Спектакль трапіў у адзін спіс з “Макбэт” з удзелам Ральфа Файнса, “Каралём Лірам” з удзелам Кенэта Брана ды балетам па Black Sabbath.
Пастаноўкай рамана Уладзіміра Караткевіча займаліся Мікалай Халезін і Наталля Каляда. Лібрэта напісаў паэт Андрэй Хадановіч, а музыку – Вольга Падгайская. Дырыжорам стаў Віталь Алексяёнак.
“Гатычны нуар Беларускага Свабоднага тэатра, заснаваны на рамане Уладзіміра Караткевіча 1964 года, натхнёны ўсходнееўрапейскім фальклорам, ён распавядае гісторыю маладой спадчынніцы, якая спрабуе вызваліцца ад злога праклёну”, – так анансуе беларускі спектакль The Guardian.
У пастаноўцы прымаюць удзел акцёры, спевакі і музыкі з Беларусі і Украіны. Многія з іх вымушаныя былі пакінуць свае родныя краіны з-за вайны або дыктатуры.
«На першым этапе нас было каля паўсотні чалавек з шасці краін свету, але калі мы пачнём другі сэт у Лондане, мы «вырасцем» амаль удвая. Гэта самы маштабны праект у гісторыі Belarus Free Theatre, і цалкам дакладна — адзін з самых значных і смелых.
Вакалісты, акцёры, мастакі, музыканты, кінагрупа, менеджары, прадзюсары — усе адпрацоўвалі на 100 працэнтаў, без адзінага канфлікту, што адбываецца досыць рэдка ў вялікіх групах, якія збіраюць такую колькасць творцаў у адзіны арганізм» — напісаў Мікалай Халезін на сваёй старонцы на фэйсбуку.
«Дзікае паляванне караля Стаха» — адзін з самых вядомых твораў пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. У ім распавядаецца гісторыя этнографа, які трапляе ў шляхетны маёнтак. Гаспадыня маёнтка — маладая дзяўчына, на род якой накладзена пракляцце.
Па словах Мікалая Халезіна, аўтары спектакля хацелі надаць гэтай гісторыі новае адценне, спалучыўшы оперных спевакоў з акцёрамі сцэны, класічных музыкаў з новымі тэатральнымі тэхналогіямі.
«Яшчэ адным з нашых намераў было абʼяднаць некаторых таленавітых артыстаў, якія сёння не могуць выступаць у сябе на радзіме. Уладзімір Караткевіч здолеў знайсці свой шлях да чытача нават пры камуністычным савецкім рэжыме, уплятаючы праўду і актуальнасць у радкі сваіх раманаў. Гісторыя расстаўляе ўсё па сваіх месцах, і гэта менавіта тое, чаго мы спадзяемся дасягнуць у «Дзікім паляванні караля Стаха», — распавёў Халезін выданню Broadwayworld.
У Лондане спекталь будуць паказываць 14 -16 верасня ў Barbican Theather. Квіткі можна набыць на сайце тэатру.