Росы (Rasų kapinės, Cmentarz Na Rossie) — цяпер помнік гісторыі ў Вільні. Гэтыя могілкі важныя і для беларусаў — тут перапахаваны прах Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў, тут знайшлі свой спачын Уладзіслаў Сыракомля, Ядвігін Ш., Казімір Сваяк і іншыя выбітныя дзеячы беларушчыны.
1 лістапада каталіцкая традыцыя адзначае Дзень усіх святых, а ўвечары ўжо рыхтуемся сустракаць Дзядоў. Увогуле ў Касцёле прынята ўзгадваць памерлых вернікаў цягам усяго тыдня з 1 па 8 лістапада — так званай «актавы».
Хоць традыцыя маліцца за памерлых 2 лістапада — каталіцкая, але гэты дзень з’яўляецца днём памінання памерлых для ўсіх беларусаў, ён вядомы нам яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Дарэчы, на пачатку 90-х гадоў ён быў у Беларусі афіцыйным выходным, як гэта і ёсць цяпер у Літве – выходныя 1 і 2 лістапада, у Польшчы адзін выходны – 1 лістапада.
У праваслаўных беларусаў таксама ёсць восеньскія Дзяды на пачатку лістапада, Змітраўскія, у першую суботу — перад Днём святога Змітра, які адзначаецца 8 лістапада.
Улічваючы немагчымасць для многіх беларусаў наведаць зараз могілкі на Радзіме, шмат хто накіраваўся ўвечары 1 лістапада менавіта на Росы.
Вядомыя беларусы, якія знайшлі апошні прыстанак на Росах:
Францішак Аляхновіч (1883–1944), драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст (сімвалічная магіла);
Аляксандар Аскерка (1830–1911), грамадскі дзеяч, публіцыст, выдавец; у час паўстання 1863–1864 гадоў — начальнік Вільні;
Адам Вайткевіч (1796–1869), біскуп Менскай архідыяцэзіі;
Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869–1940), галоўны ўрадавы архітэктар БНР;
Фадзей Дмахоўскі (1858–1930), беларускі мастак, выкладчык у Віленскім універсітэце;
Кастусь Каліноўскі (1838–1864), лідар беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, нацыянальны герой Беларусі;
Іяхім Лялевель (1786–1861), гісторык, прафесар Віленскага ўніверсітэта, удзельнік паўстання 1831 года;
Антон Луцкевіч (1894–1942), гісторык, публіцыст, міністр замежных спраў БНР (сімвалічная магіла);
Іван Луцкевіч (1881–1919), гісторык, археолаг, пачынальнік беларускага нацыянальнага руху (сімвалічная магіла);
Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) (1869–1922), беларускі празаік, драматург і публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы;
Яўстах Тышкевіч (1814–1873), археолаг, гісторык, этнограф;
Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) (1890–1926), паэт, рэлігійны дзеяч;
Зыгмунт Серакоўскі (1826–1863), адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў;
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі (псеўданім Стары Улас) (1865–1939), паэт, празаік, збіральнік беларускага фальклору;
Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) (1823–1862), паэт, перакладчык.