01.11: У Варшаве адбудзецца традыцыйнае шэсце на Дзяды

1 лістапада ў Варшаве адбудзецца традыцыйны мітынг і шэсце на Дзяды. Падчас мерапрыемства выступяць прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка і Аліна Коўшык, а таксама чальцы іншых беларускіх і польскіх арганізацый і ініцыятыў.

„Кропка збору – плошча Юзэфа Пілсудскага – абраная невыпадкова”, – зазначыў суарганізатар падзеі, кіраўнік Фундацыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Яўген Дудкін:

 Там знаходзіцца крыж Папы Рымскага Яна Паўла II, які быў першым Папам славянінам, які прамаўляў „Не бойцеся”. Фактычна гэта адзін з тых людзей, які быў падтрымліваў „Салідарнасць” у камуністычныя часы. Для нас гэты лозунг „Не бойцеся” вельмі важны, каб перамагчы гэтую таталітарную ідэалагічную сістэму, якая ёсць у Беларусі. Тым больш на гэтай плошчы знаходзіцца Вечны агонь жаўнераў Войска польскага. Там ёсць табліцы, дзе пазначаныя перамогі не толькі Войска польскага, але і з войскамі ВКЛ.

Пачатак мерапрыемства ў 14:00.

racyja.com