15.11: «DOM» — персанальная выстава Аляксандра Кот-Зайцава ў Варшаве

У сераду, 15 лістапада, у 19:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве па адрасе Foksal, 11, адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы DOM беларускага фатографа Аляксандра Кот-Зайцава.

Дата: 15 лістапада — 5 снежня. Час працы: аў-пт 16-20, сб-нд 12-20 (час мясцовы). Панядзелак — выходны

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Варшава, Foksal 11.

Праект пачынаўся з фотаграфічнай кнігі пад назвай «DOM», выдадзенай у 2019 годзе — суб’ектыўнага фотадакумента, спробы зразумець і паказаць, як тая ці іншая прастора ўплывае на асобу з дасвядчэннем эміграцыі. У апошнія некалькі год тэма пошукаў унутранага пачуцця дому стала блізкая і актульная для шматлікіх беларусаў, якія страцілі ўласны дом, пакідаючы Беларусь, а таксама для тых, хто фізічна застаўся ў сваім доме, у сваёй краіне, але страціў пачуццё бяспекі, утульнасці і спакою — так важныя для ўнутранага пачуцця дому.

У 2022 годзе да праекту далучыўся беларускі кампазітар і музыка Аляксандр Ясінскі, які па матывах ужо існуючых фотапрац стварыў адмысловую гукаквую сцежку ў стылі эмбіент, адлюстроўваючы тэму праекту ў музыцы. Гук і вобразы ў сімбіозе пераносяць гледача/слухача з галерэйнай прасторы ў прастору метафарычнага дому. Карцінкі з памяці, гукі, пачуцці, сны, мары, спробы ўлавіць і візуалізаваць пачуццё, якое, незалежна ад навакольнай прасторы, дазваляе адчуваць сябе дома, пачуць штосьці, што застаецца з чалавекам і дапамагае яму далей разумець, хто ён, у што ён верыць, у якім моманце жыцця знаходзіцца і што бачыць наперадзе.

Нягледзячы на тое, што ў фотапраекце «DOM» аўтар не закранае палітычныя ці сацыяльныя тэмы наўпрост, ён набывае новую актуальнасьць тут і цяпер. Мы носім свой Дом у сабе, снім яго, адчуваем яго ў дробязях і імгненнях, дзе б мы ні знаходзіліся. Ён заўсёды з намі.

Спецыяльным госцем адкрыцця выставы стане гурт NAVIBAND з акустычным выступам.

Уваход вольны

racyja.com