Дапамагчы былым палітзняволеным вярнуцца да паўнавартаснага жыцця. Такую задачу паставіла перад сабою новая ініцыятыва па падтрымцы палітвязняў «Вольныя».
Каманда беларускіх актывістаў абяцае знайсці для кожнага, хто звернецца за дапамогай, ментара, які правядзе падапечнага праз усе этапы адаптацыі ў новым жыцці.
Пра тое, якая дапамога патрэбная былым палітзняволеным, хто і як можа па яе звярнуцца, а таксама ці хапае добраахвотнікаў, гатовых дапамагаць тым, хто за свае погляды апынуўся за кратамі, а цяпер шукае сябе ў новай рэальнасці, распавяла кіраўніца ініцыятывы «Вольныя» Вераніка Станкевіч.
Сцісла ў размове:
- Перад намі адразу стаяла задача зрабіць нешта новае, а не пладзіць чарговыя ініцыятывы. Калі б нехта займаўся палітвязнямі, якія выйшлі на волю, то мы б далучыліся да гэтай каманды. Але апынулася, што асноўныя сілы дэмакратычнай супольнасці ідуць на падтрымку тых, хто зараз знаходзіцца за кратамі. А тыя, хто выходзіць, застаюцца практычна без дапамогі.
- Неабходная сістэма. Колькасць людзей, якія будуць выходзіць на волю, будзе толькі расці. «Народны артыкул» (342 арт. КК РБ) прадугледжвае ад 2 да 5 гадоў зняволення. Калі масштабныя рэпрэсіі пачаліся ў 2021, то атрымліваецца, што ўжо ў бліжэйшыя гады нас чакае вялікая хваля палітзняволеных, які выйдуць на волі. І гэтым людзям будзе патрэбная падтрымка.
- Найчасцей былыя палітзняволеныя звяртаюцца да нас за фінансавай дапамогай. Таксама ім неабходныя медычныя кансультацыі і дапамога ў працаўладкаванні. Праблемы з працай асабліва востра стаяць у тых, хто застаецца ў Беларусі.
- Усім, хто знаходзіцца ў Беларусі, мы прапануем эміграцыю. Мы не настройваем, але тлумачым, што за мяжой больш шанцаў вярнуцца да нармальнага жыцця.
- Нашая ініцыятыва прапануе кожнаму былому палітвязню па ментару. Іх рыхтуюць па адмысловай адукацыйнай праграме. Пасля чаго ментары могуць працаваць з уразлівымі групамі і пры гэтым не губляюць асабістыя межы.