«Гэта недэмакратычна». Літоўскі бізнес супраць ціску на беларусаў

Літоўскі бізнес незадаволены рашэннямі палітыкаў адносна беларусаў. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Нельга спачатку запрашаць, а пасля выкідаць з краіны, упэўненыя прадстаўнікі літоўскага IT-сектара. Так яны каментуюць мажлівыя абмежаванні да беларусаў нароўні з расійцамі.

Кіраўнікоў кампаній, якія перабраліся ў Літву пару гадоў таму, здзіўляе змяненне пазіцыі краіны ў дачыненні да беларусаў: літоўскія ўлады зноў прапануюць зраўнаваць іх у абмежаваннях з расійцамі. Бізнес сцвярджае, што такія планы палохаюць і работнікаў, якія пераехалі туды і будавалі там сваё жыццё. Таму адны ўжо перабраліся, а іншыя думаюць пра пераезд у Польшчу.

З пачатку гэтага года Літва выдала 10 000 відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі. Усяго ў Літве пражывае каля 60 000 беларусаў. Пасля таго, як найміты «Вагнера» перабраліся ў Беларусь, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заклікаў перагледзець прыняты закон і зраўнаваць абмежаванні для расійцаў і беларусаў (прыпыніць выдачу віз і відаў на жыхарства). Акрамя таго, высветлілася, што 910 беларусаў уяўляюць пагрозу нацбяспецы Літвы (337 з іх не выдалі від на жыхарства ў краіне, а больш за 200 былі пазбаўленыя наяўнага), піша «Delfi».

Беларусам від на жыхарства ў Літве атрымаць лягчэй, чым расійцам. Калі абмежаванні ўраўняюць, то беларусам складана будзе прыехаць у Літву і купіць там нерухомасць. Некаторыя беларусы і беларускія кампаніі плануюць пакінуць Літву. Пра гэта згадваў і прадстаўнік офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі.

Паводле звестак «Інвестуй у Літве», у краіне ёсць 5200 спецыялістаў у сферы IT з Беларусі. Бізнес плаціць падаткі ў Літве, заробкі ў такіх кампаніях – у сярэднім 5000 еўра «на паперы», значыць, кожны работнік папаўняе бюджэт краіны на 20 000 еўра на год. «Каля 70 млн еўра падаткаў, не лічачы падатак на прыбытак — мне здаецца, гэта значная сума, а наогул, гэта кампаніі, якія плацяць добрыя заробкі, такія кампаніі патрэбныя Літве», – сказала міністарка эканомікі Аўшрыне Арманайце.

Адна з такіх кампаній — «Coherent Solutions». У ёй працуе 60 высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі — гэта палова ўсіх работнікаў кампаніі. Кіраўніца кампаніі Ліна Шумеце сказала, што вялікая хваля перасялення была два гады таму, пазней патокі перасялення стабілізаваліся, у гэтым годзе прыехалі трохі работнікаў.

Паводле яе слоў, у тых, хто ўжо асталяваўся ў Літве, планы літоўскіх палітыкаў выклікаюць непакой. «Мы ніколі актыўна не шукалі работнікаў з Беларусі, спецыяльна іх не прывозім. Нашы работнікі — з нашай даччынай кампаніі ў Беларусі, яны самі хацелі пакінуць краіну праз тое, што ім не падабалася ідэалогія або яны зазналі рэпрэсіі. Калі ім забароняць уезд у Літву, яны не змогуць бегчы ад рэжыму. Атрымаецца зваротны эфект: не падтрымліваеш рэжым, але караеш людзей, якія ад яго бягуць.

Гэта таксама турбуе і людзей, якія прыехалі сюды, скажам, 3 гады таму. Яны столькі гадоў плацілі ў Літве падаткі, якія складаюць 40%. Сярод кампаній нашай групы гэта, напэўна, самыя вялікія падаткі. Работнікі занепакоеныя, яны тут жывуць, бяруць крэдыты, дзеці наведваюць літоўскія школы. Усё гэта выклікае ў іх стрэс. Калі іх пазбавяць віду на жыхарства, дзе ім жыць? У Беларусь яны не могуць з’ехаць, яны адтуль уцяклі», — сказала дырэктарка «Coherent Solutions».

Паводле яе, усё гэта спыняе і іншых беларусаў, якія хацелі б з’ехаць у Літву. Цяпер яны звярнулі свае позіркі на Польшчу: «Тыя, хто думаў ехаць у Літву, цяпер плануюць умацоўваць эканоміку Польшчы, там узмацнення жорсткасці не плануюць. А тыя, хто тут ужо ўкараніўся, вымушаныя мяняць планы». Яна нагадала, што раней беларусаў у Літву запрашалі, таму змяненне пазіцыі было б несправядлівым.

«Мы лічым, што гэта недэмакратычна, сацыяльна неабгрунтавана. Незразумела, чаго гэтым спрабуюць дамагчыся, можа, паказаць свае прынцыпы», – выказала здагадку Шумеце. Яна лічыць, што Літва павінна зрабіць больш жорсткім уезд для ўсіх замежнікаў, не вылучаючы іх па краінах, калі гэта тычыцца пытання пагрозы нацбяспекі.

«Мы пакуль не сутыкаліся з пазбаўленнем віду на жыхарства нашых работнікаў. Але мы баімся, што такое можа быць, бо гэта доўгі працэс, разглядаюць паступова, таму, магчыма, кагосьці гэта закране. Але гэтае рашэнне можа падзейнічаць і так: самі работнікі вырашаць пакінуць Літву. А ад колькасці тых, хто з’ездзе, будзе залежаць і становішча кампаніі. Калі шмат работнікаў з’едзе, паўстане пытанне, навошта тут трымаць бізнес.

Мы насамрэч чуем рэальныя абмеркаванні на тэму перасялення бізнесу з Літвы. Не заўсёды патрэбны факт, які адбыўся, дастаткова палітычных разваг. У людзей гэта выклікае непакой, у выніку бізнес і самі людзі могуць вырашыць пакінуць Літву», – сказала Шумеце.

Кампанія «SaM Solutions» дзейнічае ў Літве два гады. У ёй працуе 65 чалавек, большасць — беларусы. Кампанія планавала працаўладкаваць агулам 85 чалавек, але частка работнікаў з’ехала ў Польшчу, іншыя не наважыліся, сказаў кіраўнік кампаніі Рамунас Адамоніс.

Ён заўважыў, што пакінуць Літву вырашылі і некаторыя работнікі, якія там жылі. «Я стараюся супакоіць тых, хто засталіся, кажу, што здаровы сэнс павінен узяць верх, што не могуць выгнаць тых, каго дзяржава сама запрасіла», – сказаў Адамоніс, заўважыўшы, што пакуль кампанія не мае намеру сыходзіць з Літвы. Праўда, ён не выключыў такой магчымасці, калі з’явіцца неспрыяльная для беларусаў палітыка. Паводле слоў Адамоніса, іх работнікі дакладна не ўяўляюць аніякай пагрозы нацбяспецы краіны.

novychas.online паводле Delfi