Нядаўна Святлана Ціханоўская і яе намеснік сустрэліся са шведскай камісіяй па абароне. На сустрэчы, якая адбылася ў Вільні, Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі абмеркавалі са шведскім бокам шэраг вельмі важных актуальных пытанняў.
Пра гэтую сустрэчу распавядае нашаму карэспандэнту Уладу Грынеўскаму намеснік старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінета, адказны за міжнародныя справы Валер Кавалеўскі.
РР: Вы абмеркавалі цэлы шэраг пытанняў, але якія б найважнейшыя з іх вылучылі б вы? Быў і пашпарт, і бяспека ў рэгіёне, з чаго варта пачаць і можна выдзеліць як самае актуальнае для нас?
Валер Кавалеўскі: Вельмі важна для нас у рэшце рэшт прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да таго, што Расея робіць супраць Беларусі. Мы тут гаворым і пра паступовае падпарадкаванне Беларусі расейскім інтарэсам. Тое, што Расея ўсё больш выкарыстоўвае нашу краіну ў сваіх планах супраць нашых еўрапейскіх суседзяў.
Мы таксама гаворым і пра тое, як актыўна вядзецца атака на нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў, пры гэтым робіцца рукамі рэжыму Лукашэнкі, які гатовы фактычна ўсё аддаць, толькі каб заставацца ва ўладзе, у тым ліку і знішчыць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў. Дакладней сказаць, у межах Беларусі. Яе немагчыма знішчыць, нашу нацыянальную ідэнтычнасць, але тым не менш можна зрабіць ёй вельмі вялікую шкоду. І ў гэтым сэнсе Расея адыгрывае на сёння цэнтральную ролю як тая сіла, якая гатовая разбураць нашу дзяржаву і нашу нацыянальную ідэнтычнасць. І менавіта на гэта рабіўся самы галоўны акцэнт.
РР: Мы звычайна гаворым, хто ўздымае беларускія тэмы – гэта Польшча, Літва, паколькі суседнія краіны з Беларуссю. Але заўсёды была і актыўная тут Швецыя, паколькі памятаем вельмі харызматычнага амбасадара Стэфана Эрыксана, які працаваў у Беларусі і заўсёды цікавіўся праблемамі і тэмамі Беларусі. Як сёння вы б ахарактарызавалі веданне беларускай сітуацыі ў самой Швецыі?
Валер Кавалеўскі: Скажу вельмі коратка, што ў Швецыі Беларусь лічаць сваім суседам. І гэта таксама вызначае ўзровень зацікаўленасці Швецыі да Беларусі. Гэты інтарэс і раней быў досыць падвышаны, а на сёння ён працягвае расці, і мы будзем працаваць над тым, каб гэтая зацікаўленасць і ўвага да Беларусі таксама канвертавалася ў практычныя дзеянні.
У гэтым сэнсе для нас можа быць вельмі карысным тое, каб Швецыя падтрымала наша права на еўрапейскі выбар. І тут мы гаворым пра тое, што еўрапейскі выбар, далучэнне да еўрапейскага звязу для Беларусі – гэта не проста далучэнне да паспяховага эканамічнага сацыяльнага Еўразвязу, але мы гаворым найперш пра бяспеку для нашай дзяржаўнасці. У Еўрапейскім звязе мы зможам забяспечыць, што Беларусь будзе незалежнай, яна будзе суверэннай, і наша нацыянальная ідэнтычнасць зможа развівацца, як мы гэта самі хочам.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле: