Нядаўна ўкраінскі вандроўны бандурыст-містык Багдан Казлоўскі здзівіў Байнэт арыгінальным выкананнем «Пагоні» на верш Максіма Багдановіча. У інтэрв’ю budzma.org 22-гадовы музыка распавёў, чаму ён вывучыў беларускую мову і як вайна паўплывала на яго творчасць.

Багдан Казлоўскі

– Багдан, на якой мове будзем размаўляць?

– Беларускую мову я ведаю недасканала, але думаю, што размаўляць на ёй змагу. Калі буду забываць некаторыя словы, то прамоўлю іх па-украінску (у выніку Багдан адказваў на пытанні амаль на чыстай беларускай мове – рэд. budzma.org)

– У Фэйсбуку апублікавалі відэа, дзе ты выконваеш песню на знакаміты беларускі верш «Пагоня». Якая гісторыя гэтай кампазіцыі і відэа?

– Песню на верш «Пагоня» (музыку напісаў самастойна) я зрабіў яшчэ некалькі гадоў таму. А дакладней – у 2020 годзе падчас вядомых падзеяў у Беларусі. У нядаўняй вандроўцы па Украіне мяне запраслі выступіць у Палтаве з сольным канцэртам. Там я пазнаёміўся з беларускай і ўкраінскай і паэтэсай Інай Снарскай. На заўтра падчас прагулкі ля мясцовага Крыжаўзвіжанскага манастыра, каб зрабіць ёй прыемнае, разам са сваімі арыгінальнымі песнямі вырашыў зайграць твор на словы Максіма Багдановіча. Спадарыня Іна запісала відэа і выклала яго на Фэйсбук. 

 Пра тое, што гэтае відэа шырока разышлося па беларускіх сайтах, я, шчыра кажучы, не ведаў. Дарэчы, я напісаў некалькі беларускамоўных вершаў, ёсць у мяне і ўласная лірычная песня на беларускай мове – «Кветка шчасця».

– Ты сказаў, што ў 2020-м сачыў за падзеямі ў Беларусі. Чаму – у цябе там сябры ці сваякі?

– Не, ніях сяброў ці сваякоў у Беларусі ў мяне няма, ды я там ніколі і не быў. Але з дзяцінства, акрамя ўкраінскай культуры (я рос у рускамоўным асяродку) цікавіўся яшчэ некалькімі, у тым ліку і беларускай. Чытаў творы беларускіх класікаў, слухаў, як гучаць беларускія вершы. Так і вывучыў мову. Хаця ты толькі другі ці трэці чалавек, з кім я размаўляю па-беларуску.

А ў 2020-м сачыў за беларускімі падзеямі, у тым ліку таму, што гэта побач з намі, што падзеі ў Беларусі і Украіне даволі моцна звязаныя. Што добра стала відаць з пачаткам паўнамасштабнай вайны Расіі супраць Украіны, калі з тэрыторыі акупаванай Беларусі запускалі ракеты па нашай тэрыторыі.

Без вольнай Беларусі ва Украіны будзе яшчэ адзін сусед, які працягне ўяўляць пагрозу для ўкраінскага народу.

Багдан Казлоўскі

– Ты – вандроўны бандурыст. Што гэта азначае?

– Многія ведаюць кабзароў: у XVI-XIX стагоддях гэтыя людзі гралі на старасвецкіх бандурах, кобзах, выконвалі эпасы і духоўны рэпертуар. Іншымі словамі, вялі музычна-духоўную дзейнасць. З прыходам бальшавікоў ва Украіну кабзары яшчэ выконвалі і ролю духавенства, захоўвалі сакральны код ўкраінскай духоўнасці і нацыянальную памяць, не даючы народу зваліцца ў чырвоны сатанінскі матэрыалізм. У 1930-х сталінскі рэжым знішчыў кабзарства і традыцыя заняпала.

Сёння ва Украіне ёсць некалькі дзясяткаў чалавек, якія граюць на старасвецкіх бандурах і называюць сябе кабзарамі. Я сябе кабзаром не называю, паколькі кабзары былі старцамі і сляпцамі, а я не магу адносіць сябе ні да тых, ні да іншых.

Адношу ж сябе да той містычнай традыцыі, якую заклаў Грыгорый Скаварада (украінскі вандроўны паэт і філосаф XIX стагоддзя – рэд. budzma.org). У мінулым студэнты духоўных семінарыяў падчас вакацый вандравалі і стваралі свой фальклор. Тое, чым я займаюся, – працяг гэтых традыцый. Мая бандура зробленая ў XX стагоддзі і адрэстаўраваная гадоў пяць таму ў Львове. Хоць я скончыў музычнае вучылішча ў Мікалаеве па класе бандуры, граю не ў акадэмічнай манеры, а ў сваёй аўтарскай.

– Чаму ты бандурыст зразумела. Але чаму вандроўны?

– Я вандрую з 16 гадоў. Вандрую аўтаспынам, маршруткамі, цягнікамі. Хаджу па вёсках, дзе шукаю старажылаў, якія могуць падзяліцца традыцыямі. У гарадах граю ў парках і на плошчах, дзе прэзентую сваю філасофію, якая карэннем упіраецца ў стагоддзі ўкраінскай гісторыі, – нясу яе праз музыку і паэтычнае слова. Часта, калі прыходжу на аўтавакзал, нават не ведаю, куды накіруюся. Здараецца, што да дзевятай гадзіны вечара не ведаю, дзе буду начаваць. Людзі часта запрашаюць мяне да сябе дадому, але прыходзілася начаваць і ў лесе.

Багдан Казлоўскі

– Як вайна сказалася на тваім жыцці?

– З аднаго боку, мой родны Ачакаў у Мікалаеўскай вобласці, горад на самым поўдні Украіны, на самым моры штодзень абстрэльваюць расійскія войскі: лінія фронту праходзіць па ліману, што ў 20 кіламетрах от горада. З іншага боку, як ні дзіўна гэта гучыць, баявыя дзеянні не сталі для мяне шокам. Тое, што будзе паўнамасштабная вайна, я ведаў з дзяцінства: меў містычныя бачанні. Ды і рацыянальна многае было зразумела пасля 2014 года. Я як вандраваў па Украіне ў цёплую пару, так і вандрую. Як знаходзіўся ў родным Ачакаве падчас халоднага сезону, так і знаходжуся, нягледзячы на абстрэлы.

– У звычайны мірны час у творцаў ёсць магчымасць сабрацца з думкамі, каб стварыць новае. А як на тваёй творчасці сказваецца вайна?

– Думаю, творчасць параджаецца не камфортам, а неўрозам, экзыстэнцыйнымі выклікамі. Прынамсі, так адбываецца ў мяне. Калі я выступаў перад вайскоўцамі, яны казалі, што мае песні для падняцця баявога духу былі важнымі для іх.

– З тэрыторыі Беларусі расійскія войскі ўварваліся ва Украіну, з Беларусі абстрэльвалі ўкраінскія гарады. Якое стаўленне да беларусаў назіраеш цяпер вакол сябе?

– На жаль, сярод украінцаў застаецца моцнай негатыўная эмацыйная рэакцыя да ўсіх беларусаў. Хаця ёсць і тыя, хто разумее, што на беларускай мове размаўляюць тыя грамадзяне Беларусі, якія падтрымліваюць Украіну, што беларуская культура з’яўляецца апазіцыйнай у адносінах да рускай. Што ёсць шмат беларускіх дабравольцаў, якія сёння ваююць за свабоду Украіны.

На жаль, не ўсе украінцы разумеюць, што сапраўдная беларускасць з’яўляецца для нас сяброўскай, братэрскай. А варожая нам частка Беларусі – яна і не беларуская, культурна яна савецка-руская.

Але я веру ў братэрства і сяброўства паміж беларусамі і ўкраінцамі. Разумею, з якімі складанасцямі сёння сутыкнуўся беларускі народ і жадаю яму ўнутранай сілы, смеласці і веры ў тое, што разам мы зможам перамагчы агульнага страшнага і дзікага ворага, каб збудаваць пасля незалежныя дзяржавы са сваімі багатымі культурамі.

– Якія ў цябе планы і мары на будучыню?

– Я і раней не будаваў нейкіх планаў. Ірацыянальны духоўны агонь унутры вядзе мяне наперад, я не думаю, што будзе заўтра. Як сказана ў Евангеліі, не турбуйцеся, што будзеце есці, што будзеце піць, ува што будзеце адзетыя, шукайце Царства Божага і праўды яго, а астатняе будзе вам дадзена. І тым больш я не будую планаў цяпер, калі мой Ачакаў пад абстрэламі.

Антон Навумчык, budzma.org,
фота з архіва Багдана Казлоўскага