16 і 17 верасня ў Варшаве пройдзе Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Там будуць абмяркоўваць і вырашаць пытанні, з якімі сутыкаюцца беларускія дзеячы культуры і мастацтва.
Ужо вядома, што на варшаўскі кангрэс прыедзе пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, сярод заяўленых экспертаў — мастак Андрэй Дурэйка і дырэктарка Берлінскай галерэі сучаснага мастацтва Prater Galerie Лена Прэнц. Таксама ўдзел у падзеі возьмуць старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і выдавец Андрэй Янушкевіч. Чакаецца, што ў кангрэсе прымуць удзел агулам каля 250 творцаў і экспертаў, зацікаўленых у культуры Беларусі.
Арганізатары ІнБелКульт 2.0 падкрэсліваюць: «Кангрэс — вынік сумесных намаганняў беларускіх экспертаў і арганізацый і з’яўляецца важным крокам да паляпшэння ўзаемадзеяння, стварэння эфектыўнай мадэлі супрацоўніцтва як унутры беларускай культурнай супольнасцi, так і на міжнароднай арэне».
Сваё прадстаўніцтва ў падзеі заявілі таксама эксперты культурных арганізацый еўрапейскага асяроддзя: дырэктар Старамейскага Дома Культуры Марцін Ясінскі, дырэктар Тэатральнага Інстытута імя З. Рашэўскага Эльжбэта Вратноўска, дырэктар Інтытута Пілецкага ў Берлiне Ханна Радзіёўская і многія іншыя.
Арганізатары ставяць перад сабой наступныя задачы:
- даследаваць актуальную сітуацыю
- стварыць умовы для развіцця беларускай культуры і захавання культурнай спадчыны
- распрацаваць стратэгію рэалізацыі мастацкіх праектаў
- падняць статус культурных прафесіяналаў
- пабудаваць масты, якія злучаюць беларускіх мастакоў і культурныя арганізацыі памiж сабой i з еўрапейскімі калегамі
Уваход на Кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі вольны, але па абавязковай папярэдняй рэгістрацыі.
Дата: 16 і 17 верасня 2023 года
Месца правядзення: Цэнтр крэатыўнасці Таргова 56, Варшава