Зварот да Лукашэнкі, дваровыя сустрэчы, турэмны трэш і словы як тэрапія: пра выбітных сучасных беларускіх аўтараў і аўтарак і пра іх паэзію пратэсту і салідарнасці ў сваім новым выпуску расказвае Андрэй Хадановіч.
З новай серыі на канале CHADANOVIČ вы даведаецеся:
- як Андрэй Хадановіч перакладаў зварот Мікіты Моніча да ўзурпатара;
- што агульнага паміж карцінай «Ева» і Святланай Ціханоўскай;
- як Дзмітрый Строцаў паслядоўна падтрымліваў Грузію, Украіну і Беларусь у барацьбе супраць расейскага імперыялізму;
- як адбываецца дыялог пакаленняў у тэкстах Насты Кудасавай і Міхала Анемпадыстава;
- чаму ў вершах Уладзя Лянкевіча максімальная канцэнтрацыя болю і нерамантычнага трэшу;
- як пісаўся верш Андрэя Хадановіча «На беразе Волі» па замове кампазітаркі Вольгі Падгайскай.
«Сёння можна да бясконцасці спрачацца пра прычыны таго, чаму мы так і засталіся „на беразе Волі“ таго лета. Лета змянілася зімой з рэдкімі адлігамі і траскучымі маразамі. Мабыць, маюць рацыю цвярозыя аналітыкі, якія кажуць, што супраць узброеных да зубоў людажэрных дыктатараў кветачкі апынаюцца слабой зброяй, і негвалтоўны супраціў часам можа застацца недастатковым, гэтага можа не хапіць для зменаў. Разам з тым, уся тая агромністасць рэпрэсіяў, з якімі сутыкнулася грамадства — гэта рэакцыя на паўставанне самога грамадства. Беларускае грамадства было заўважана яго ворагамі. Як і рэпрэсіі супраць культуры вынікаюць з таго, што нават найтупейшыя людзі распазналі гэта як зброю, якая дадае людзям салідарнасці і падтрымлівае нас», — запрашае да прагляду свайго новага відэа беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.