У Беластоку ў межах фестываля “Бардаўская восень” паказалі спектакль “Святло ў цемры” рэжысёра Андрэя Саўчанкі. Пастаноўка была прымеркавана да “Ночы паэтаў” і распавядае пра лёсы, вершы і думкі забітых у 30-я гады мінулага стагоддзя беларускіх літаратараў.
Увечары перад “Ноччу паэтаў” на сцэне Беластоцкага тэатра лялек распачаўся спектакль “Святло ў цемры”. Пастаноўка новая, але ў сталіцы Падляшша яе паспелі паказаць пяць разоў, і першы раз гэта адбылося падчас мясцовага тэатральнага фестывалю Kierunek Wschód 15 кастрычніка. Тэма спектакля заўсёды актуальная, але, натуральна, што асаблівае гучанне яна набывае напрыканцы кастрычніка, як чарговы напамін аб жахах сталінскага рэжыму, аб мільёнах забітых савецкай уладай і аб вынішчэнні ў 30-я гады ХХ стагоддзя беларускай інтэлегенцыі. Нагадаю, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ад рук НКУСаўцаў загінула каля 130 прадстаўнікоў беларускай творчай эліты.
Спектакль пагружае гледача ў цемру, дзе граюць акторы, апранутыя ў белыя кашулі і чорныя сподні. Пастаноўка, як бы пачынаецца з фінала, то бок з моманту, калі паэты аказваюцца забітымі, а потым ідзе аповед пра іх жаданні, памкненні, вершы. Пэўна, менавіта ў гэтым заключаецца асноўная думка спектакля – паказаць, што нават расстраляныя літаратары з’яўляюцца для нас, нашчадкаў, якія таксама засталі змрочныя часы для Беларусі, запатрабаванымі і сваім жыццём, і сваёй творчасцю.
Пра тое, як ствараўся спектакль, актораў і такую важную для беларусаў тэму расказаў radiounet.fm рэжысёр Андрэй Саўчанка.
— Гэты спектакль “Святло ў цемры” вы прэзентавал не так даўно. Гэта быў вынік працы тэатральнай рэзідэнцыі?
Так, задумваўся ён раней, у мінулым годзе яшчэ ішла пра гэта гаворка. А рэзідэнцыя Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага дала магчымасць нам зрабіць гэта ў адным месцы. Мы сабралі актораў, сабралі пастановачную каманду і атрымалі партнёрскае запрашэнне ад фонда “Тутака”, які нас прыняў у Беластоку, арганізаваў нам рэпетыцыйныя прасторы і мы стваралі гэты спектакль разам.
— Хто выконвае ролі?
Безумоўна, родам усе акторы з Беларусі. Гэта група “Тутэйшага тэатра”, імёнаў назваць не магу з прычын бяспекі.
— Ідэя спектакла ўзнікла з самага пачатку ці падчас рэпетыцый?
Для мяне асабіста быў такі выклік дадатковы, таму што ў мінулым годзе мы рабілі ўжо працу з “Купалаўцамі”, якая назывался 37-22. Таму зноў заходзіць у гэтую тэму было няпроста. Па-першае, у мяне было адчуванне пасля першай працы, што мне не хапае – хачу паглыбляцца далей, ісці далей, разумець, вывучаць, даследаваць. І зараз мы абралі такі спосаб лабараторны, калі ў нас не было сцэнара, мы пачыналі з заданняў такіх рэжысёрскіх педагагічных, якія рабілі ўсе разам і я ў тым ліку. Далей гэтыя заданні пераўтвараліся ў пробы, пробы мы абмяркоўвалі, абіралі тое, што нам падавалася годным і каштоўным, і ўжо саму канцэпцыю прапаноўваў я акторам падчас рэпетыцый. Гэтая лабараторыя дазваляла глядзець у розных пластах і па-рознаму працаваць з матэрыялам.
— То бок гэта тэма адпачатку была абрана вамі, і вы мадэлявалі яе, канструявалі падчас рэпетыцый?
Канешне, канешне, мы абралі гэту тэму, дамовіліся на яе і пайшлі.
— А чым для Вас гэта тэма важная?
Для мяне вельмі востра стаіць пытанне дэвіктымізацыі, я б так яго назваў. Я сам сябе адчуваю ахвярай абставін, лёсу і ўсяго чаго заўгодна. І мяркую, што ў нас нацыянальная такая ёсць траўма – мы ахвяры. І гістарычна гэта праўда, але ўспрымаючы сябе ахвярай, мне абсалютна гэта перашкаджае жыць, рухацца далей. І мне вельмі хацелася б, звярнуўшыся да паэтаў, паглядзець… Так, яны прайшлі гэтыя трагічныя падзеі, безумоўна, але мне хочацца ўспрымаць іх не толькі як ахвяр, я хачу глядзець на іх як на паэтаў, як на жывых людзей. І ў гэтым была наша мэта. Мы пачынаем з фінала, з іх канца, можна сказаць, з цемры, а далей прабіваемся і ідзем да святла, вяртаемся ў іх жыццё. І ўжо глядзім на іх без гэтай маскі ахвяр”.
Больш падрабязна слухайце ў плэеры ніжэй: