Запрацавала служба «Адно акно» — для сацыяльнай падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій

Аб’яднаны пераходны кабінет запусціў службу «Адно акно» для падтрымкі пацярпелых ад рэпрэсій. Пакуль у тэставым рэжыме.

Стварэнне службы «Адно акно», што дапамагае пацярпелым ад рэпрэсій, было ініцыявана Прадстаўніцтвам па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета.

На платформе будзе збірацца і рэгулярна абнаўляцца інфармацыя пра магчымыя варыянты дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Пакуль праект працуе ў тэставай версіі. Карыстальнікам з Беларусі рэкамендуецца звяртацца па дапамогу праз VPN — з мэтай бяспекі.

Дапамогу можна атрымаць на сайце службы праз званок, чат, электронную пошту ці ліст. Таксама можна звярнуцца па падтрымку праз Instagram, Facebook, Telegram і Viber. Гэта бясплатна і канфідэнцыяльна.

У інфармацыйнай базе службы 245 арганізацый, якія аказваюць дапамогу беларусам або адказваюць за вырашэнне многіх сацыяльных пытанняў. Сярод іх — дзяржарганізацыі ў Беларусі, беларускія няўрадавыя арганізацыі ў выгнанні і ініцыятывы ў іншых краінах.

Адкрыццё службы «Адно акно» пракаментавала прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова:

«Да многіх з нас людзі звяртаюцца па дапамогу: у некага затрымалі блізкага чалавека — і ён шукае адваката, дапамогу з перадачамі. Камусьці патрэбна дапамога, каб прыняць рашэнне аб эвакуацыі, хтосьці адбыў несправядлівае пакаранне, хтосьці пакутуе ад хатняга гвалту, хтосьці ў стрэсе закрываецца і пачынае ўжываць алкаголь, камусьці не налічваюць пенсію ці патрэбна медыцынская рэабілітацыя.

Мы можам аб’ядноўвацца і дапамагаць адно аднаму, гэта паказаў наш летні анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё роўна!».

Служба «Адно акно» — наступны крок у гісторыі нашай узаемападтрымкі. Веру, што мы можам супрацьстаяць спробам аўтарытарнага рэжыму настроіць нас адно супраць аднаго».

novychas.online