Святлана Ціханоўская: Цяпер у Беларусі быць сумленным настаўнікам — сапраўдны подзвіг

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў Дзень ведаў, 1 верасня, звярнулася да настаўнікаў, падзякавала за стойкасць і папрасіла не здавацца.

У Дзень ведаў Святлана Ціханоўская запісала зварот да настаўнікаў, бацькоў і школьнікаў:

— Паважаныя настаўнікі! Цяпер у Беларусі быць сумленным настаўнікам — сапраўдны подзвіг. І кожны дзень вы здзяйсняеце яго, нягледзячы на ціск сістэмы. 

Вы вучыце дзяцей думаць і выказваць свой пункт гледжання. 

Стараецеся разглядзець здольнасці і таленты ў кожным дзіцяці. Я дзякую вам за стойкасць і прашу — не здавайцеся.

Мамы і таты, вы — мае героі! Я ўяўляю, з якімі складанасцямі ў адукацыі дзяцей вам даводзіцца сутыкацца. Не хавайце праўду. Нават маленькія дзеці здольныя зразумець, што тое, што адбываецца вакол — гэта ненармальна.

Дарагія вучні! Я рада таму, што ў краіне з’яўляецца новае пакаленне беларусаў, якія не вераць прапагандыстам і не церпяць дыскрымінацыі па грамадзянскай пазіцыі, знешнасці, гендару або рэлігіі. Памятаеце: гэта вам вырашаць, якой павінна быць краіна і якім павінен быць свет вакол вас».

Нагадаем, Аліна Коўшык, прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэнні, распавяла «НЧ», як па-за межамі Беларусі ствараецца сучасная беларуская школа з сучаснымі методыкамі навучання. І пра тое, як з гэтага эксперыменту, можа нарадзіцца сапраўдная, паўнавартасная беларуская школа.

novychas.online