«Такога з беларускай прозай яшчэ не здаралася». Нарвежскае выдавецтва выпусціць 4 беларускія раманы

У нарвежскім выдавецтве Existenz forlag выйдзе ажно чатыры сучасныя беларускія раманы. Пра гэта ў сваіх сацыяльных сетках паведаміў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч.

Aўтарка фота Юля Цімафеева

«Адзін пра ваўка, другі пра сабакаў, трэці пра рэвалюцыю, а што да чацьвертага, дык ён пакуль для мяне загадка. Такога зь беларускай прозай яшчэ не здаралася ніколі ў гісторыі. Прыемна зноў апынуцца ў ліку першаадкрывальнікаў — разам зь перакладчыкамі. Хай усё атрымаецца», — дзеліцца кніжнай сенсацыяй культавы беларускі аўтар.

Вядома, што над перакладамі беларускіх кніг будзе працаваць Марына Хоббель.

Таксама Альгерд Бахарэвіч распавёў, што яго раман «Сабакі Эўропы» перакладуць на польскую, нямецкую і нарвежскую. Спачатку кніга выйдзе ў нямецкім перакладзе. Крыху пазней яе можна будзе прачытаць па-польску, а цягам найбліжэйшых гадоў фантастычную антыўтопію перакладуць на нарвежскую ў вышэй згаданым выдавецтве Existenz forlag.

Фота: allegro.pl

«Сабакі Эўропы» — адзін з самых паспяховых і самых шматпакутных раманаў Бахарэвіча. У замежжы па кнізе ставяць спектаклі, прысуджаюць ёй прэміі, перакладаюць на розныя мовы, у той час як у Беларусі раман забаронены і прызнаны экстрэмісцкім.

budzma.org