А як яшчэ даказаць, што ты любіш сваю краіну? — сяброўка толькі што атрымала цыдулку з камеры, што знаходзіцца на паверх вышэй. Там сядзеў наш аднадумца, палітвязень, былы вайсковец.
Перапісваліся з ім мы з дапамогай «каня» — самаробнага прыстасавання, што дазваляе праз вокны перакідваць цыдулкі з камеры ў камеру.
— Ды я і не пераймаюся, усё акей. Затое будзе пра што ўнукам распавесці. І я хачу, каб яны нарадзіліся і жылі ў вольнай краіне, — адказала сяброўцы. Мы моцна абняліся.
Неўзабаве мяне этапавалі ў гомельскую калонію. Я даведалася пазней, што абвінавачванне ў адносінах да Вікі перакваліфікавалі. Я ўздыхнула з палёгкай.
Судзілі палітзняволеную ў выніку па адным артыкуле — 342-м. Далі два гады. Але, на жаль, гэтыя два гады ператварыліся ў пажыццёвае зняволенне. Сяброўку судзілі яшчэ два разы — за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» і накінулі агулам яшчэ два гады.
«Ну а як яшчэ даказаць, што я люблю сваю краіну?» — часта ўспамінала я гэтыя словы Вікі і ўнутры ўсё сціскалася.
Ты ўжо даўно гэта даказала, Віка. У той самы момант, калі ў жніўні 2020 года выйшла на вуліцу з нацыянальным сцягам і кінула выклік рэжыму.
А цяпер мы чакаем цябе дома. Жывой і здаровай. Таму вельмі цябе прашу: беражы сябе.
Дзякуючы такім людзям, як ты, Беларусь абавязкова стане вольнай.
Дзякуй табе за ўсё.
Працяг будзе.