За забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага кожны атрымаў 1500 долараў

Пра жахлівыя падрабязнасці справы зніклых палітыкаў у дакументах швейцарскай пракуратуры піша novychas.online.

У распараджэнні рэдакцыі ёсць дакументы з суда над Юрыем Гараўскім. Гэта матэрыялы абвінавачання, паказанні Гараўскага, а таксама сведчанні родных зніклых палітыкаў.

Сёння прыводзім вытрымкі з абвінавачання, заснаванага на паказаннях Гараўскага ды іншых фактах і сведчаннях.

Чытаючы падрабязнасці падзей 24-гадовай даўніны, нібыта зноў вяртаешся ў тыя дні. За кожным сухім словам адчуваеш боль і жах. А яшчэ бездапаможнасць і злосць.

Проста пачытайце.

«Юрый Захаранка прасіў зрабіць гэта без пакут»

— У пачатку мая 1999 года Дзмітрый Паўлічэнка загадаў Юрыю Гараўскаму суправаджаць яго. На наступны дзень яны ўдваіх пераследавалі чалавека, у якім Юрый Гараўскі пазнаў былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. Увечары 7 мая 1999 года Дзмітрый Паўлічэнка аддаў сваім людзям загад арыштаваць Юрыя Захаранку. Дзве групы адправіліся ў Мінск на чырвоным BMW 525 і цёмным Opel Omega і выехалі ў раён вуліцы Варанянскага. Месца жыхарства Юрыя Захаранкі на вуліцы Жукоўскага 9-1-81 у Мінску было вядомае, як і месца ягонай паркоўкі, і адлегласць, якую трэба было прайсці да ягонай кватэры.

Восем чалавек, якія ўдзельнічалі ў затрыманні Юрыя Захаранкі, размеркаваліся на дзве групы. Двое стаялі па абодва бакі дома. Абвінавачаны (Гараўскі. — заўв. Рэд.) са Шкіндаравым стаялі крыху далей, калі яны заўважылі Юрыя Захаранку на пешаходнай дарожцы ад аўтастаянкі да кватэры. Яны пайшлі за ім, а двое іншых мужчын з групы падышлі да яго, прад’явілі свае пасведчанні і папрасілі сесці ў машыну. Затым да іх далучыўся Юрый Гараўскі з яшчэ адным мужчынам. Юрый Гараўскі і другі мужчына загадалі Юрыю Захаранку завесці рукі за спіну, надзелі на яго кайданкі і пасадзілі на задняе сядзенне аўтамабіля Opel Omega.

У машыне мужчыны нацягнулі каптур на галаву Юрыя Захаранкі і заціснулі яго галаву паміж пярэднімі сядзеннямі. Затым машына паехала ў навучальны цэнтр унутраных войскаў МУС каля Валоўшчыны (там знаходзіцца стрэльбішча. — заўв. Рэд.), прыкладна за 20 км на паўночны захад ад Мінска.

Юрый Захаранка папрасіў байцоў зрабіць гэта без пакут.

На стрэльбішчы навучальнага цэнтра мужчыны выцягнулі Юрыя Захаранку з машыны і паклалі яго на зямлю тварам уніз. Дзмітрый Паўлічэнка некаторы час размаўляў па тэлефоне, а затым папрасіў Юрыя Гараўскага дастаць з BMW пісталет. Юрый Гараўскі выканаў просьбу. Гэта быў пісталет з глушыцелем. Дзмітрый Паўлічэнка ўзяў пісталет і зрабіў два стрэлы ў Юрыя Захаранку. Затым Дзмітрый Паўлічэнка зрабіў яшчэ адзін тэлефонны званок. Мужчыны чакалі каля 10 хвілін. Затым яны памацалі, ці ёсць у Юрыя Захаранкі пульс, і выявілі, што ён мёртвы. Яны змясцілі яго цела ў багажнік BMW, дзе ўжо ляжала поліэтыленавая плёнка, і накрылі ёю цела. Затым яны адвезлі цела на Паўночныя могілкі ў Мінску.

Прыкладна праз тры тыдні ўсе ўдзельнікі аперацыі атрымалі ад Дзмітрыя Паўлічэнкі 500,00 долараў ЗША наяўнымі.

«Выцягнуў з машыны Віктара Ганчара з жалезным ланцугом на шыі»

— Юрый Гараўскі яшчэ да выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ведаў, што яны з’яўляюцца іх мэтай і што павінны быць забіты. Як і ўсе астатнія ўдзельнікі, ён яшчэ да здзяйснення злачынства ведаў, што ні адно слова аб выкраданні і забойстве Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не можа пратачыцца вонкі.

Прыкладна ў 22.30 Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар выйшлі з саўны і селі ў аўтамабіль Jeep Cherokee. Калі Анатоль Красоўскі хацеў з’ехаць, адзін з аўтамабіляў падраздзялення Дзмітрыя Паўлічэнкі загарадзіў яму шлях. Тады абвінавачаны (Гараўскі.  заўв. Рэд.) разам з іншым чальцом САХР Аляксеем Панковым падышоў да пасажырскіх дзвярэй, жалезным ланцугом разбіў шкло пасажырскіх дзвярэй, пасля чаго Панкоў адчыніў дзверы джыпа, а абвінавачаны выцягнуў з машыны Віктара Ганчара з жалезным ланцугом на шыі. Панкоў надзеў на Віктара Ганчара кайданкі, і мужчыны пасадзілі яго на задняе сядзенне аўтамабіля Дзмітрыя Паўлічэнкі. У машыне Панкоў і абвінавачаны надзелі на яго галаву каптур, папярэдне ўставіўшы ў рот кляп.

Іншая каманда паклапацілася пра Анатоля Красоўскага і пасадзіла яго ў другі аўтамабіль. Затым абедзве машыны паехалі назад на базу пад Бягомлем. Адзін з удзельнікаў выкрадання таксама пераганяў Jeep Cherokee Анатоля Красоўскага ў Бягомль. На аб’язной дарозе Мінска, на з’ездзе ў бок Віцебска, тры машыны спыніліся на пляцоўцы для адпачынку, і Дзмітрый Паўлічэнка камусьці патэлефанаваў. Крыху пазней з’явіўся чалавек у цывільным і запатрабаваў, каб абвінавачаны і Панкоў паказалі яму Віктара Ганчара. Пасля таго як мужчыны знялі каптур з Віктара Ганчара, мужчына сказаў, што гэта той, хто патрэбен.

На базе пад Бягомлем джып Анатоля Красоўскага быў прыпаркаваны каля паласы перашкод, а Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага паклалі на зямлю побач. Праз некалькі хвілін Дзмітрый Паўлічэнка ўзяў у Юрыя Гараўскага пісталет і стрэліў з яго ў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, па два стрэлы кожнаму. Распрануўшы мужчын, яны кінулі іх у падрыхтаваную яму.

Праз некалькі дзён усе ўдзельнікі акцыі атрымалі ад Дзмітрыя Паўлічэнкі па 1000 долараў ЗША наяўнымі.

novychas.online