«Любая таталітарная ўлада вынішчае спачатку людзей ідэі»

Фота: https://nochpaetau.com/

У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў 1937 годзе ў падвалах мінскай турмы савецкая ўлада расстраляла больш як 130 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, сярод якіх былі выбітныя беларускія пісьменнікі і паэты. У гісторыю гэтая дата ўвайшла як чорная ноч беларускай літаратуры.

Памятныя імпрэзы беларусы сёлета ладзілі па ўсім свеце. Да падзей далучаліся вядомыя пісьменнікі і паэты, акцёры і рэжысёры, музычныя выканаўцы і калектывы. Radiounet.fm паразмаўлялі з імі пра трагічную паралель 1937-2020, а таксама паслухалі песні з выдання «(Не)расстраляныя».

Алесь Дзянісаў, музыка лідар гурта Dzieciuki пра расстраляных беларускіх аўтараў:

— Гэтыя людзі давалі ідэі, давалі прыклад, выдавалі творчасць. Любая таталітарная ўлада вынішчае спачатку людзей ідэі. І калі гэта адбываецца — нямы тых, хто гэтыя ідэі будзе падаваць. А ёсць тое, што адбываецца сёння на Беларусі. Усё знішчана, усё зачышчана, і ідэі ствараюць толькі ўлады. Гэта і ёсць кантроль над усім. Людзі, на жаль, да канца яшчэ не зразумелі, што адбылося ў 2020 годзе. Сёння паўстае таталітарная дзяржава, у якой будзе зачышчана і знішчана ўсё, што не ідзе крокамі афіцыйнай ідэалогіі. Людзям даюць тэрміны па 18, 20 гадоў. Ніхто не страляе, але фактычна гэта смерць за кратамі.

Беларускі бард і журналіст Зміцер Бартосік:

— Я нават дакладна не магу сказаць, калі я даведаўся пра гэтую дату. У савецкай школе гэтай тэмы не існавала. Было пару абзацаў у падручніках гісторыі СССР пра «розвенчание мифа» культа асобы і пра нейкія «перегибы», якія былі дапушчаны ў канцы 30-х гадоў. Усё! Пра маштабы і блізка нічога не было. У 90-ыя гэтая інфармацыя звалілася на нас, але мне падаецца, што сапраўдная эмпатыя да гэтай падзеі ўзнікла ў 2020 годзе ў тых жа Курапатах. Калі некалькі тысяч людзей прайшлі праз свой асабісты боль і гэты боль іх паяднаў з тымі, хто там, у Курапацкім лесе, ляжыць. Вось што адбылося ў 2020 годзе, усе адчулі гэтую эмпатыю. Не кніжную, а сапраўдную — праз свой страх, праз свой быль была пракладзена гэтая энергетычная повязь.

Паслухаць эфір цалкам можна тут:

radiounet.fm