Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пачало да сённяшняга ўраджаю прыплюсоўваць рапс, які, шчыра кажучы, не з’яўляецца збожжавай культурай. Навошта гэта робіцца? Якая ўсё ж такі сітуацыя з цяперашнім ураджаем? Наколькі рэалістычныя планы Мінсельгасхарча здзівіць свет беларускімі кавунамі і арэхамі?
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ дало справаздачу, што на 30 жніўня збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны на 97% плошчаў, а «збожжа з улікам рапсу намалочана 6 978 тысяч тон».
Некалькімі днямі раней свежапрызначаны міністр Сяргей Барташ у інтэрв’ю дзяржСМІ сказаў, што каравай у бягучым годзе будзе больш сціплы за леташні, таму, для забеспячэння харчовай падушкі бяспекі, краіна плануе закупіць звонку каля 1 мільёна тон збожжа.
Затое, па словах чыноўніка, у сувязі з кліматычнымі зменамі ў Беларусі цудоўна растуць бахчавыя і грэцкія арэхі. Арэхавыя сады ўжо закладзены ў Брэсцкай і Мінскай вобласці, і плануецца, што яны будуць працаваць у прамысловых маштабах, а з часам беларускія грэцкія арэхі нават пойдуць на экспарт.
Якая ўсё ж такі сітуацыя з цяперашнім ураджаем? Наколькі рэалістычныя планы Мінсельгасхарча здзівіць свет беларускімі кавунамі і арэхамі? «Філін» пагаварыў з былым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Стаўбцоўскага райвыканкама прадпрымальнікам Мікалаем Лысянковым.
— Звяртае на сябе ўвагу, што Мінсельгасхарч упарта прыпісвае рапс да збожжавых, хоць гэта розныя культуры. Але чаму: каб стварыць ілюзію большага ўраджаю, ці ёсць нейкія тэхналагічныя тонкасці?
— Сапраўды, рапс — гэта тэхнічная культура, сваяк капусты. І да капусты ён бліжэй, чым да збожжавых. Але яго прыпісваюць да збожжавых па адной прычыне: падабенства ў тым, што іх убіраюць адны і тыя ж збожжаўборачныя камбайны і перапрацоўваюцца яны на адных і тых жа зернесушыльных комплексах.
Зрэшты, кажа эксперт, ёсць і яшчэ адно тлумачэнне, чаму рапс пачалі лічыць пры ўборцы ўраджаю ў збожжавай групе:
— Лукашэнка ўжо амаль 30 гадоў патрабуе выйсці на 10 мільёнаў тон збожжа. Але за гэтыя 30 гадоў рэформы ў сельскай гаспадарцы так і не былі праведзены, і нягледзячы на абнаўленне машынапарку, тэхналагічныя навіны, сістэма ўвогуле засталася старой. Як быў Савецкі Саюз у нас у калгасах, так там і застаўся.
А паколькі змен не адбылося, адпаведна, і эфектыўнасць працы беларускіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў засталася такой жа, як была пры СССР, з ручным яе кіраваннем, камандным падыходам і той жа самай вертыкаллю ўлады. І пры такой эфектыўнасці мы ніяк не можам сабраць 10 мільёнаў тон збожжа са сваіх плошчаў.
Мікалай Лысянкоў прыводзіць просты прыклад:
— Сёлета Мінсельгасхарч даў справаздачу, што сабраў амаль 7 мільёнаў тон збожжа з рапсам, без рапсу — 6 мільёнаў. Але гэта зерне, якое паступіла ў камбайн, вільготнае, яго трэба прапусціць праз зернесушыльныя комплексы, у выніку сыдзе да 10% вільготнасці і пустазелля. Гэта значыць, у свіране ў нас будзе 5,5 мільёнаў тон чыстага збожжа (і гэта калі няма прыпісак, што фігуруюць у афіцыйных справаздачах).
Тым часам наша суседка Літва, з пасяўнымі плошчамі ў тры разы меншымі, чым у Беларусі, збірае такі ж ураджай штогод — па 5-6 мільёнаў чыстага збожжа кладзецца ў засекі.
Чаму? У мяне толькі адно тлумачэнне: там ёсць гаспадар на месцы і, умоўна, прэзідэнт не перашкаджае — не бегае па калгасах, не шукае, прабачце, абасраных кароў.
А ў нас пастаўленая амаль 30 гадоў таму задача так і не вырашана, выйсці на 10 мільёнаў тон збожжа мы дагэтуль не можам. Таму пачалі прыплюсоўваць да збожжа рапс, кукурузу, якую пачнуць прыбіраць у канцы верасня-кастрычніку і нават лістападзе. (Але з кукурузай хоць ёсць абгрунтаванне: гэта таксама зерне, якое ідзе на корм жывёле).
Наогул, кажа эксперт, уся сельскагаспадарчая галіна стваралася з разлікам на тыя самыя сакральныя 10 мільёнаў тон збожжа — пад гэты аб’ём будаваліся жывёлагадоўчыя комплексы, птушкафабрыкі і гэтак далей. Меркавалася, што каля траціны ўраджаю будзе сыходзіць на прадукты харчавання, а астатняе — на фураж, на корм жывёле. З атрыманай у выніку прадукцыі жывёла- і птушкагадоўлі палова павінна ісці на экспарт, палова — забяспечваць патрэбы саміх беларусаў.
— Калі сёлета рэальны ўраджай збожжа разам з кукурузай будзе каля 6 мільёнаў тон, то беларусы галоднымі не застануцца, — адзначае Мікалай Лысянкоў. — У нас будзе і хлеб, і мяса, хоць вытворчасць апошняга скароціцца праз недахоп корму.
У прынцыпе, можна было б дакупіць збожжа на корм жывёлам. Але гэта нявыгадна, таму што цяпер яно закупляецца ў гаспадарак і паступае на камбікормавыя заводы па нізкіх дзяржаўных расцэнках, дзякуючы гэтаму ў нас сабекошт мяса не такі высокі.
А камерцыйныя кошты за мяжой могуць складаць 30-50 цэнтаў за кілаграм збожжа, у залежнасці ад яго якасці і віду — тады рэнтабельнасць беларускай жывёлагадоўлі будзе адмоўнай.
Гаворачы аб планах урада закупіць звонку каля 1 мільёна тон збожжа, эксперт адзначае, што гэта штогадовая практыка (да прыкладу, ёсць цвёрдыя гатункі пшаніцы, якія не вырошчваюцца ў Беларусі), проста раней лічбы імпарту былі куды меншымі — да паўмільёна тон.
— Думаю, гэта будзе ў асноўным харчовае зерне і, верагодна, насенне. Бо, як ні круці, насенны матэрыял збожжавай групы, суперэліту мы закуплялі за мяжой, а ў сувязі з санкцыямі рабіць гэта стала складаней.
Але нават без гэтых закупак, адзначае эксперт, у Беларусі даўно створана харчовая падушка бяспекі: краіна вырабляе амаль у два разы больш прадукцыі жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, чым самі беларусы могуць з’есці. Таму летась лішкі прадавалі, ды і цяпер без ежы Беларусь не застанецца:
— Так, магчыма, Расію мы карміць ужо не зможам, але беларусы галоднымі не застануцца. Хопіць і на харчовыя мэты, і на насенне, і на стварэнне стабілізацыйнага фонду, на выпадак неўраджаю ці іншыя форс-мажоры.
— А што наконт смелых планаў вырабляць у прамысловых маштабах бахчавыя і грэцкія арэхі? Лукашэнка даўно выхваляецца ўраджаямі кавуноў на сваім асабістым участку, але экспарт арэхаў, здаецца, нешта новае.
— Калі грэцкі арэх не будзе замярзаць, то гэтыя сады не патрабуюць вялікіх штогадовых укладанняў: заклаў і дзясяткі гадоў атрымлівай з яго ўраджай. Так што развіццё такіх садоў — гэта добра. Іншая справа з планамі на экспарт.
Па-першае, у бліжэйшыя пару дзесяцігоддзяў мы наўрад ці зможам забяспечыць сябе як бахчавымі, так і арэхамі. Па-другое, кажучы пра экспарт, давайце паглядзім на нафту — яе мы таксама на экспарт адпраўляем. Але тая нафта, якая здабываецца ў Беларусі — слёзы ў параўнанні з тым, што мы атрымліваем з Расіі льготнымі коштамі.
Таму мы гэтую льготную нафту перапрацоўваем, а сваю доўгі час прадавалі па камерцыйнай цане.
Тут той жа выпадак. Магчыма, Беларусь сапраўды будзе экспартаваць і бахчавыя, і грэцкія арэхі — але гэта не значыць, што не будзе імпарту тых жа культур.
Вырошчваць самім арэхі — добрая ідэя, але планаваць увесь свет імі заваліць — такі ж папулізм, як трэсці кулаком і патрабаваць 10 мільёнаў тон збожжа або распавядаць пра тое, як у сельскай гаспадарцы Беларусі ўсё паспяхова і добра.
novychas.online паводле gazetaby.com