Валянціна Аксак: эміграцыя – гэта боль выгнання

Паэтэса Валянціна Аксак прэзентавала ў беластоцкім хабе «Новая зямля» зборнік вершаў «Уцёкі з Палесся». У ім сабраныя творы, напісаныя ёю за апошнія два гады.

«Бомбы з леташняй вясны пераляцелі ў сёлетнюю восень»– так адразу акрэсліла свае самыя свежыя перажыванні паэтэса, маючы на ўвазе мінулагодні пачатак вайны ва Украіне і кастрычніцкі напад тэрарыстаў у Ізраілі. Спадарыня Валянціна прапанавала ўшанаваць хвілінай маўчання ахвяр лукашэнкаўскага рэжыму ў Беларусі, палеглых за незалежнасць Украіны, а таксама забітых у Святой Зямлі.

«Субота. Не шавеліцца сшэрхлае неба,
Сціжмы шэрых варонаў анямелі ля сметніц,
Шэрагі абымшэлых камлёў
Канваірамі сталі ўздоўж сцежак раз’езджаных.

Цішыня тут урэшце. Шабат.
Амярцвелі аўтаматныя чэргі,
Скруцянелі жэралы танкаў,
Бомбы закаціліся ў багну.

Так падумала шчасна,
Паглядзеўшы ў вакно.
Забылася, што прачнуўшыся хвілю таму
Шчэ з вушэй не дастала бярушаў».

Гэты верш Шабат», які напачатку літаратурнага спаткання прачытала аўтарка, натуральна, ёсць творам, напісаным Валянцінай Аксак у эміграцыі. Гэтая эміграцыя цягнецца ўжо два гады і ўсе вершы з новага зборніка з’явіліся па-за межамі радзімы.

— Аб чым гэтыя вершы?

— Вершы гэтыя перш за ўсё пра боль выгнання з Радзімы, боль змушанай блуканкі па свеце. Гэта не толькі мой асабісты боль. Гэта боль тысячаў і сотняў тысяч беларусаў, якія выгнаныя фактычна з роднага кутка і змушаныя проста на голым месцы ў новым свеце пачынаць сваё жыццё. Вельмі часта гэта абрынаецца трагедыямі асабістымі, не ўсе вытрымліваюць гэту новую для іх рэальнасць. На вялікі жаль, гэты боль стаў, як гэта не парадаксальна, нейкім творчым імпульсам. Ну, не тое, што імпульсам. Калі гэты боль нахлынае, яму нейкае выйсце патрабуецца, іначай можна звар’яцець.

— Тым не менш, у зборніку прысутнічаюць творы пра каханне. Як і боль, і каханне спалучаюцца?

— Каханне гэта ж такое ўніверсальнае пачуццё. Яно бывае і на вайне, і ў палоне, і нават у канцэнтрацыйных лагерах. Яно абрынаецца на чалавека незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца, абставіны тут не пры чым. Добра, калі ў камфортных абставінах каханне, але нікуды ад яго не падзецца, калі яно і ў трагічных сітуацыях узнікае. А ў прынцыпе, вельмі добра, што яно ўзнікае нават у гэтай дарозе, якая доўжыцца для мяне ўжо трэці год. І гэта таксама адзін з паратункаў, магчымасць адчуць чалавечую цеплыню побач і гэты боль паменшыць, дзякуючы таму, што побач нехта той, хто твой боль разумее і імкнецца яго нейкім чынам паменшыць.

— Паколькі вы напачатку сустрэчы прасілі аб хвіліне маўчання, вас вельмі ўразілі апошнія падзеі – Украіна, Ізраіль?

— Вельмі. Гэта ўсё вельмі ўразіла. Здавалася, што мы першае пакаленне, якое пражыве ўсё сваё жыццё, не зведаўшы непасрэдна вайны. Так, і на наш час выпалі войны, але яны былі недзе далёка, яны не так моцна адгукаліся ў нашых сэрцах. Ну калі паляцелі бомбы 24 лютага 2022 года на Кіеў, над усёй Украінай, гэта настолькі агаломшыла, што проста ў першы час немагчыма было паверыць, што гэта рэальнасць, што гэта не кіно, што гэта не сон дурны, не нейкія галюцынацыі, што пад гэтымі бомбамі цяпер апынуліся мільёны нашых паўднёвых суседзяў.

Ну а калі тэрарысты напалі на Святую Зямлю… Да гэтага часу, вось ужо тыдзень мінуў, немагчыма зразумець, як магло такое здарыцца. Ізраіль, які лічыўся такім абароненым ад усялякіх нападаў, які меў найлепшую ў свеце выведку, і раптам такое. І тады адчуваеш, наколькі ўсё крохка, і можа здарыцца вось тут і цяпер, што свет стаў такі як тонкі лёд. Ты ступаеш крок і не ведаеш, ці ты правалішся пад лёд, ці ты пройдзеш па гэтай рацэ».

Новая кніга вершаў Валянціны Аксак пабачыла свет, дзякуючы беластоцкаму выдавецтву kamunikat.org. У выданні каля сотні яе твораў. Набыць кнігу можна выключна па-за межамі Беларусі праз выдавецтва і яго сайт.

radiounet.fm