04-10.09: У Вільні распачынаецца Тыдзень беларускай культуры

Цэнтр беларускай культуры й супольнасці ў Вільні запрашае на Тыдзень беларускай культуры, які адбудзецца 4 — 10 верасня.

Падрыхтаваная шырокая культурна-асветніцкая праграма на кожны дзень — для дарослых і дзяцей (адмысловыя выставы, актыўнасці, майстар-класы, выступы адмыслова запрошаных творцаў, канцэртна-танцавальная праграма, кірмаш, абрад «Багач» і г.д.).

Кожны дзень будзе прысвечаны пэўнаму аспекту беларускай культуры.

У праграме праекта:

4 верасня, панядзелак: Дзень шляхты (будзе праведзеная майстэрня замкаў*, падчас якой дзеці з бацькамі змогуць сабраць з паперы мадэлі сапраўдных беларускіх замкаў; прэзентацыя з дэгустацый «Беларуская культура кавы», шляхетная і інтэлігентная).

5 верасня, аўторак: Дзень славутых беларусаў (сумесна з Ulegend — квэст па Вільні, падчас якога трэба шукаць мясціны, звязаныя са славутымі беларусамі).

6 верасня, серада: Дзень выяўленчага мастацтва (майстар-клас «Відзікі»*, акварэльны майстар-клас «Зорка Венера»*).

7 верасня, чацвер: Дзень літаратуры і паэзіі (паэтычная сустрэча з Настай Кудасавай і Віталём Рыжковым; пасля сустрэчы для кожнага і кожнай будзе адкрыты вольны мікрафон — можна прачытаць свае вершы, фрагменты празаічных твораў ці паразважаць наконт таго, што турбуе).

8 верасня, пятніца: Дзень музыкі (беларускае караоке).

9 верасня, субота: Кірмаш (беларусы запрашаюць сяброў! На падворку Цэнтра будзе праведзены кніжны кірмаш і кірмаш вырабаў народнай творчасці, удзел прымуць не толькі беларусы, але і майстры самых розных нацыянальнасцей, будуць арганізаваныя гульні для дзяцей, аквагрым і іншыя цікавосткі, вулічная ежа, а таксама пройдуць выступы Аляксандра Памідорава і іншых спевакоў).

10 верасня, нядзеля: Багач (традыцыйнае святкаванне беларускага «Багача», плануецца правядзенне адпаведнага абрада, супольны абед са стравамі нацыянальнай кухні, беларускія народныя танцы, гульні для дзяцей, падвядзенне вынікаў вясёла-сур’ёзнай латарэі «Багач»).

Цягам усяго тыдня працуюць сялянская фотазона, імерсіўная выстава «Лес беларускага фальклору», замковая і літаратурныя прасторы, адукацыйныя цікавосткі для дзяцей і дарослых і самыя розныя сюрпрызы.

Болей падрабязныя звесткі па праграмме будуць публікавацца ў сацыяльных сетках Віленскага беларускага музея імя І.Луцкевіча і Цэнтра беларускай культуры й супольнасці.

Уваход вольны (але на пэўныя майстар-класы патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя).

* Колькасць месцаў абмежаваная. Патрабуецца папярэдняя рэгістрацыя (спасылкі ў тэлеграм– і інстаграм-акаўнтах (ці тут) Цэнтра).

budzma.org