«Апошняе кітайскае папярэджанне» рэжыму ад Польшчы і краін Балтыі — крайняя мера, якую яны могуць прымяніць у якасці інструменту ціску.
Поўнае спыненне ўзаемаадносін Захаду з Беларуссю сёння — гэта перш за ўсё перакрыцце грузапатоку і гандлёвых адносін, на якіх зарабляе рэжым. Але тут палка аб двух канцах.
28 жніўня міністры ўнутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы ўзгаднілі механізм сумеснага перакрыцця мяжы з Беларуссю. Прадстаўнікі трох краін назвалі ўмовы, пры якіх пойдуць на такі крок: узброены інцыдэнт (інцыдэнты) ля мяжы адной з краін або арганізаваны масавы прарыў нелегальных мігрантаў.
Пры гэтым Літва анансавала закрыццё яшчэ двух памежных пераходаў з Беларуссю (два ўжо не функцыянуюць з 18 жніўня), а Польшча заклікала беларускі рэжым вывесці баевікоў «Вагнера» са сваёй тэрыторыі.
Чаму суседзі з захаду абмежаваліся «апошнім кітайскім папярэджаннем», а не закрылі мяжу ўжо цяпер? Пра гэта «Свабодныя навіны» пагаварылі з палітолагам Сяргеем Марцалевым.
— Мне здаецца, кіраўніцтва краін, якія мяжуюць з Беларуссю, паўтарае памылку папярэдніх гадоў: слаба ўлічвае чалавечы, гуманітарны фактар.
Давайце ўспомнім, як пасля 2020 года ўзаемаадносіны паміж РБ і Польшчай, краінамі Балтыі, Украінай пагаршаліся літаральна па спіралі, і адначасова па спіралі раслі лічбы знешнегандлёвага абароту з імі. Я мяркую, што грозныя дэкларацыі чыноўнікаў аб поўным перакрыцці мяжы на самой справе сведчаць пра тое, што суседзі зноў пойдуць па старым шляху.
Калі і спыняць цалкам узаемаадносіны з Беларуссю ў нейкай сферы, то перш за ўсё трэба перакрыць грузапаток, гандлёвыя адносіны, на якіх зарабляе рэжым, пакінуўшы гуманітарны калідор як вельмі звужаную магчымасць пакідаць краіну.
Акрамя ўсяго іншага трэба разглядаць палітыку Польшчы і краін Балтыі, салідарную знешнюю палітыку, як пазітыўны фактар. Напрыклад, на фоне ідэй Бруселя і Германіі, якія былі б зацікаўлены зняць санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў, тлумачачы гэта сусветным харчовым крызісам, але Літва супраціўляецца такому падыходу. Паўтаруся: калі рашэнне аб закрыцці межаў будзе прынята, важна пакінуць гуманітарны калідор, каб у беларусаў не знікла магчымасць перасякаць мяжу. А грузапаток, адпаведна, павінен быць альбо максімальна абмежаваны, альбо спынены.
— Ці магчымы ў цяперашніх умовах такі падыход?
— Тут занадта шмат знешніх гульцоў, якім гэта будзе не на руку; прычым уплывовых гульцоў: Беларусь — важны транспартны хаб і для Еўрасаюза, і для Кітая. Але пакуль Лукашэнку даюць карыстацца выгадным транзітным становішчам краіны, усе палітычныя дэкларацыі Брусэля ні к чорту — рэжым не перастане пераследаваць палітвязняў. У кіраўніка выдатная пазіцыя: ён мае права як заўгодна абражаць дзеячаў старой Еўропы і пры гэтым іншай рукой залазіць да іх жа ў кішэню, зарабляючы на тым, што ім неабходна. Дык вось, акрамя дэкларацый з высокіх трыбун, трэба адабраць магчымасць на гэтым зарабляць. Як вельмі хітры, прагматычны і цынічны палітык, Лукашэнка тады задумаецца: а ці варта працягваць рэпрэсіі ў такіх маштабах?
— Прадстаўнікі Польшчы і краін Балтыі назвалі дзве ўмовы, якія могуць стаць падставай для закрыцця мяжы: узброены інцыдэнт (інцыдэнты) ля мяжы адной з краін або арганізаваны масавы прарыў нелегалаў. Беларуская ўлада кантралюе хоць адзін з фактараў?
— Думаю, эскалацыя на мяжы была магчымая ў кожным з этапаў міграцыйнага крызісу з самага пачатку. Напрыклад, некалькі тысяч мігрантаў маглі падрыхтаваць на базе Галоўнага упраўлення выведкі Расіі, у лагерах, як рабіў калісьці таварыш Андропаў, і кінуць іх на штурм. Таму паняцце «Вагнер» не сакральнае, не ключавое. Яны маглі б стаць інструментам у міграцыйным крызісе, але таксама далёка не бездакорным.
Па-першае, іх занадта мала, каб правесці сапраўдную наступальную аперацыю; яны могуць дзейнічаць толькі на ўзроўні правакацый і выведвальна-дыверсійных груп. Але дастаткова для таго, каб у выпадку задзейнічання NATO магло абвясціць іх камбатантамі ў гэтай вайне і прадстаўнікамі Расіі — а гэта ўжо падстава да ўвядзення ў дзеянне спачатку чацвёртага пункта Вашынгтонскай дамовы, а затым, магчыма, нават пятага пункта.
Я маю на ўвазе, што «Вагнер» у дадзеным выпадку не самадастатковы інструмент: глядзець на яго як на самастойнага гульца, надаваць яму суб’ектнасць — занадта вялікі гонар. На іх месцы маглі б аказацца падрыхтаваныя групы мігрантаў з Сярэдняга Усходу, такі досвед ужо маецца: хітры савецкі генеральны сакратар Андропаў рыхтаваў арабаў, якія потым ладзілі інтыфаду на Блізкім Усходзе.
— Чаму Польшча і краіны Балтыі вырашылі абмежавацца ультыматумам, а не перакрылі мяжу цяпер?
— Палітыка — мастацтва магчымага: пакуль у цябе ў руках туз і навакольныя пра гэта ведаюць, ты валодаеш полем бою, у цябе прыярытэт на тэатры баявых дзеянняў. Пасля таго, як вы выкарысталі сваю карту, вы страцілі свае перавагі. Праціўнік, не асцерагаючыся эфектыўных контрзахадаў з твайго боку, можа выкарыстоўваць па поўнай праграме свае магчымасці і рэсурсы, ад прымянення якіх раней стрымліваў твой туз. Таму як апошні аргумент Польшча і краіны Балтыі захоўваюць пагрозу закрыцця мяжы; выкарыстаўшы закрыццё мяжы, ім давядзецца мець непрыемныя размовы і са старой Еўропай, і з Кітаем.
— На ваш погляд, наколькі верагодны сцэнар закрыцця мяжы?
— Мне не вельмі зразумелая цяперашняя стратэгія Крамля ў дачыненні да Балта-Чарнаморскага пояса, незразумела, што Расія збіраецца прадпрымаць. Спробы разабрацца розумам, аб’ектыўна, не заўсёды даюць вынік.
Я думаю, імавернасць таго, што мяжа будзе закрытая, насамрэч вельмі высокая. І тут ёсць аргументы на карысць такога рашэння.
У Польшчы хутка парламенцкія выбары. Супраціў расійскай экспансіі — адна з галоўных перадвыбарных фішак кіруючай партыі Качыньскага. Ён баіцца прайграць, шмат што кажа пра тое, што можа страціць уладу. Таму ў інтарэсах кіруючай партыі Польшчы, партыі Качыньскага, наадварот, дапусціць эскалацыю сітуацыі, магчыма, нават шляхам перакрыцця гандлёвых адносінаў з Беларуссю. І нагадаць свайму цвёрдаму электарату, сваім выбаршчыкам, якія каштоўнасці яны абараняюць.
А цяперашняя партыя правых папулістаў — гэта, перш за ўсё, партыя каштоўнасцей, таму што ў эканоміцы ў іх значна менш магчымасцей.
З іншага боку, свае інтарэсы ёсць у Бруселя, Берліна, Пекіна…
novychas.online паводле sn-plus.com