01-08.10: Ва Уроцлаве пройдзе ХI Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры

Вроцлаў. Фота: Reform.by

З 1 па 8 кастрычніка пад слоганам «Разам – лепей» ва Уроцлаве адбудзецца ХІ Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры. У праграме – майстар-класы, выступы беларускіх аматарскіх тэатраў, шпацыры з экскурсаводамі, паэтычныя вечары, канцэрты, выставы, паказы фільмаў, дэбаты і акцыі салідарнасці.

Акурат у першы дзень фестывалю – 1 красавіка – адбудзецца акцыя салідарнасці з Украінай і палітвязнямі ў Беларусі. У ёй прымуць удзел Святлана Ціханоўская, Аляксандр Мілінкевіч, Аліна Коўшык. Святлана Ціханоўская адкрые форум і сустрэнецца з беларускай дыяспарай ваяводства, а таксама правядзе сустрэчы з маршалкам Ніжнесілезскага ваяводства і мэрам Уроцлава.

Кульмінацыяй першага дня стане паказ спектакля «Аўгуст» BY teatr у Цэнтры перфарматыўных мастацтваў Piekarnia.

У другі дзень фэсту, 4 кастрычніка, запланавана выстава фотаздымкаў «Цягнік Мінск – Уроцлаў», паэтычна-літаратурны вечар з Уладзімірам Някляевым ва Уроцлаўскім Доме літаратараў.

Тры імпрэзы чакаюцца на трэці дзень форуму – 5 кастрычніка. Гэта – адкрыццё выставы Аляксандры Канафальскай, сустрэча па кнізе «Камера 18», і ўроцлаўская прэм’ера монадрамы прымы незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Зоі Белахвосцік «Мой хлеб».

Кіно і дэбаты плануюцца у пятніцу, 6 кастрычніка. У Бюро Еўрапейскага парламенту адбудзецца паказ уганараванай стужкі беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч «У жывым эфіры». Там жа «разгарацца» дэбаты «Палякі пра беларусаў, беларусы пра палякаў».

Пяты дзень, 7 кастрычніка, будзе насычаны майстар-класамі. Па беларускіх мясцінах Уроцлава адбудзецца шпацыр з экскурсаводам. На пляцоўцы «Разам – лепей» распавядуць пра беларускія ініцыятывы ў горадзе. А таксама Кацярына Ваданосава ў Інстытуце гісторыі Уроцлаўскага ўніверсітэта правядзе «Мову нанова» па тэме «Беларускі традыцыйны строй: ад пасталоў да наміткі».

Завершыцца вечар выступамі беларускіх аматарскіх тэатраў «Дотык» і «У вобразе».

Кульмінцыяй падзеі стане шосты дзень фестывалю – нядзеля, 8 кастрычніка. У Доме-друкарні чакаецца адкрыццё выставы Алы Савашэвіч «Калі не бачна цела, гэта не пазначае, што не баліць». А ў Старым манастары адбудзецца канцэрт народнага гурта «Летапіс» і беларускія народныя танцы. Завершыць праграму канцэрт «Край» Кацярыны Ваданосавай і Аляксандры Канафальскай.

На працягу фестывалю беларусы Уроцлава будуць збірацца разам і пісаць лісты палітвязням. Запланаваны чатыры акцыі ў розны час і ў розных лакацыях.

«Мы перакананыя, што дзякуючы такім правявам салідарнасці, а таксама ўсім спробам пабудаваць сапраўдную супольнасць і злучыць людзей, мы становім лепшай версіяй сябе. Як асобы і як грамадства», – каментуюць арганізатары культурніцкую і грамадскую падзею.

Працоўныя мовы мерапрыемстваў – польская і беларуская.

Больш падрабязна дазнацца пра праграму незалежнага фэсту беларускай культуры можна тут.

reform.by