14-15.10: Фестываль PRADMOVA едзе ў Вільню: будзе шмат нон-фікшна, філасофіі і паэзіі

Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адбудзецца 14-15 кастрычніка. Арганізатары абяцаюць насычаную праграму, у якой кожны зможа знайсці нешта цікавае для сябе.

Афіша фестываля Pradmova

Наведвальнікаў чакаюць прэзентацыі выдавецтваў: «Вільма» прадставіць «Шэпт» Сяргея Лескеця і «Цела мігдалу» Ганны Шакель, пражскае выдавецтва «Вясна» – пераклад кнігі Антанаса Шкемы «Белы саван» і пераклад эсэ Генрыха Кіршбаўма «Беларускі брыкалаж» пры ўдзеле аўтара, Яраславы Ананкі і Сяргея Шупы.

Таксама запланаваны сустрэчы з пісьменніцай і перакладчыцай Вольгай Гапеевай, пісьменнікам Сяргеем Календам, з паэтам і празаікам Алегам Мінкіным.

«Мерапрыемствы ў Вільнюсе – сапраўднае свята для тых, хто любіць нон-фікшн і навукова-папулярную літаратуру. Гэта размова з публіцыстам Дзянісам Марціновічам, аўтарам біяграфіі кіраўніка БССР Мікалая Слюнькова, прэзентацыя кнігі пра гісторыю беларускага савецкага кіно, прэзентацыя новага нумара часопіса «Топас» да 100-годдзя Карнэліюса Кастарыядыса, сустрэча са стваральнікамі кніжнай серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» – праекта пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі», – адзначаюць арганізатары феста.

Апроч гэтага можна будзе паслухаць філасофію лекцыі Івана Новіка пра этнафіласофію і дыскурсіўны аналіз Фуко, падчас якіх ён прадставіць свае кнігі.

Ілюстрацыя Ганны Бучко з конкурсу АrtPradmova

«Беларуска-літоўскі дыялог – вось што яшчэ чакае вас на пляцоўках PRADMOVA. Мы пабудуем яго ў выглядзе дыскусіі пра спрэчныя пытанні беларуска-літоўскіх адносін, прэзентацыі двухмоўнай паэтычнай анталогіі з удзелам Маруса Бурокаса і Марыі Мартысевіч і прэзентацыі двухмоўнага зборніка паэзіі Андрэя Хадановіча з удзелам перакладчыкаў Альвідаса Шляпікаса, Уладаса Бразюнаса, Вітаса Дзякшніса, Маруса Бурокаса.

Дарэчы, паэзіі ў Вільнюсе будзе шмат: гэта і прэзентацыя кнігі «Побач» Насты Кудасавай, і сустрэча з заснавальнікам паэтычнай серыі выдавецтва «hochroth Minsk» Дзмітрыем Строцавым, і ажно дзве Ночы паэзіі з удзелам Сямёна Ханіна, Ігара Коцюха, Кятлін Калдмаа, Дзмітрыя Строцава, Андрэя Бастунца, Сабіны Брыло, Паўла Горбача, Марыі Мартысевіч, Дар’і Роскач, Ганны Шакель»

Таксама на фестывалі абудзецца дыскусія пра аўдыякнігі з удзелам выдаўца Яраслава Іванюка і пісьменніка, майстра агучкі Змітра Бартосіка, а таксама прэзентацыя першай анталогіі беларускага гей-пісьменства «Мальцы выходзяць з-пад кантролю», пра якую раскажа пісьменнік і перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі.

Фестываль пройдзе ў віленскім бары «Павільёнас» (Pylimo g., 21).

Праграма фестывалю ў Вільні

budzma.org