Надзеі Артымовіч ішоў 77 год. Дзве касы, як казаў яе калега Віктар Швед, якія могуць скасіць ніву спелага жыцця… Паэтка памерла 3 кастрычніка. Пахавалі Яе з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Нарадзілася яна 18 лютага 1946 г. у вёсцы Аўгустова на Бельшчыне, дзе яе бацькі, патомныя бяльшчане, якраз гасцявалі, заспетыя лютаўскай завірухай. І хаця Надзею лёс кідаў па розных мясцінах, вярнулася ў сваю айчыну, для якой спявае вечную песню. У Бельску прайшло яе дзяцінства, тут хадзіла ў беларускую пачатковую школу і Беларускі агульнаадукацыйны ліцэй імя Б. Тарашкевіча. У 1965-1967 гг. студыявала русістыку ў Настаўніцкай студыі і ў Беластоку, а пазней – беларускую філалогію ў Варшаўскім універсітэце, які закончыла ў 1972 г. Жыла ў Варшаве.
Паэтычны дэбют Надзеі Артымовіч адбыўся ў роднай «Ніве» ў красавіку 1970 г. на „Літаратурнай старонцы” („Ой, ляцелі гусі”). Пісала б ціхая і засяроджаная ў сабе Надзея свае занатоўкі на лістах паперы, не паказваючы чытачу, калі б не Юрка Туронак, які яе вершы даслаў у «Ніву». Але на працягу шасці гадоў (1970-1975) было надрукавана ў „Ніве” ўсяго 13 прапанаваных паэтэсай вершаў. Але Георгій Валкавыцкі і «Белавежа» адразу пасля дэбюту запрасілі яе да сябе, на славутыя семінары.
Я там, на семінары як пятнаццацігадовая вучаніца, таксама пасля дэбюту ў «Белавежы», прыехаўшы ў Беласток на сустрэчу, убачыла першы раз, разам з Сакратам, Янам, Георгіем, Юркам, Віктарам… Гэта была марозная сапраўдная зіма 1973/1974 года. Усе белавежцы былі яшчэ маладыя, недзе трыццаціпаругадовыя, крышку старэйшыя за маю маму, з якой я прыехала (найстрэйшы быў Георгій). За сталом паміж Алесем і Віктарам сядзела яна – дваццаціпаругадовая хрупкая дзяўчына з пушыстымі цёмна-бландзіністымі валасамі, з выразнымі, цікавымі рысамі твару, засяроджаная і маўклівая. Здаецца, былі мы адзінымі дзяўчатамі ў той гаваркой, дынамічнай, нават момантамі імпэтнай, таленавітай групе дзядзькоў, якія ўжо прагаварылі сваім голасам на беларускай ніве. Памятаю, як Крацё Яновіч тады сказаў пра нас «аратыя», што пачула я «гаратыя» і зразумела, што пісанне гэта «гараванне». Значыць, пішаш бо трэба, і выварочваеш гэту глебу слоў роднай старонкі, і арэш, і сееш… Але ў іх – калег Надзеі – быў такі энтузіязм, і нейкая харызма – паглядзіце на ўзнёсла-дынамічнага Алеся, на чорнага наёжанага Сакрата, на ўзнёсла-нябеснага Яна, на васількова-марскога Віктара… Я глядзела на іх і слухала, і глядзела ў сумныя і быццам непрысутныя вочы дзявочай Надзеі. І пасля шукала яе слоў у роднай «Ніве», штомесяц на літаратурнай старонцы, дзе і паяўляліся зрэдчасу і мае вершы і кароценькая проза, пад цёплым і строгім вокам Георгія і Сакрата. І Надзіных слоў было няшмат, да 1976 года, які прынёс актывізацыю яе творчых сіл. І паявіліся яе кнігі. Як у белавежцаў – тоненькія, пад падвойным разглядам – цэнзуры і міністэрства ўнутраных спраў, якое «апекавала» польскія нацыянальныя меншасці. Заглядала яно ў найглыбейшыя інтымныя чалавечыя месцы, і чытала беларускія вершыкі, вырашаючы, ці яны могуць ісці ў народ і ці не разварушаць у ім штосьці проціў усё ж аднанацыянальнай дзяржавы. Слова роднае – ты небяспечнае! Ты наводзіш думы і сэрцы, дадаеш адвагі і нават адчаю. Калі нават толькі (?) кажаш пра найглыбейшую айчыну ў сэрцы. Калі нават маўчыць паэт – растуць у ім словы, брыняюць сказы і адпаведнікі сказаў. Застылыя на гарачых вуснах. Заcтраглыя ў пякучым засмяглым горле.
Самы цяжкі шлях – працаваць у літаратуры, – не першы раз адзначала старшыня журы Агульнапольскага конкурсу беларускай паэзіі і прозы «Дэбют» Надзея Артымовіч, казаўшы да ўдзельнікаў рознага ўзросту, якія прабуюць сваіх сіл у пяры, бывае, што ад 26 гадоў. – Я паўтаруся. Гэта значыць настойлівая самастойная праца, быццё ў культуры, і чытанне, чытанне, чытанне! Гэта паўтараю як мантру: чытаць! І думаць. Конкурс дае сканцэнтраваць свае сілы, дае магчымасць канфрантацыі. Сам друк твораў у „Ніве” з’яўляецца вялікай узнагародай, набілітацыяй. Чакае вас праца, чытанне, праца над сваім беларускім словам. Бесперапынная, настойлівая, бывае што і пакутная праца. Беларуская лексіка, беларускае слова гэта крыніца. Чытайце. Беларускую літаратуру, тыднёвік «Ніва», слухайце Радыё «Рацыя» і беларускія праграмы ў Радыё Беласток. Слухайце тых, што добра гавораць па-беларуску. Жывое слова. Іншай дарогі няма, як дайсці да беларускага слова. У «Ніве» будуць надрукаваны ўсе вашы тэксты. Я на працягу працы пры конкурсе бачу эвалюцыю ў добрым напрамку. Вядома, мусіць гэта мець падпор таленту. Друк твораў у „Ніве” гэта вялікая ўзнагарода і набілітацыя. Я памятаю свой дэбют у „Ніве” ў 1970 годзе, пасля якога я проста лунала над Варшавай.
Пісала Надзея «вершы ў сабе». Не патрабавала яна рэкламы сваёй асобы і сваіх твораў. Хто скажа, што мо не намагалася ўвагі і чытача. Але яе вершы чытаюцца, прабуюцца разгадаць, інтэрпрэтаваць. А гэта не так і проста, як няпроста растлумачыць Надзею. І яе вершы спяваюць пра Бельск, пра яго месца і дух. Як ні глядзі, як ні прабуй чытаць, яны ўжо ўвайшлі ў нашу культуру, удзельнічаюць у яе дыялогах, у нашай падсвядомасці і надсвядомасці.
Яўген Мірановіч: Надзея ніколі не падпарадкоўвалася ўплывам ні палітычнай, ні ідэалагічнай, ні культурнай кан’юнктуры. У яе творчай спадчыне няма вершаў пісаных дзеля чагосьці. Ёсць у паэзіі Надзі Артымовіч нейкі універсалізм, які кранае чалавечую экзістэнцыю.
Задавала Надзея пытанні, на якія, здаецца, ці знойдзеш адказ.
Алесь Разанаў: Творчасць Надзеі Артымовіч убераглася ад інерцыі, уласцівай айчыннаму вершаскладанню; яна піша вершы не таму, што ўмее пісаць, а таму, што, па сутнасці, яны ўжо напісаны, і напісаны самой сутнасцю: яна дае ім выявіцца, вымавіцца, вымалявацца, вытлумачыцца, зрабіцца прысутнымі, і калі гэта здараецца, то ў Бельску іграе старая музыка, а ў свеце дзейсніцца свята, у якое прысвячаемся і мы.
Арнольд МакМілін: Артымовіч вельмі музыкальная, поўная творчай фантазіі паэтка; яе паэзія, несумненна, узбагачае сучасную беларускую літаратуру, хаця цяперашнім часам некаторыя чытачы ў метраполіі Беларусь магчыма думаюць, што гэта ў іх ёсць больш аб’ектыўных прычынаў для дэпрэсіі і жалю да сябе, чым у грамадзянкі сучаснай Польшчы. Як бы там ні было, але самашкадаванне – не тое паняцце, якое стасуецца з творчасцю Артымовіч: сум, трывога, песімізм, дзе нават светлыя мары маюць цёмную аснову, здаецца, з’яўляюцца адпрыроднай і неад’емнай часткай яе тонка сплеценай і глыбока кранальнай паэзіі.
Распляці Надзею. Разгадай яе…
Алег Кабзар, які заспяваў Надзею: – Яе паэзія „падобна кітайскім малюнкам на старой паперы, дзе вобраз размываецца і, нібы схаваны ў імгле, яго не відаць, але ведаеш, што ён ёсць…”.
Колькасць напісанага ніколі не была для Надзеі прыярытэтам. Важная – духоўная дакладнасць верша, дзе спляталася беларуская песенная лірыка, „белыя пейзажы” роднага Бельска, інтэлектуальная традыцыя верлібра польскай паэзіі ХХ стагоддзя.
Нячаста выходзілі яе паэтычныя кнігі. І таму важыла кожнае яе слова.
І бачу яе ўсё тую, маладзенькую, далікатную, будучую аўтарку тоненькіх, але важкіх кніг, хрупкую але ж моцную, ужо з сівымі але пышнымі валасамі, якая заўсёды, нават упаўшы, бачыла блакітнае неба.
Ёсць Надзея, ёсць Бельск, ёсць музыка. Ёсць беларускае слова. Не можа не быць Надзеі!
З любоўю – Міра.