У дзень памяці спадара Шыманца згадаем яго жыццё і асабісты ўклад у тое, каб радзіма стала вольнай. Калі ён быў міністрам у Радзе БНР, Уладзімір відавочна не здагадваўся, якую пасаду зойме дачка Івонка ў будучыні.
Уладзімер Шыманец нарадзіўся ў 1911 годзе ў Рызе ў сям’і беларусаў Аляксандра і Вольгі, якія шукалі працы ў чужым краі. Прадзед Уладзімера быў у ХІХ стагодзьдзі сялянскім адвакатам і бараніў у судах людзей, пакрыўджаных памешчыкамі. Пазьней стаўся засульскім войтам. Ягоны сын, Уладзімераў дзед Васіль, быў сакратаром у генэрала, пазнаёміўся і ажаніўся зь нямецкай настаўніцай генэральскіх дзяцей.
Уладзімер Шыманец пазнаёміўся з будучай жонкай Эвэлінай у Стоўпцах, на прадстаўленьні «Птушкі шчасьця». У сваіх успамінах ён прыгадваў, як моцна яго ўразіла дзяўчына, калі першы раз яе пабачыў. Пажаніліся яны ў Стоўпцах у чэрвені 1935 году. Івонка Сурвілла нарадзілася ў пары ў 1936 годзе.
У 1939 годзе Ўладзімер Шыманец уладкаваўся ў Баранавічах, працаваў намесьнікам кіраўніка электрастанцыі чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральная.
Пасля прыходу камуністаў і чырвоных войскаў у Польшчу 17 верасьня 1939 года тата Івонкі быў арыштаваны 23 кастрычніка 1940 года і асуджаны да 5 гадоў працоўных лягераў у Сібіры. Абвінавачаньне стандартнае для таго часу: антысавецкая агітацыя.
Дачка Івонка ўспамінала: “Памятаю, як прыйшлі яго арыштоўваць. Хацелі ў мяне з шыі сарваць залаты крыжык, і я крычала, каб яго ня даць. Мне было толькі тры гады, але памятаю маміны сьлёзы”.
Напад немцаў у 1941 годзе выратаваў Шыманца. Яму ўдалося зьбегчы і вярнуцца ў Баранавічы. Спадарыня Сурвілла згадвае той час: “Тата нечакана вярнуўся. Вязьні турмы пачулі крыкі на вуліцы, што бальшавікі ўцяклі, і лаваю выбілі дзьверы. Пазьней даведаліся, што праз гадзіну прыехалі іх расстрэльваць”.
Падчас нямецкай акупацыі Ўладзімер працаваў настаўнікам у Баранавічах, публікаваў артыкулы пра архітэктуру. Але ў 1944 годзе станавілася відавочна, што камуністычная акупацыя вяртаецца.
Другі раз сям’я Шыманцоў не зьбіралася праходзіць праз тое ж самае.
Івонка Сурвілла ўспамінала дзяцінства ў Беларусі: “Мне было восем гадоў, калі бацькі, перад другім надыходам бальшавікоў, вырашылі, што ня здолеюць перанесьці новага зьняволеньня, і выбраліся з малымі дзецьмі ў няведамы сьвет”.
Таварным цягніком дабраліся да Беластоку, адтуль — у Кенігсберг, дзе заспелі канец вайны і вымушаныя былі бегчы далей.
Апынуўшыся ва Ўсходняй Прусіі, сям’я Шыманцоў не ўяўляла сабе, якім доўгім будзе выгнаньне. Шмат пазьней, калі ім прыйшлося выбіраць краіну, дзе асяліцца настала, выбралі Францыю, бо адтуль, як тады казаў Уладзімер Шыманец, «і пяшком можна будзе вярнуцца дадому».
Івонка Сурвілла згадвала ў сувязі з гэтым: “Дасюль шкадую, што тата не дачакаўся кароткага пэрыяду Адраджэньня на пачатку дзевяностых гадоў, калі брат і я зноў пабачылі Беларусь”.
На некалькі гадоў сям’я затрымалася ў Даніі, дзе бацька Івонкі заснаваў Таварыства беларусаў — а яе з братам вучыў мове і гісторыі па кнізе «Гісторыя Беларусі», якую цудам вывезла ў заплечнай торбе і ўратавала маці.
У 1945 годзе ў дацкім шпіталі памірае маленькая дачка Ўладзімера і Эвэліны – Прадслава.
У Даніі спадар Шыманец наладзіў кантакт з Міколам Абрамчыкам. Дзякуючы яго намаганьням потым па праграме эміграцыі ўцекачоў ад вайны сям’я Шыманцоў дабралася да Францыі, дзе і засталася.
Паралельна з працай і палітычнай дзейнасьцю — перакладаў на беларускую мову казкі Андэрсэна, працаваў над дацка-беларускім слоўнікам і вельмі цікавіўся самой краінай — быў захоплены яе дабрабытам у такі цяжкі паваенны час.
Шыманец часта пра гэта разважаў — з думкай, як прыстасаваць да Беларусі дацкі досьвед. Як маленькая краіна, безь ніякіх прыродных багацьцяў (тады яшчэ не знайшлі нафты ў Катэгаце), сталася такой заможнай дзяржавай?
У Францыі Ўладзімер Шыманец увайшоў у Раду БНР і пэўны час займаў пасаду міністра фінансаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
А яшчэ тады выявіўся ягоны талент жывапісца: бацька Івонкі быў аўтарам паштовых марак БНР, удзельнічаў у мастацкіх выставах. Мабыць, якраз праз яго праявіліся мастацкія схільнасці ў Івонкі і ейнай дачкі Паўліны.
Міхась Навумовіч успамінаў: “У 1948 годзе беларусы, расьцярушаныя вайной па Эўропе, зьяжджаліся ў Францыю. Найбольш ахвярны, адданы беларускай справе ды ініцыятыўны быў Уладзімер Шыманец. Ён стварыў маленькую друкарню, належаў да ўсіх беларускіх суполак, што пачалі тварыцца ў Францыі, быў сябрам шматлікіх міжнародных арганізацыяў. Ён дапамагаў пры неабходнасьці ўсім беларусам — парадамі, працаю й г. д.”
Беларусы прыехалі ў Францыю з кантрактамі працы на фэрмах. Паколькі ў Францыі не хапала працаўнікоў у галіне сельскай гаспадаркі, імігранты мусілі згадзіцца адбыць кантракт на вёсцы перш як шукаць іншай працы. Такі кантракт падпісаў і Ўладзімер Шыманец.
Але выйшла непаразуменьне. Івонка Сурвілла згадвае: “Фэрмэр прасіў сям’ю рабочых, а не гараджанаў, ды да таго з малымі дзецьмі. Пабачыўшы нас, перапалохаўся. Гэта дало тату надзею, што мо як зможа адразу перабрацца ў Парыж, дзе ўжо была вялікая беларуская грамада. Прапанаваў фэрмэру паехаць у адміністрацыю. Там паказаў свае дыплёмы і запэўніў, што ня будзе дамагацца працы ў фэрмэра, калі той не жадае яго прыняць. Вось так мы і атрымалі дазвол перабрацца ў Парыж”.
У Парыжы іх сустрэў Лявон Рыдлеўскі, які адразу павёз іх у кватэру прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка.
Кожную нядзелю сям’я Шыманцоў езьдзіла на службу да айца Льва Гарошкі, у капліцы пад касьцёлам Сэн-Сюльпіс. Там звычайна зьбіралася шмат людзей, ня толькі вуніятаў, якіх было ў Парыжы вельмі мала, але і праваслаўных, і каталікоў. “Веравызнаньне нас не разьдзяляла, зьяжджаліся мы ўсе, таму што служба была беларуская”, – успамінала Івонка.
Пасьля сканчэньня актыўнай палітычнай дзейнасьці Ўладзімер Шыманец займаўся перадусім мастацтвам у Парыжы. Прайшлі некалькі яго выставаў. Акрамя таго, працягваў пісаць – пра беларускіх мастакоў замежжа.
27 жніўня 1977 года Ўладзімер памёр у Сартрувілі, недалёк ад Парыжу. Праз 20 гадоў ягоная дачка Івонка Сурвілла ўзначаліла Раду Беларускае Народнае Рэспублікі.